viasna on patreon

Пра этычны кодэкс суддзі Палулеха

2014 2014-11-20T10:46:51+0300 2014-11-20T11:27:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palulieh-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суддзя Кірыл Палулех у якасці "пацярпелага" у крымінальным працэсе па справе Юрыя Рубцова. Фота: svaboda.org

Суддзя Кірыл Палулех у якасці "пацярпелага" у крымінальным працэсе па справе Юрыя Рубцова. Фота: svaboda.org

Напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі актывіста Юрыя Рубцова, асуджанага па крымінальным артыкуле за “абразу суддзі”, праваабаронцы звяртаюць увагу на асобу “пацярпелага” ў гэтай справе – суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха.

Датычна сутнасці гэтай справы (па арт. 391 КК РБ “Абраза суддзі або народнага засядацеля”) нагадаем, што ў аснове абвінавачвання – заява суддзі Кірыла Палулеха, які сцвярджае, што падчас разгляду адміністратыўнай справы Юрыя Рубцова 28 красавіка той нібыта абразіў суддзю зневажальнымі словамі.

Праваабаронцы “Вясны” падкрэсліваюць, што пры ацэнцы таго, што адбывалася ў судовым паседжанні падчас разгляду адміністратыўнай справы Юрыя Рубцова, вельмі важна памятаць наступнае. Паводле Канстытуцыі РБ і Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (у прыватнасці арт. 89), суддзя пры ажыццяўленні правасуддзя павінен забяспечваць абарону законных правоў і свабодаў грамадзянаў, а таксама дэманстраваць высокую культуру судовай дзейнасці, быць справядлівым, бесстароннім і строга кіравацца палажэннямі Кодэкса гонару суддзі Рэспублікі Беларусь.    

У дадзеным выпадку, спадар Рубцоў быў дастаўлены ў суд у выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і гонар. І паводле меркавання праваабаронцаў, як і самога Рубцова, ніякіх мераў па абароне яго законных правоў і інтарэсаў у гэтай сітуацыі суддзя Палулех не прадпрымаў.


Магчыма, даволі малады яшчэ суддзя мог забыць пра палажэнні Канстытуцыі ці іншых законаў, аднак пра такі датычны ягонай прафесійнай дзейнасці дакумент як Кодэкс гонару суддзі Рэспублікі Беларусь ён, канешне ж, мусіў памятаць пры ажыццяўленні сваёй судзейскай дзейнасці.

Праваабаронцы “Вясны” лічаць, што Мінскі гарадскі суд пры разглядзе касацыйнай скаргі Юрыя Рубцова 21 лістапада павінен улічыць прыведзеныя вышэй акалічнасці.

“Касацыйнай інстанцыяй павінна быць дадзена ацэнка ўсім гэтым фактам у сукупнасці, бо суд першай інстанцыі якраз не даваў ацэнку таму, што магло падштурхнуць спадара Рубцова выказаць тую ацэнку судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь, якую ён зрабіў. І ён не адмаўляе, што сказаў гэта, - кажа намеснік старшыні “Вясны” Валянцін Стэфановіч. – А трэба разумець, што ў спадара Рубцова, які быў адвольна затрыманы падчас дазволенай акцыі і ў такім выглядзе дастаўлены ў суд, не было падставаў давяраць таму, што адбываецца ў працэсе падчас разгляду яго справы, і гэтай судовай сістэме ў прынцыпе. Да ўсяго, ён не меў акуляраў і не мог азнаёміцца з матэрыяламі справы. Усе гэтыя фактары патрабуюць прававой ацэнкі з боку касацыйнай інстанцыі, і мы спадзяемся, што яна будзе дадзена”.

Па словах праваабаронцы, у Юрыя Рубцова падчас адміністратыўнага працэсу не было падставаў для высноваў, што суддзя Палулех будзе паводзіць сябе, як таго патрабуе кодэкс яго прафесіі, дзе напісана, як суддзя павінен праводзіць судовае паседжанне. “Відавочна, што тое, што там напісана, ніякім чынам не назіралася падчас разгляду гэтай справы. Пра што тут можна казаць, калі чалавек быў у такім выглядзе дастаўлены ў суд і гэта аніяк не здзіўляла суддзю, не выклікала ў яго аніякіх пытанняў. І, апроч усяго, ён не прыняў ніякіх мераў, каб нейкім чынам змяніць сітуацыю”, - заўважае Валянцін Стэфановіч.     

Між іншым, у адміністратыўным кодэксе таксама напісана, што суддзі пры разглядзе адміністратыўных справаў не павінны абражаць гонар і годнасць асобы, якая прадстала перад судом.   

 

Таксама па тэме:

Леанід Судаленка: Высокі суд, у мяне пытанне

 

Падтрымайце Юрыя Рубцова! Спампуйце і змясціце гэты калаж у сваіх сацыяльных сетках!

Вытрымка з Кодэксу гонару суддзі Рэспублікі Беларусь (арт. 11)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства