БДІПЧ АБСЕ заявіла пра гатоўнасць да цеснай супрацы з “Праваабаронцамі за свабодныя выбары” (відэа)
16 чэрвеня каардынатары кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары” сустрэліся з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ, якія знаходзяцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Мінску.
Сустрэча Уладзіміра Лабковіча, сябра Рады ПЦ “Вясна”, і Алега Гулака, старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта, з кіраўніком Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Міхаэлем Георгам Лінкам і начальнікам Сакратарыята дырэктара БДІПЧ Жанам П. Фрэлі адбылася пасля сустрэчы прадстаўнікоў АБСЕ са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.
Уладзімір Лабковіч распавёў, што адной з ключавых тэмаў сустрэчы былі прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі ўвосень. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ заявілі пра гатоўнасць да цеснай супрацы з кампаніяй “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая традыцыйна ажыццяўляе незалежнае назіранне на нацыянальным узроўні.
Праваабаронца абазначыў асноўныя тэзы размовы з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ.
Нагадаем, папярэднія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі назіральнікі ад АБСЕ прызналі неадпаведнымі абавязацельствам у межах АБСЕ і міжнародным стандартам. У якасці адказу на крытыку аналітыкі разглядаюць рашэнне беларускіх уладаў аб закрыцці офіса АБСЕ ў Мінску, які афіцыйна спыніў сваю працу 31 сакавіка 2011 года.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” – гэта сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтра “Вясна“ і Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, якая ажыццяўляе незалежнае назіранне за выбарамі ў краіне з 2008 года.