Бярозаўскія праваабаронцы рыхтуюць пікет да Міжнароднага дня правоў чалавека
Яны падалі заявы на заключэнне дамоваў з медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. З міліцыяй таму, што так і не дачакаліся публікацыі ў СМІ адносна змены рашэння райвыканкама аб правядзенні масавых мерапрыемстваў № 138 ад 2010 г. згодна з Пастановай Савета міністраў № 207 ад 2012 г., абяцанай намеснікам старшыні райвыканкама Яўгенам Тарасюком.
Бярозаўскі райвыканкам пад амаль гадавым ціскам праваабаронцаў наконт змены рашэння № 138 ад 2009 г. “ Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў” згодна патрабаванням Пастановы Саўміна № 207 ад 2012 года зрабіў выгляд, што пайшоў на саступкі. Гэта зафіксавана ў рашэнні райвыканкама ад 26.09 2014 г.№ 1070 за подпісам старшыні райвыканкама Юрыя Наркевіча і ўпраўляючай справамі Вольгі Шып. Сэнс гэтай змены заключаецца ў тым, што пасля атрымання заявы на правядзенне масавага мерапрыемства ў першыя суткі выканкам павінен звязацца з міліцый для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку падчас акцыі. Такое патрабаванне замацавана ў Пастанове Саўміна, і гэта азначае, што не заяўнікі павінны звязвацца з міліцыяй і зключаць дамову на абслугоўванне масавага мерапрыемства, а сам выканкам.
Праваабаронцы, азнаёміўшыся з рашэннем райвыканкаму аб унясенні зменаў у пастанову аб парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Бярозе, былі ўпэўненыя, што менавіта такі парадак будзе ўжывацца надалей. Але абсалютна нечакана ў рашэнні райвыканкама, прадстаўленым 14 кастрычніка ў суд Бярозаўскага раёна на судовае паседжанне па іску праваабаронцаў аб забароне пікета 25 жніўня, выявілася, што ва ўжо змененым рашэнні патрабаванне прадстаўлення копіі дамовы адначасова з падачай заявы -- застаецца.