Брэст: пракуратура праігнаравала скаргу незалежнага журналіста
У сваім звароце журналіст Алесь Ляўчук прасіў правесці праверку наконт працэдуры складання ў адносінах да яго пратакола за нібыта здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне.
Як адзначыў у сваёй скарзе Ляўчук, пратакол аб прыцягненні яго да адказнасці на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, быў складзены са шматлікімі парушэннямі У прыватнасці, супрацоўнік міліцыі Кажэнка, які складаў пратакол, не выклікаў журналіста позвай, як гэтага патрабуе закон, а сам пратакол быў дасланы па пошце, і ў ім адсутнічаюць тлумачэнні Алеся Ляўчука наконт сутнасці справы.
У сваёй скарзе журналіст пералічвае і іншыя грубыя парушэнні, здзейсненыя падчас складання пратаколу, аднак з адказу за подпісам намесніка пракурора горада Брэста Іван Чайчыца вынікае, што скарга гэтай установай рзглядацца не будзе. Прадстаўнік пракуратуры спаслаўся на тое, што скаргу трэба было падаваць “падчас тэрміну вядзення адміністрацыйнага працэсу і да вынясення пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні”. Далей намеснік пракурора нагадвае, што 24 снежня мінулага года Ляўчук быў пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічынь. У выпадку нязгоды з судовай пастановай Іван Чайчыц раіць журналісту скардзіцца ў Брэсцкі абласны суд (дарэчы, Алесь Ляўчук гэта ўжо зрабіў).
Аўтар скаргі здзіўлены такім адказам, бо мяркуе, што ў дадзеным выпадку гарадская пракуратура замест кантролю за выкананнем заканадаўства адмовілася нават фармальна праверыць працэдуру складання пратаколу супрацоўнікам міліцыі, які зрабіў гэта з грубымі парушэннямі.