Брэсцкі абласны суд: у заяве на любы пікет трэба ўказваць, ці будуць выкарыстоўвацца піратэхнічныя сродкі
Брэсцкі абласны суд 6 ліпеня не задаволіў касацыйную скаргу баранавіцкага актывіста прафсаюзнай суполкі РЭП Рыгора Грыка на рашэнне суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, які 21 траўня прызнаў неабгрунтаванымі яго скаргу на дзеянні гарадскіх уладаў па забароне першамайскага пікету. Судовае паседжанне вяла суддзя Усцімчук Н.С.
Прадстаўнік Рыгора Грыка ў судзе праваабаронца Уладзімір Малей даказваў, што прафсаюзны актывіст выканаў усе патрабаванні закона аб масавых мерапрыемствах: своечасова падаў заяву на пікет у гарвыканкам і асабістае абавязацельства самастойна прыбраць тэрыторыю пасля правядзення пікета, стварыў групу з 3-х чалавек для ажыццяўлення аховы грамадскага парадку падчас масавага мерапрыемства. Таксама заключыў дамову з гарадской паліклінікай па абслугоўванні першамайскай акцыі салідарнасці працоўных ў дазволеным гарвыканкамам месцы. Праваабаронца падкрэсліў, што прычына адмовы ў правядзенні першамайскага пікету заключаецца ў тым, што ў заяве не было сказана, ці будуць ва ўдзельнікаў пікета аўтамабілі і піратэхнічныя сродкі.
– Але які можа быць транспарт, калі пікет Рыгор Грык планаваў правесці ў старым парку горада, дзе ёсць толькі пешаходныя ходнікі для наведвальнікаў гэтага месца адпачынку? Я даводзіў суду, што артыкул 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” патрабуе, каб звесткі аб выкарыстанні піратэхнічных сродкаў і транспарту падаваліся ў заяве, калі арганізатары масавага мерапрыемства плануюць іх выкарыстоўваюць. А пра транспарт і піратэхнічныя сродкі Рыгор Грык нічога не пісаў у заяве, бо і не планаваў іх выкарыстоўваць, – пракаментаваў Уладзімір Малей.
У выніку Брэсцкі абласны суд падтрымаў рашэнне суда першай інстанцыі ў тым, што арганізатар масавага мерапрыемства ў любым выпадку абавязаны ўказваць у заяве, ці будзе ён выкарыстоўваць транспартныя і піратэхнічныя сродкі.
Рыгор Грык не згодны з такім рашэннем абласнога суду і мае намер накіраваць наглядную скаргу старшыні Брэсцкага абласнога суда.