Салігорская міліцыя збіраецца заводзіць крымінальную справу “за чырвоную паласу”
Крымінальную справу “за апаганьванне” 15-метровага знаку на ўездзе ў сталіцу шахцёраў збіраецца заводзіць салігорская міліцыя. Гаворка пра сімвалічную акцыю арт-групы “Партызан” да гадавіны Аршанскай бітвы.
Інфармацыю аб падрыхтоўцы крымінальнай справы мясцовы праваабаронца Леанід Мархотка атрымаў ад начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Георгія Крывальцэвіча, адказнага за апазіцыію ў Салігорскім РАУС. На дадзены момант ладзіцца пракурорская праверка і збіраюцца матэрыялы.
- Гэты знак не з’яўляецца помнікам культуры, які ахоўваецца дзяржавай. Чырвоная паласа на ім, мяркуючыпа фота ў інтэрнэце, не ўтрымлівала аніякіх цынічніх надпісаў ці малюнкаў. Таму не зусім зразумела, у чым выявіліся вандалізм і апаганьванне, - кажа праваабаронца. - На маю заўвагу з гэтай нагоды спадар Крывальцэвіч адкрытым тэкстам сказаў, што ёсць каманда ад вышэйшага кіраўніцтва распачаць справу. У выніку хутка будзем мець нейкую абсурдную крыміналку “за чырвоную паласу”.
Раней намеснік Крывальцэвіча маёр Яўген Жылінскі заяўляў, што аніякага крыміналу ў гэтай чырвонай паласе няма. Па яго словах, знак не быў сапсаваны, бо чырвоная паласа была не намаляваная, а аздобленая чырвонымі шпалерамі.
Зрэшты, дадзеная справа ўжо стала нагодай для пераследу вядомых моладзевых актывістаў гораду. У межах праверкі па справе былі апытаныя маладафронтаўцы Андрэй Тычына і Іван Шыла, а ў актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Уладзіміра Лемеша быў праведзены ператрус з канфіскацыяй апазіцыйнай сімволікі і літаратуры.