viasna on patreon

Выдаўцу “Вольнага горада” адмовілі ў азнаямленні з матэрыяламі праверкі па яго заяве

2015 2015-04-09T09:21:41+0300 2015-04-09T12:08:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudraucau-uladzimir-krychau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кудраўцаў.

Уладзімір Кудраўцаў.

Выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 8 красавіка наведаў Крычаўскі РАУС з мэтай азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі міліцыі па яго заяве аб  фактах супрацьпраўных дзеянняў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай.

Уладзімір Кудраўцаў накіраваў заяву з просьбай азнаёміць яго з матэрыяламі праведзенай праверкі ў дзяжурную частку Крычаўскага РАУС. Праз пэўны час да яго падыйшоў оперупаўнаважаны ГБЭЗ Крычаўскага РАУС старэйшы лейтэнант міліцыі А. Дзямешка і паведаміў спадару Кудраўцаву, што магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па яго заяве ў адносінах Марыны Максімавай яму прадастаўлена не будзе. А. Дзямешка, які і ажыццяўляў гэту праверку, сказаў выдаўцу “Вольнага горада”, што яму ўжо была дасланая пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, і ў гэтай пастанове выкладзены ўсе высветленыя падчас праверкі факты. На просьбу Уладзіміра Кудраўцава даць пісьмовы матываваны адказ з указаннем прычын адмовы, старэйшы лейтэнант Дзямешка паабяцаў, што абавязкова дашле яго.

Уладзімір Кудраўцаў збіраецца напісаць пра факт адмовы ў сказе ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, якую ён зараз рыхтуе.

Журналісты газеты “Вольны горад” кажуць пра тое, што яны не могуць пагадзіцца з высновамі міліцэйскай праверкі. Яны лічаць, што супрацоўнікі Крычаўскага РАУС паставіліся да яе правядзення чыста фармальна, не разгледзеўшы дакладна выкладзеныя ў заяве Уладзіміра Кудраўцава факты парушэнняў. Таму Уладзімір Кудраўцаў адзначае, што ён не можа пагадзіцца з адказам крычаўскіх міліцыянераў і будзе абавязкова абскарджваць вынесенае імі рашэнне ў УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Нагадаем, што днямі выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў атрымаў адказ на сваю заяву ў пракуратуру Крычаўскага раёна аб фактах супрацьпраўных дзеянняў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай з Крычаўскага РАУС. Начальнік Крычаўскага РАУС С. Чупрын паведаміў Уладзіміру Кудраўцаву, што факты здзяйснення крадзяжоў і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку Марыны Максімавай свайго пацвярджэння не знайшлі, і ў сувязі з гэтым прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Супрацоўнікі Крычаўскай міліцыі ажыццяўлялі праверку па заяве Уладзіміра Кудраўцава больш за чатыры месяцы, прычым напачатку спрабавалі ціснуць на самога Уладзіміра Віктаравіча, пагражаючы ўзбудзіць крымінальную справу нібыта за паклёп у адносінах начальніка ідэалагічнага аддзела.

У пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы старэйшы лейтэнант міліцыі А. Дзямешка таксама напісаў пра тое, што выяўлены злоўжыванні з боку адной з былых падначаленых Марыны Максімавай, адносна гэтых фактаў супрацоўнікамі міліцыі будзе праведзена дадатковая праверка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства