Як псіхалагічна абараніцца ад міліцыянта?
Як псіхалагічна абараніцца ад міліцыянта? І не даць супрацоўнікам праваахоўных органаў абвінаваціць вас у тым, чаго вы не рабілі. Праваабаронцы "Вясны" і "Прававой ініцыятывы" правялі ў Магілёве карысны семінар.
Пачалося мерапрыемства з сітуатыўнай гульні. Праваабаронцы наглядна паказалі прысутным, як адбываецца апытанне ў адміністрацыйным працэсе. На працягу двух гадзін магілёўцы назіралі за магчымымі паводзінамі міліцыянта, які імкнецца абвінаваціць грамадзяніна ў здзяйсненні ім супрацьпраўных дзеянняў. Гульня выклікала зацікаўленасць і мноства пытанняў. Праваабаронцы пастараліся простай мовай растлумачыць дэталі і асаблівасці адміністрацыйнага працэсу.
- Міліцыянты часцяком задаюць дастаткова шмат пытанняў асабістага характару. Права не адказваць на іх замацавана ў артыкуле 27 Канстытуцыі РБ. Давайце супрацоўніку толькі тыя звесткі, што ёсць ў вашым пашпарце. Устрымаецеся ад расповедаў пра тое, дзе працуюць вашы сваякі, дзе вы навучаецеся і на якія грошы жывеце, - пазначыў праваабаронца Павел Левінаў.
Паводле яго запэўненняў, у працэсе размоваў з міліцыянтамі важна весці сябе ўпэўнена і кантраляваць сітуацыю. Стрэс - стрэсам, але трымацца трэба да канца.
- Сачыце за тым, каб у пратаколе было пазначана ўсё, што адбываецца ў кабінеце. Усе пытанні любога з удзельнікаў працэсу павінны быць зафіксаваныя на паперы. Лепш за ўсё, адразу настойваць на тым, каб вы самі сваёй рукой запаўнялі пратакол. І ў любым выпадку перад тым, як падпісаць яго - закрэсліце вольнае месца на паперы, інакш там ў далейшым можа з'явіцца нечаканая інфармацыя. Пранумяруйце лісты паперы, калі пратакол складаецца з некалькіх старонак. Затым у абавязковым парадку настойвайце на тым, каб вам зрабілі копію пратаколу. І толькі пасля пазначайце на паперы дату, а следам - подпіс, - завяршыў Павел Левінаў.
Пасля перад публікай выступіў Андрэй Палуда. Праваабаронца зацікавіў магілёўцаў расповедам пра тое, якія фактары выкарыстоўваюць органы пры зносінах з звычайнымі грамадзянамі, і як абараніць сябе ад маральных нападак супрацоўнікаў.
- Міліцыянтаў задавальняе прававая непісьменнасць насельніцтва. Па сутнасці яны могуць рабіць усё, што захочуць, а вы нават і ня здагадаецеся, што вамі маніпулююць. Таму вельмі важна ведаць свае правы і своечасова прымяніць веды на практыцы. Акрамя гэтага, супрацоўнікі органаў выкарыстоўваюць ваш страх перад імі. Тут неабходна своечасова сабрацца і зразумець, што ў міліцыянта ёсць канкрэтная задача: увесці вас у стан трывогі. Зрабіць так, каб вы адчулі безвыходнасць сітуацыі і падпісалі ўсе, што ім трэба, абы вас адпусцілі, - распавёў Андрэй Палуда
Праваабаронца патлумачыў, што міліцыянты наўмысна ствараюць адчуванне, што яны шмат чаго ведаюць аб вашым жыцці. Тут яны выкарыстоўваю вядомую інфармацыю, якую можна лёгка атрымаць з дапамогай сацыяльных сетках або пасля аналізу вашага знешняга выгляду. У такой сітуацыі, калі на вас ціснуць і імкнуцца да нечага схіліць - трэба выкарыстоўваць механізмы псіхалагічнай абароны
- Абстрагуйцеся ад міліцыянта. Падумайце пра штосьці штодзённае і банальнае. І паспрабуйце ў думках сысці ад агрэсара. Адпрэчвайце інфармацыю, якую вам даюць, не верце і трымаеце ў галаве, што хутка працэс апытання завершыцца. У рэдкіх выпадках можна разбавіць размову жартамі. Гэта дапаможа разрадзіць абстаноўку. Але не трэба захапляцца, таму як рэакцыя міліцыянта на ваш гумар можа быць рознай, - папярэдзіў Андрэй Палуда.
У якасці яшчэ адных механізмаў абароны праваабаронца прапанаваў выкарыстоўваць ўтойванне або ігнор.
- Вы можаце не даваць пра сабе наогул аніякай інфармацыі і не адказваць на пытанні міліцыянта, але гэтыя варыянты трэба выкарыстоўваць асцярожна. Вы павінны разумець, што супрацоўнікам не вельмі спадабаюцца такія паводзіны і за гэтым могуць рушыць ўслед нападкі, - запэўніў праваабаронца.
Таксама на семінары абмеркавалі, як сябе паводзіць на судзе пры разглядзе вашай справы. Аб гэтым з магілёўцамі пагутарыў Сяргей Усцінаў.
- Перш за ўсё ў зале суда вы павінны азнаёміцца з матэрыяламі справы, каб хоць неяк арыентавацца ў тым, што адбываецца. Абавязкова параўнайце пратакол, які маецца ў суда, з копіяй, што ёсць ў вас. Ужо на гэтым этапе вы здолееце павярнуць працэс у іншы накірунак, калі знойдзеце адрозненні паміж пратаколам і копіяй. Калі ж паперы супадаюць, вы мусіце пераходзіць да наступнага хадайніцтва. Настойвайце на тым, каб у залу былі дапушчаныя сведкі абароны. І ў любым выпадку, ведайце, што на супрацьпраўныя дзеянні суддзі вы можаце паскардзіцца старшыне суда, - завяршыў Сяргей Усцінаў.
Дзень семінара прайшоў вельмі хутка. Пакідаючы памяшканне, магілёўцы дзяліліся сваімі ўражаннямі.
- Не першы раз на семінары па адміністрацыйным працэсе і кожны раз пазнаю нешта новае і карыснае. Раней нічога не ведаў пра тое, як паводзіць сябе ўжо ў зале суда, сёння атрымаў па гэтай тэме важную інфармацыю. А хутка ўсё атрымалася, таму што трэнеры зацікавілі. Не нудзілі, а жыва ўсё расказвалі, з мноствам прыкладаў і жартамі. Гораду не хапае такіх мерапрыемстваў, - выказаўся 23-гадовы магілёвец Андрэй.