viasna on patreon

Міхаіл Аршынскі: “Кампенсацыя за смерць бацькі выглядае смехатворнай”

2014 2014-11-05T21:13:05+0300 2014-11-05T21:13:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arshynski-mihail.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Магілёўскі журналіст абураны рашэннем Ленінскага раённага суда Магілёва аб памеры кампенсацыі за смерць яго бацькі ў выніку няшчаснага выпадку, які адбыўся ў лютым 2010 года.

- Міхаіл, які памер кампенсацыі прызначыў суд?

- Суд прызначыў 30 мільёнаў рублёў у якасці маральнай кампенсацыі за смерць бацькі. Аднак я лічу, што памер сумы выглядае, мякка кажучы, абразлівым. У маім выпадку загінуў родны мне чалавек, і памер кампенсацыі занадта заніжаны. Першапачаткова ў сваім пазове я патрабаваў ад КУП “ЖРЭУ” Ленінскага раёна Магілёва 500 мільёнаў рублёў, аднак памер маральнай кампенсацыі быў зніжаны амаль у 20 разоў.

- Ці прызналі камунальнікі ў судзе сваю віну?

- Следчыя органы прыйшлі да высновы, што агароджа другога пад’езда абрынулася ў выніку вялікай масы снега, якая знаходзілася на ёй. Дадзены факт не абвяргаўся прадстаўніком адказчыка, які патлумачыў у межах справы, што прыбіранне снегу з даху дадзенай канструкцыі ўваходзіла ў адказнасць ЖЭУ-1. Акрамя таго, не былі зроблены разлікі трываласці дадзенай канструкцыі. Майстар Гудзімчык дала распараджэнне рабочым пабудаваць канструкцыю, якія пры будаўніцтве кіраваліся сваім вопытам, а не тэхнічнымі параметрамі.

Згодна с заключэннем экспертаў прычынай абрушэння драўлянай кантрукцыі з’явілася недастатковая нясучая здольнасць. У судзе віну камунальнікі прызналі толькі часткова, аднак асоба, якая мусіць быць пакарана, пакуль не вызначана.

- Дык атрымліваецца, што ніхто так і не быў пакараны за гэты няшчасны выпадак?

- Мне вядома, што за гэта атрымаў вымову дырэктар КУП “ЖРЭУ” Ленінскага раёна Осінцаў і яшчэ двое чыноўнікаў атрымалі штрафы. Але ў межах крымінальнай справы, якая была ўзбуджана па факце смерці майго бацькі, прадугледжана крымінальная адказнасць, да якой так і ніхто не быў прыцягнуты.

- Ці працягваецца на дадзены момант следства?

- На працягу пяці гадоў следчыя не могуць знайсці вінаватага ў гэтым здарэнні. Следчыя мерапрыемствы неаднаразова прыпыняліся, і справа нават была закрыта, аднак я зараз абскарджваю рашэнне аб закрыцці крымінальнай справы ў следчым камітэце і спадзяюся, што яна будзе адноўлена. Я чакаю, што будзе знойдзена асоба, якая была вінаватая ў смерці майго бацькі, і яна будзе пакараная.

- Ці будзе абскарджваць рашэнне раённага суда ў касацыйным парадку?

- Менавіта сёння, 5 лістапада, я падаю скаргу ў Магілёўскі абласны суд на рашэнне судзі Юрчанкі з Ленінскага раённага суда Магілёва аб вынясенні пастановы аб кампенсацыі мне за смерць бацькі 30 мільёнаў рублёў. Лічу, што кампенсацыя мусіць быць як мінімум на парадак вышэй, бо ў аналагічных справах, якія былі ў Гомелі і Горках, за смерць людзей у выніку службовай халатнасці сумы кампенсацыяў складалі каля 1 мільярда рублёў.

Нагадаем, што Вадзім Аршынскі загінуў у выніку няшчаснага здарэння 18 лютага 2010 года. Каля ўваходу ў пад’езд свайго дома на яго абрынулася драўляная канструкцыя, якая была ўсталявана рабочымі ЖЭУ падчас рамонтных работ. У выніку абвалу Вадзім атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Па дарозе ў шпіталь журналіст памёр.

Вадзім Аршнынскі з моманту заснавання працаваў аператарам тэлеканала “БелСАТ”.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства