Перасталі працаваць сайты БелаПАН і Naviny.by
Паводле папярэдняй інфармацыі, блякуюць дамэнныя імёны. Кіраўніцтва БелаПАН сьцьвярджае, што ніякіх папярэджаньняў не атрымлівалі.
БелаПАН — беларускае незалежнае інфармацыйнае агенцтва. Інтэрнэт-газэта «Беларускія навіны» (Naviny.by) зьяўляецца анлайн-праектам БелаПАН. 19 сьнежня пад блякаваньне трапілі «Хартыя’97», «Беларускі партызан» і інтэрнэт-газэта «Салiдарнасьць». Галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч зьвярнуўся ў «Белтэлекам» з заявай, каб патлумачылі прычыны блякаваньня сайту, аднак адказ ён пакуль не атрымаў.
Таксама 19 сьнежня на працягу чатырох гадзін не працаваў і партал TUT.BY. У «Белтэлекаме» гэта патлумачылі «непаладкамі з сэрвэрамі».
Папраўкі ў «Закон аб СМІ», якія дазваляюць блякаваньне сайтаў, павінны запрацаваць зь 1 студзеня 2015 года. Аднак працэдура блякаваньня прадугледжвае вынясеньне двух папярэджаньняў, затым даецца час на ліквідацыю парушэньняў, і ўжо пасьля гэтага сайт можа быць заблякаваны.