Аблава на панк-канцэрт у Мінску [дапоўнена]
Праз паўгадзіны ад пачатку панк-канцэрту ў мінскі клуб “Піраты” уварваліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ў масках.
10 студзеня каля 19.30 стала вядома, што на клуб “Піраты” адбылася аблава міліцыі. Прысутных паставілі тварам да сценкі, некаторых паклалі на падлогу, таксама запытвалі і перапісвалі пашпартныя дадзеныя. Усяго ў памяшканні знаходзілася каля 100 наведвальнікаў.
Праз некаторы час пад клуб падагналі тры аўтазакі, але слухачоў з большага пачалі адпускаць.
Прысутныя паведамілі, што супрацоўнікі міліцыі нібыта шукалі спайсы, нічога не знайшлі, але канцэрт быў сарваны.
Зараз ёсць інфармацыя пра затрыманні ад 2 да 4 чалавек, якія прапаноўвалі для азнаямлення панк-атрыбутыку (дыскі, кнігі, цішоткі).
“Нават калі была абгрунтаваная інфармацыя пра наркотыкі, важна суразмернасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі: тварам на падлогу - не самы гуманны метад, як і выкарыстанне масак для спэцназу. Але пры гэтым мы назіраем рэгулярную практыку беспадстаўнага ўмяшальніцтва прадстаўнікоў органаў ў правядзенне канцэртаў з праверкай дакументаў і нават затрыманнямі, - каментуе праваабаронца Наста Лойка. - Варта прыгадаць, як у сакавіку 2012 года ў клубе “Ё-маё” сарвалі канцэрт з ужываннем фізічный сілы і прыцягненнем да адміністратыўнай адказнасці сацыяльных актывістаў, а ў гэтым жа клубе праводзіліся неаднаразовыя праверкі дакументаў падчас мерапрыемстваў ЛГБТ-супольнасьці, калі ён яшчэ называўся “6А”. Таму такія паводзіны з боку супрацоўнікаў міліцыі наводзяць на думку пра іншую матывацыю, а менавіта пераслед “груп іншадумцаў”, папаўненне базы дадзеных “недобранадзейнымі”, што безумоўна выкарыстоўваецца ў рэпрэсіўных мэтах і выходзіць за межы права”.
Першапачаткова, усім затрыманым інкрымінаваўся арт. 17.11 КаАП "Выраб, распаўсюд і (альбо) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў", пазней стала вядома, што адна з затрыманых была адпушчана, але ў панядзелак - 12 студзеня - яе будуць судзіць па арт. 17.1. - "Дробнае хуліганства". Суд над дзвумя іншымі затрыманымі таксама пройдзе ў гэты дзень у судзе Ленінскага раёна (г.Мінск, вул. Сямашкі, 33). Да гэтага часу яны будуць знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.