viasna on patreon

Алег Мацкевіч: "Хто ўратуе Нобелеўскага лаўрэата?"

2024 2024-09-25T11:10:00+0300 2024-09-25T11:18:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belyackiy-05-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ў судзе.

Алесь Бяляцкі ў судзе.

Другі раз за ўсю найноўшую гісторыю еўрапейскай цывілізацыі чалавек, якога ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру, сядзіць у турме, дзе чацверты год запар сустракае свой дзень нараджэння. Ён мае ўсе шанцы пайсці з жыцця, так больш і не пабачыўшы ні волі, ні свету.

Калі вам падаецца перабольшаннем думка аб пагрозе жыццю праваабаронцы Алеся Бяляцкага – то гэта не так. Бо ўжо досыць доўгі час відавочна, што няма нічога, звязанага з каштоўнасцю чалавечага жыцця, чым мог бы не пагрэбаваць беларускі дыктатарскі рэжым.

Нагадаем адну гістарычную паралель.

Першым еўрапейскім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, які атрымаў яе знаходзячыся за кратамі, стаў Карл фон Асецкі (Carl von Ossietzky). Перакананы пацыфіст і выкрывальнік нацысткай трансфармацыі Веймарскай рэспублікі канца 20-х і пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя, фон Асецкі неаднойчы падвяргаўся ганенням аж пакуль у 1933 г. пасля прыходу гітлераўцаў да ўлады не быў адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Эстэрвеген.

У зняволенні фона Асецкага жорстка катавалі. Прадстаўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа, якому дазволілі наведаць вязня ў лістападзе 1935 года, выявіў «дрыготкае, смяротна бледнае нешта, істоту, якая, здавалася, была непрытомнай, з адным апухлым вокам, выбітымі зубамі, што валачэ зламаную, дрэнна загоеную нагу... чалавечую істоту, якая дасягнула крайніх межаў таго, што можна было вынесці».

asecki-2.jpg
Нямецкі журналіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Карл Фон Асецкі, 1935 год

Каб выратаваць жыццё мучаніка нацысцкага рэжыму яго сябры і прыхільнікі пачалі шырокую міжнародную кампанію па вылучэнні фона Асецкага на Нобелеўскую прэмію міра, якая ўрэшце была прысуджана яму ў 1936 г. Высокай узнагародзе папярэднічала рэакцыя гітлераўцаў, выкліканая надзвычайным інтарэсам да вязня сумлення з боку сусветнай супольнасці: увесну 1936 года ён быў пераведзены з канцлагера ў бальніцу пад нагляд гестапа.

Пасля другой сусветнай вайны Вілі Брант, нямецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч, успамінаў, што мэтай удзельнікаў кампаніі па вылучэнні фона Асецкага на Нобелеўскую прэмію міра было “выратаваць ахвяру карычневага тэрору, асудзіць нацызм і ўшанаваць належнае іншай Нямеччыны”.

На жаль, гэтыя мэты былі дасягнутыя толькі часткова. Фон Асецкі так і не атрымаў сапраўднай свабоды і фактычна ўжо на момант узнагароды быў прыгавораны да смерці жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем. Ён памёр 4 траўня 1938 г. у бальніцы Нордэнд пад пільным кантролем гестапаўцаў ад наступстваў туберкулёзу і здзекаў, якія перанёс у турме.

За няўдалай спробай выратаваць жыццё нобелеўскага лаўрэата неўзабаве рушыла ўслед Мюнхенскае пагадненне і іншыя трагічныя падзеі, якія мелі наступствам развязванне самай крывавай бойні ў гісторыі чалавецтва – Другой сусветнай вайны.

Мінула амаль стагоддзе.

Ізноў у Еўропе за кратамі ў турме памірае Нобелеўскі лаўрэат міру. Ізноў на нашым шматпакутным кантыненце наспявае глабальны канфлікт. Страшна падумаць, што падзеі векавой даўніны могуць паўтарыцца: мучанік дыктатарскага рэжыму памрэ, не дачакаўшыся свабоды, а агрэсар і яго памагаты змогуць ажыццявіць свае захопніцкія планы.

У адрозненні ад нацысцкай Нямеччыны, вязні ў Беларусі пазбаўлены ўсяго – нават магчымасці кантактаў з прадстаўнікамі міжнародных гуманітарных місій. І аддадзены на волю лёсу. Або, дакладней, на волю дыктатара. Каго б пабачыў умоўны прадстаўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа, калі б меў зараз магчымасць наведаць месца зняволення Алеся Бяляцкага?

Як і стагоддзе таму, перад усёй еўрапейскай дэмакратычнай супольнасцю, перад усімі намі, стаіць трыадзіная задача: выратаваць ахвяру аўтарытарнага рэжыму і тысячы іншых нявінных ахвяр, асудзіць дзяржаўны тэрор і ўшанаваць належнае іншай Беларусі – той, якая выбухнула ў 2020 годзе промнямі святла і надзеі, але была задушана ў крыві і пакутах лукашэнкаўскімі катамі.

Алег Мацкевіч, праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства