Алесь Бяляцкі: Па сабе ведаю, як салідарнасць дапамагае ў цяжкія дні (відэа)
У Беларускім Доме ў Варшаве 28 траўня адбылася прэзентацыя кнігі кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. «Халоднае крыло Радзімы» – менавіта гэтак называецца кніга, цалкам падрыхтаваная ў час знаходжання Алеся Бяляцкага за кратамі. Пры гэтым прэзентацыя сталася сімвалічнай акцыяй салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, якія ўсцяж застаюцца ў вязніцах.
Слова «палітвязень» трывала ўвайшло ў лексікон сучаснай Беларусі. На сёння ў турмах і на «хіміі» знаходзяцца прынамсі шасцёра чалавек, якіх беларуская і міжнародная супольнасць прызнала пацярпелымі за свае палітычныя перакананні. Пры гэтым цярпяць палітзняволеныя за кратамі і сёння. Літаральна напярэдадні з’явілася інфармацыя пра Міколу Дзядка, які парэзаў сабе рукі і жывот на знак пратэсту супраць катаванняў. Працягваецца ціск на экс-кандыдата на прэзідэнцтва Міколу Статкевіча. Трывожнае маўчанне захоўваецца вакол Ігара Аліневіча. Палітвязню Юрыю Рубцову напярэдадні Пружанскі раённы да цяперашняга пакарання абмежавання волі суд дадаў яшчэ два гады калоніі.
Алесь Бяляцкі – госць «Гарачага каментара» на тэлеканале "Белсат".