viasna on patreon

За два тыдні ў калоніі Мікалай Дзядок атрымаў чатыры спагнанні і двойчы патрапіў у ШІЗА

2015 2015-05-27T13:42:01+0300 2015-05-27T16:42:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzjadok1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Як паведаміла праваабаронцам “Вясны” жонка палітзняволенага Валерыя Хоціна, Мікалая Дзядка 12 мая перавялі ў новае месца адбыцця пакарання - у калонію  ПК-9 у Горках. А ўжо на другі дзень, 13 мая ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 сутак.  Літаральна праз дзень, 19 мая, яго зноў адправілі у адзіночку штрафнога ізалятара. З-за вельмі нізкай тэмпературы Дзядок вельмі пакутаваў усю ноч, прасіўся аб пераводзе ў іншае памяшканне.

Урэшце рэшт, каб звярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 мая Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медсанчастку. Пасля аказання першай медычнай дапамогі, Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканне ШІЗА, дзе ён і знаходзіўся да 26 мая. Па словах Валерыі Хоцінай, агулам Дзядок атрымаў за гэты непрацяглы час 4 спагнанні.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч паведаміў «Хартыі97», што «Гэты метад зняволеныя часта выкарыстоўваюць для прыцягнення ўвагі адміністрацыі або органаў пракурорскага нагляду да фактаў парушэння сваіх правоў. Тут мы маем справу з тыповым выпадкам парушэння правоў зняволенага. Гэта сведчыць, па-першае, аб тым, што на Мікалая Дзядка, як на палітвязня, ажыццяўляецца ціск - у кантэксце апошніх падзей, калі мы назіраем ўзмацненне ціску на ўсіх палітвязняў: і на Юрыя Рубцова, і на Мікалая Статкевіча, і на ўсіх астатніх. Па-другое, гэта сведчыць аб тым, што наша пенітэнцыярная сістэма не зжыла гэтых элементаў таталітарнага мінулага. Ўмовы ўтрымання ў ШІЗА практычна невыносныя для людзей».

Юрыст Павел Сапелка раней паведамляў, што Папраўчая калонія №9 у Горках прызначаная для зняволеных, якія раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўленне волі. Парадкі ў ПК №9 яскрава адлюстроўвае артыкул “Зняволеныя распавялі пра радыкальныя падыходы да выпраўлення ў ПК-9 у Горках”

Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства