У Светлагорску забаранілі пікет па тэме правоў інвалідаў
Інваліду першай групы, грамадскаму актывісту Юрыю Ляшэнка Светлагорскі гарвыканкам адмовіў у дазволе на правядзенне пікету, які планаваўся на 22 лістапада на цэнтральнай плошчы горада. Актывіст меў намер прыцягнуць увагу грамадскасці і выказаць пратэст супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна.
Улады адмовілі таму, што «месца правядзення пікету не адпавядае патрабаванням рашэння райвыканкама»: «Раённы выканаўчы камітэт забараняе правядзенне пікету на цэнтральнай плошчы», - гаворыцца ў адказе.
Як тлумачыць Юрый Ляшэнка, адзінае месца, дзе дазволена ладзіць пікеты - сцэнічная пляцоўка ў гарадскім парку культуры і адпачынку - знаходзіцца на ўскраіне горада у закінутым стане.
Ён мае намер абмеркаваць адказ чыноўнікаў з юрыстамі і змагацца за правы - свае і іншых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ён падкрэслівае:
- Нашы правы парушаюцца паўсюдна і сістэмна. Капітальны рамонт дома ідзе ўжо два гады са шматлікімі парушэннямі. У пад'езд не патрапіць, як і на другі паверх, дзе я жыву. Тое ж тычыцца санвузла, ды і яшчэ як мінімум дзесятка парушэнняў. На шматлікія пісьмовыя звароты ніхто не рэагуе.