Навукоўцы з Казахстана прэзентавалі ў Мінску праект пра ахвяраў палітычных рэпрэсій сталінізму
У Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) 25 лістапада адбылася прэзентацыя навукова-даследчага праекта "Карлаг: памяць у імя будучыні".
Прэзентацыя была арганізавана навукоўцамі карагандзінскага ўніверсітэта "Балашак" (Казахстан) у межах дамовы аб намеры творчага і навуковага супрацоўніцтва з НББ. З мэтай зрабіць свой унёсак у навуковае асэнсаванне гісторыі Карлага —часткі сталінскага ГУЛАГа — карагандзінскія даследчыкі прааналізавалі шмат дакументаў, архіўных матэрыялаў, правялі сустрэчы з былымі палітзняволенымі, ваеннапалоннымі.
"Беларускі і казахскі народ аб'ядноўваюць агульныя гістарычныя карані, мы жылі ў складзе адной дзяржавы, — расказаў БелаПАН кіраўнік праекта "Карлаг: памяць у імя будучыні", доктар юрыдычных навук Нурлан Дулатбекаў. — І хоць сёння нашы краіны незалежныя, тым не менш палітычныя, эканамічныя, маральныя, чалавечыя адносіны паміж намі захоўваюцца. Сёння мы прэзентуем праект, які расказвае пра нашу сумную агульную гісторыю. Вы ведаеце, што ў Савецкім Саюзе існаваў велізарны ГУЛАГ, і адным з яго падраздзяленняў быў Карагандзінскі лагер (Карлаг). Мы прэзентуем у Мінску гістарычныя нарысы пра Карлаг, мемуары, біяграфічныя даныя і вялікую манаграфію, якая прысвечана гэтай праблеме. Наша праца напісана на трох мовах — англійскай, рускай, казахскай, прэзентавана ў многіх краінах. Сёння гэта адбудзецца і ў Беларусі, мы падорым Нацыянальнай бібліятэцы серыю з дваццаці кніг.
Цікавы і лёс асобных людзей. Так, жонка і дачка беларускага паэта Тодара Кляшторнага, які быў рэпрэсіраваны ў 1937 годзе (расстраляны 30.10.1937. — БелаПАН.), апынуліся ў Карлагу. Майя Кляшторная была тады чатырохмесячным дзіцем, і калі іх везлі ў Казахстан, усе арыштанты па чарзе трымалі яе на руках, каб дзяўчынка не змерзла. Гады чатыры таму яна прыязджала ў Казахстан і пабывала ў месцах, дзе прайшло яе дзяцінства. Была вельмі эмацыянальная сустрэча, яе прыняў прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў".
"У жыцці, гісторыі ёсць розныя моманты, — сказаў на цырымоніі перадачы кніг дырэктар НББ Раман Матульскі. — Вядома, хочацца памятаць прыемнае, перамогі, дасягненні. Але бываюць у жыцці і трагедыі. Узнімаць на шчыт гэтыя тэмы, рабіць іх асновай нашага жыцця наўрад ці варта. Усё ж трэба жыць у пазітыўным, аптымістычным асяроддзі. Але памятаць трэба абавязкова, вывучаць абавязкова — каб гэта ніколі не паўтарылася".