Брэст: дэпутаты гарадскога савета праігнаравалі зварот грамадзян, які тычыўся будаўніцтва дзіцячага гарадка
Пад адпаведным зваротам падпісалася больш за тысячу жыхароў Брэста, якія лічаць гэтую праблему актуальнай, аднак у мясцовым гарсавеце дэпутатаў спаслаліся на тое, што рашэнне згаданай праблемы ўваходзіць у кампетэнцыю гарвыканкама.
“Мы звярталіся да дэпутатаў Брэсцкага гарсавета з просьбай патлумачыць сваю пазіцыю ў гэтым пытанні, і ўвогуле хацелі даведацца, наколькі народныя абраннікі арыентуюцца ў гарадаскіх праблемах. Бо адсутнасць месца для баўлення часу з дзецьмі ў мікрараёне “Усход”- адным з самых буйных у горадзе – вельмі хвалюе людзей”, - кажа актывістка кампаніі “Гавары праўду!” Ганна Канюс, якая была адным з ініцыятараў збору подпісаў за аднаўленне дзіцячага гарадка.
Але ніякіх прапаноў, якія маглі б дапамагчы спрыяць вырашэнню ўзнятай жыхарамі Брэста праблемы, у адказе з гарсавета аўтары звароту не дачакаліся. “У лісце проста гаворыцца, што гэтым пытаннем займаецца гарвыканкам, - са здзіўленнем адзначае Канюс. - Атрымліваецца, што Брэсцкі гарадскі савет дэпутатаў не мае сваёй пазіцыі, а проста інфармуе, што нам нешта ўжо адказалі прадстаўнікі выканаўчай улады”.
У сувязі з гэтым, па словах Ганны Канюс, узнікае сур’ёзнае пытанне адносна таго, наколькі дэпутаты ўвогуле зацікаўленыя ў вырашэнні праблем сваіх выбаршчыкаў і ці збіраюцца прадстаўляць інтарэсы грамадзян, якія аказалі ім давер.