viasna on patreon

Мінскі гарадскі суд адмовіў журналісту ў праве скардзіцца на МЗС

2015 2015-01-20T11:04:20+0300 2015-01-20T11:04:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parfionenka-1.jpg
Журналіст Віктар Парфёненка

Журналіст Віктар Парфёненка

Следам за судом Ленінскага раёна Мінскі гарадскі суд адмовіўся разглядаць скаргу Віктара Парфёненкі на дзеянні Міністэрства замежных справаў. Гэтае ведамства сем разоў адмаўляла гродзенскаму журналісту ў акрэдытацыі карэспандэнта замежнага СМІ.

У мінулым годзе Парфёненка ў чарговы раз падаваў дакументы на атрыманне сталай акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў ад “Беларускага Радыё Рацыя”, якое вяшчае з Польшчы.

23 мая журналісту ў атрыманні такой акрэдытацыі адмовілі са спасылкай на закон “Аб сродках масавай інфармацыі” і “Палажэнне аб парадку акрэдытацыі ў Беларусі журналістаў замежных СМІ”. Не пагадзіўшыся з адмовай, Парфёненка звярнуўся са скаргай ў суд Ленінскага раёна Мінска (менавіта ў гэтым раёне беларускай сталіцы размешчана МЗС).

Праз некаторы час журналіст атрымаў пастанову пра тое, што яго скаргу не прынялі да вытворчасці. Парфёненка не пагадзіўся з рашэннем суддзі Ірэны Бролішс і абскардзіў яго ў Мінскім гарадскім судзе.

У сваёй скарзе журналіст праводзіў аналогію са справай Марыны Коктыш, якой у 2008-м годзе ў акрэдытацыі адмовіў беларускі парламент. Пасля шэрагу судовых пасяджэнняў рацыю за журналісткай прызнаў Камітэт па правах чалавека ААН, які абавязаў Беларусь выправіць памылку.

Але ні довады Парфёненкі, ні прэцэдэнт Марыны Коктыш не паўплывалі на рашэнне. 19 студзеня калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам Аксаны Будоўскай адхіліла патрабаванні журналіста.

Цяпер Парфёненка мае намер звярнуцца ў Вярхоўны суд Беларусі, а таксама ў згаданы вышэй КПЧ ААН.

Сем разоў я атрымліваў адмовы з МЗС. Рашэнні пра акрэдытацыю прымае калегіяльна адмысловая камісія, чые дзеянні рэгулюе спецыяльнае Палажэнне. Некалькі разоў я пісаў скаргі і ў само міністэрства, і ва ўрад Беларусі, даводзячы, што мяне пазбаўляюць права на прафесію, не даюць рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы. Але ў абодвух месцах, а цяпер і ў судзе, мае скаргі проста адмаўляюцца прымаць да разгляду. Цяпер я збіраюся дамагацца рэалізацыі свайго права і далей – у Вярхоўным судзе і КПЧ ААН, – распавёў Віктар прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства