viasna on patreon

Пяты год скалечаны на заводзе рабочы дабіваецца прызнання, што траўма была вытворчай

2015 2015-05-28T12:25:16+0300 2015-05-28T12:25:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/klimov-aleksandr.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Клімаў.

Аляксандр Клімаў.

Былы рабочы ААТ «Гомельскі хімзавод» Аляксандр Клімаў, скалечаны на родным прадпрыемстве, толькі праз чатыры гады здолеў даказаць, што атрымаў вытворчую траўму. Інвалід трэцяй групы падаваў заявы і скаргі ў розныя інстанцыі, чыноўнікі якіх адбіваліся ад былога рабочага як маглі. Хоць рабочы і пацярпеў на заводзе, у працоўны час, пры выкананні абавязкаў, але траўма яго лічылася невытворчай. Пасля 32 гадоў працы на хімзаводзе рабочага выкінулі адтуль інвалідам, нават не прапанаваўшы пасаду вахцёра або вартаўніка. Па злоснай іроніі лёсу звольнілі яго з працы на падставе таго, што па стане здароўя ён ужо не можа выконваць свае абавязкі.

Гісторыя пачалася ў траўні 2011 года. Апаратчык абпалу ААТ «Гомельскі хімзавод» Аляксандр Клімаў, знаходзячыся на працоўным месцы, зайшоў на эстакаду разгрузкі, адчуў пах серы, страціў прытомнасць і ўпаў з вышыні. Ён атрымаў шматлікія траўмы, пераломы рэбраў, разрыў ўлоннага сучлянення, траўматычны сімфізіт. Але на прадпрыемстве быў складзены акт аб невытворчай траўме. Наймальнік спаслаўся на медыцынскае заключэнне завадскога медпункта аб тым, што прычынай непрытомнасці стала «хваравіты стан», паколькі калісьці працоўны звяртаўся па кансультацыю ў кардыялагічны дыспансер з нагоды павышанага ціску. Тое заключэнне было падпісанае ў тым ліку і ўрачом-гінеколагам.

Разам з тым, упраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя ў адказах на звароты Аляксандра Клімава напісалі, што магчымыя прычыны страты прытомнасці работнікам падчас няшчаснага выпадку дакладнымі медыцынскімі дадзенымі не пацверджаныя і з'яўляюцца толькі меркаваннем галоўнага лекара, выказаныя ў меркаванай форме. Працоўны рэгулярна праходзіў медыцынскую камісію, атрымліваў допуск да працы, на ўліку ў кардыялагічным дыспансеры не стаяў, а эскулапы лячэбнага ўчастка хімзаводу спасылаюцца на гіпатэтычныя здагадкі.

Прайшоўшы этап «кругоў пекла» - мноства судовых разглядаў, толькі праз чатыры гады, 17 лютага 2014 года Аляксандр Клімаў атрымаў пастанову Гомельскага абласнога суда, які абавязаў Гомельскае ўпраўленне інспекцыі па працы скласці акт формы H-1, гэта значыць прызнаць траўму Аляксандра Клімава вытворчай.

Але і праз чатыры месяцы, на травень 2015 года, Гомельскае абласное ўпраўленне дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы адмаўляецца выконваць рашэнне суда. Акт аб вытворчай траўме да гэтага часу не складзены. А былы рабочы працягвае абіваць парогі, у першую чаргу – абласной інспекцыі па працы. Там, па словах Аляксандра Клімава, з ім і размаўляць не маюць асаблівай ахвоты. «Яны кажуць - акт мы не складзем, суд не прадставіў нам прычыну няшчаснага выпадку. Суд і не павінен ім нічога прадстаўляць! Гэта яны, інспекцыя па працы, павінны былі разабрацца, яшчэ чатыры гады таму. А цяпер стаяць гарой, абараняюць гонар мундзіра. Кажуць - мы гэта рашэнне ў Вярхоўным судзе абскардзім. На мяне глядзяць так, як быццам я патрабую немагчымага. Гэта проста здзек», - пракаментаваў Аляксандр Клімаў.

Інтарэсы былога рабочага, цяпер - інваліда, у судзе прадстаўляў прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка. Ён дапамагаў Аляксандру Клімаву на ўсіх этапах змагацца з дзяржаўнай чынавенскай машынай.

27 траўня Леанід Судаленка дапамог былому рабочаму скласці скаргу дырэктару Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і ў Міністэрства сацыяльнай абароны. У скарзе былы рабочы просіць прызнаць дзеянні Гомельскага абласнога ўпраўлення неправамернымі. Аляксандр Клімаў просіць Дэпартамент па працы і адпаведнае міністэрства змусіць Гомельскае абласное ўпраўленне выканаць Закон Рэспублікі Беларусь.

Пасля афармлення акта аб вытворчай траўме жыхар Гомеля можа разлічваць хаця б на страхавыя выплаты.

«Мы прайшлі ўсе мажлівыя інстанцыі, мноства судовых пасяджэнняў, дамагліся, каб траўму прызналі вытворчай. Але інспекцыя па працы не жадае выконваць рашэнне суда. Чалавек мучыцца - а яны не хочуць скласці акт. Чаму - мы можам толькі здагадвацца», - заўважыў Леанід Судаленка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства