Брэст: чарговы нумар праваабарончага бюлетэня прысвечаны судоваму пераследу мясцовых незалежных журналістаў
Акрамя таго, у нумары бюлетэня “Брэсцкае права” змешачаны матэрыялы наконт праблем, якія найбольш хвалююць мясцовых жыхароў, а таксама ўзгадваюцца выпадкі, калі парушаюцца правы чалавека.
Паводле праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, бюлетэнь, які выдаецца накладам 299 асобнікаў, распаўсюджваецца пераважна сярод мэтавых груп, якіх у першую чаргу тычацца публікацыі. “Калі, напрыклад, людзі ставілі свае подпісы пад зваротамі за тое, каб у Брэсце быў адноўлены дзіцячы гарадок альбо за даступнасць адукацыі, зразумела, што нумар “Брэсцкага права”, дзе гаворка ідзе пра рэакцыю ўладаў на гэтыя патрабаванні, будзе распаўсюджвацца сярод маладых бацькоў”, - заўважае адзін з ініцыятараў з’яўлення праваабарончага бюлетэня Ігар Маслоўскі. Ён таксама дадаў, што “Брэсцкае права” закранае яшчэ адну важную тэму - адсутнасць рэальнага самакіравання ў горадзе. Без доступу да інфармацыі пра гарадскі бюджэт прадстаўнікі грамадства не могуць даведацца, колькі і чаму выдаткоўваецца грошай на згаданую галіну адукацыі.
Акрамя таго, частка накладу бюлетэня абавязкова трапляе ў рэгіёны, дзе існуць абмежаваныя магчымасці доступу да друкаваных носьбітаў, што распавядаюць пра праваабарончыя тэмы. Апошнім часам “Брэсцкае права” мэтанакіравана распаўсюджвалася ў Бярозе, Лунінцы, Баранавічах, іншых гарадах і мястэчках рэгіёна.