Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні 2014 года
У жніўні сістэмнасць і сістэматычнасць парушэнняў правоў чалавека захоўвалася, адсутнічалі пазітыўныя змены і паляпшэнні.
Нягледзячы на нязменна стабільна цяжкі стан з правамі чалавека, у жніўні беларускім уладам удалося значна палепшчыць свой знешнепалітычны імідж. 26 жніўня ў Мінску адбыліся перамовы ў фармаце Мытны саюз-Україна-ЕС, прысвечаныя магчымасцям вырашэння украінскага крызісу, удзел у якіх прынялі ў тым ліку высокапастаўленыя чыноўнікі ЕС, сярод якіх – Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюзу па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Напярэдадні візіту Майя Кацьянчыч, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС, адзначыла, што дадзены візіт не азначае зменаў у пазіцыі ЕС адносна афіцыйнага Мінска: “Гэта не двухбаковы візіт ЕС у Беларусь. Вы, вядома, ведаеце, якія зараз стасункі паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. У шэрагу заключэнняў Савета ЕС гэтая сітуацыя прадстаўленая. Ёсць праблемы ў палітычнай галіне, і пазіцыя Еўрапейскага саюза ў сувязі з гэтым не змянілася".
Разам з тым, відавочна, што сустрэча ў Мінску стала чарговым крокам па ўзнаўленні стасункаў Еўрапейскага Саюзу з беларускімі ўладамі, пераходам на іншы якасны ўзровень узаемадзеяння. Пры гэтым пытанне вызвалення палітвязняў, якое на працягу апошніх гадоў артыкулявалася ЕС як перадумова вяртання да супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, увогуле не закраналася. Гэта выклікае сур’ёзнае апасенне, што пытанні наяўнасці палітычных зняволеных і праблемы ў сферы правоў чалавека ў стасунках Еўрапейскага Саюзу і афіцыйнага Мінска могуць адыйсці на другі план або ўвогуле знікнуць з павесткі дня. Такое развіццё падзеяў можа стаць балючым выклікам, паколькі знешнепалітычны фактар застаецца адным з самых моцных рычагоў уплыву на беларускае кіраўніцтва ў дадзеным пытанні, улічваючы фактычную адсутнасць механізмаў уплыву ўнутры краіны.
Варта адзначыць, што перамовы ў Мінску, якія відавочна палепшылі пазіцыю кіраўніцтва Беларусі на міжнароднай арэне, праходзілі на фоне адвольных затрыманняў і арыштаў грамадскіх і палітычных актывістаў, што пацвярджае нязменны рэпрэсіўны характар уладаў і іх імкненне без пазітыўных унутраных трансфармацыяў змяніць міжнароднае становішча, скарыстоўваючы праблемы ў суседняй дзяржаве.
Практычнае зняццё знешнепалітычнай ізаляцыі беларускіх уладаў ніякіх чынам не спрыяла вырашэнню самай вострай праблемы – наяўнасці палітычных зняволеных. За кратамі працягвалі ўтрымлівацца Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Васіль Парфянкоў. Беларускія ўлады не прадэманстравалі палітычнай волі адносна іх вызвалення, а міжнародныя інструменты не былі выкарыстаныя.
Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў
5 жніўня стала вядома, што ў Камітэт па правах чалавека ААН накіравана скарга палітвязня Эдуарда Лобава. Індывідуальнае паведамленне, накіраванае ў КПЧ 14 ліпеня, падрыхтавана юрыстамі «Беларускага дакументацыйнага цэнтра». У скарзе прыводзяцца доказы парушэння Рэспублікай Беларусь у асобе праваахоўных і судовых органаў пры затрыманні, арышце і разглядзе крымінальнай справы Эдуарда Лобава. Касацыйныя скаргі, пададзеныя Эдуардам і яго адвакатам у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, былі пакінуты без задавальнення, а прысуд суда Маскоўскага раёна г. Мінска без змены. Наглядная скарга, пададзеная ў Вярхоўны суд РБ, таксама пакінутая без задавальнення. У 2013 годзе Эдуард Лобаў падаваў скаргу пракурору г. Мінска С. К. Хмаруку. У скарзе Эдуард прыводзіў доказы парушэння яго правоў і прасіў прынесці пратэст на прысуд суда Маскоўскага раёна г. Мінска і вызначэнне судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда на прадмет іх адмены і спынення вытворчасці па справе. Пракуратура г. Мінска перадала скаргу ў Следчы Камітэт, які парушэнняў у справе Лобава не ўгледзеў, і скарга была пакінутая без задавальнення. Эдуард Лобаў адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 22 Брэсцкай вобласці.
12 жніўня палітвязень Мікалай Статкевіч адзначыў 58-годдзе -- свой чацвёрты ў зняволенні Дзень нараджэння. Невядомыя актывісты арганізавалі з гэтай нагоды салют каля Магілёўскай турмы №4, дзе ён утрымліваецца. 23 жніўня Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, паведаміла, што з ліста палітвязня ёй стала вядома пра тое, што дробныя правакацыі з карэспандэнцыяй і магчымасцямі атрымліваць газеты, якія адзначаліся раней адносна яго, скончыліся. Палітзняволены таксама паведаміў, што працягвае вывучаць самастойна англійскую мову.
18 жніўня актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Пракаповіч паведаміў, што палітычнаму зняволенаму Яўгену Васьковічу, які ўтрымліваецца ў турме №4 Магілёва, адміністрацыя адмаўляецца перадаваць кнігі. Тры кнігі для вывучэння англійскай мовы, якія прасіў перадаць палітвязень – два дапаможнікі, а таксама адаптаваны раман Джорджа Оруэла “1984” на англійскай мове, прыйшлі назад родным з пазнакай “Недазволеныя ўкладанні”. За апошнія некалькі месяцаў родныя і сябры Яўгена Васьковіча некалькі разоў рознымі шляхамі перадаць яму кнігі, але безвынікова.
23 жніўня Дзень народзінаў адзначыў палітзняволены Мікалай Дзядок, які адбывае пакаранне ў Магілёўская турме №4. Яму споўнілася 26 гадоў, з якіх амаль чатыры гады ён правёў за кратамі. 25 жніўня ў лісце сваякам М. Дзядок паведаміў пра аперацыю на назе, якую ён нядаўна перанёс.
24 жніўня Вольга Безбародкіна, адвакат палітвязня Васіля Парфянкова, паведаміла пра атрыманне дазволу на спатканьне са зняволеным, які адбывае пакаранне ў калонііі ў Горках. Атрымаць такі дазвол, па яе словах, было складана. Трывогу адносна В. Парфянкова выклікала тое, што на працягу амаль 2 месяцаў сябры і родныя не атрымлівалі ад яго лістоў. 30 жніўня Васіль Парфякоў за кратамі адзначыў Дзень народзінаў, яму споўніўся 31 год.
Смяротнае пакаранне
20 жніўня Тамара Сялюн, маці расстралянага сёлета ў красавіку за забойства дзвюх асоб Паўла Селюна, прыехала ў Гродзенскі абласны суд забраць рэчы сына. Там ёй выдалі некалькі дзясяткаў касет, кампакт-дыскаў, пласцінак, мабільныя тэлефоны і іншыя прадметы, якія належалі Паўлу. Тамару Сялюн суправаджалі гродзенскія праваабаронцы і журналісты. Жанчынасказала, што ёй было вельмі цяжка псіхалагічна настроіцца на гэты прыезд, але ёй быў дасланы дакумент, што да 1-га верасня гэтага года яна мусіць забраць гэтыя рэчы.
Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі
21 жніўня даклад The Equal Rights Trust і Беларускага Хельсінкскага Камітэта "За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі", надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы поштай у Беларусь, быў затрыманы мытняй аэрапорта "Мінск-2". БХК атрымаў папярэдні акт дагляду некамерцыйнага грузу: прэтэнзій да яго няма, але груз перададзены для экспертызы ў аддзел кантрабанды. Пра што гэтая экспертыза, мытнікі не паведамляюць, але тэрміны праверкі ўжо паспелі працягнуць - да 31 жніўня. Першая партыя такіх жа кніг прыйшла ў Беларусь у ліпені і прайшла мытную праверку без аніякіх пытанняў. Праваабаронцы таксама атрымалі ліст з Адміністрацыі прэзідэнта пра тое, што інфармацыя, выкладзеная ў дакладзе, "прынятая да ведама". Даклад з'яўляецца першай усеабдымнай справаздачай аб дыскрымінацыі і няроўнасці па ўсіх падставах і ва ўсіх сферах жыцця ў Беларусі. Ён грунтуецца на шырокіх палявых даследваннях, інтэрв'ю, фокус-группах і сур'ёзным аналізе заканадаўства і палітыкі. Даклад таксама дае шэраг дэтальных рэкамендацый беларускім уладам, якія датычацца неабходных рэформаў у заканадаўстве, палітыцы і практыцы па забяспячэнні роўнасці і недыскрымінацыі.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
Толькі 7 жніўня стала вядома, што актывіст “Альтэрнатывы” Алег Кераль асуджаны на 10 сутак арышту, хаця затрымалі яго яшчэ 5 жніўня. У гэты дзень Алег намерваўся дапамагчы маці Іллі Дабратвора, які адбываў адміністрацыйны арышт у ЦІПе, перадаць перадачу. У першай палове дня да ворот ЦІПа, дзе чакаў жанчыну актывіст, пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, выбеглі некалькі амапаўцаў, якія не тлумачачы прычын, схапілі актывіста і, пасадзіўшы ў аўтамабіль, адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска. У РУУСе былі складзеныя два пратаколы – “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП) і “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” (арт. 23.4 КаАП). У судзе Маскоўскага раёна справу мусіла разглядаць суддзя Тацяна Мотыль, якая да самага вечара так і не вызвалілася з іншых судовых паседжанняў. Затым Кераля ізноў адвезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе пратакол адміністратыўнага правапарушэння (дробнае хуліганства) быў перапісаны нанава, а другі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі знік зусім. 6 жніўня суддзя Тацяна Мотыль хутка правяла судовае паседжанне, не дазволіўшы Алегу Кералю выказацца ў судзе па сутнасці справы, каментуючы гэта так: “Я ведаю, што вы прызнаеце сваю віну”. Гэтак жа хутка актывісту была выдадзена загадзя падрыхтаваная пастанова аб адміністратыўным арышце на 10 сутак.
12 жніўня лідар грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” Алег Корбан быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго затрыманне адбылося а 10-й раніцы каля станцыі метро “Каменная горка”. У РУУС Фрунзенскага раёна Мінска на Корбана быў складзены пратакол за “дробнае хуліганства” – паводле артыкула 17.1 КаАП. У гэты дзень Алег Корбан мусіў сустракаць пасля 14-суткавага арышту свайго паплечніка Іллю Дабратвора, і калі гэтага не адбылося, вызвалены актывіст падняў трывогу. Арышт А. Корбана, як і яго аднадумцаў, з пераследам “Альтэрнатывы” за правядзенне кампаніі "За незалежную Беларусь".
15 жніўня Нясвіжскі раённы суд паўторна разгледзеў адміністацыйную справу Наталлі Бордак па абвінавачанні ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства 9 траўня з выкарыстаннем плаката «НЕ — пуцiнскай вайне з Украiнай». Перад гэтым 24 чэрвеня Мінскі абласны суд адмяніў пастанову Нясвіжскага раённага суду ў дачыненні да актывісткі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» аб накладанні на яе алміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу памерам 30 базавых велічынь. Суддзя Гвозд зноў прызнала Наталлю Бордак вінаватай у арганізацыі пікета і зноў прызначыла выплаціць штраф.
18 жніўня ў Мінску быў затрыманы сацыяльны актывіст Раман Халілаў. Ён вяртаўся пасля працы ў свой інтэрнат БДУІРа (з’яўляецца студэнтам 5-га курса). Супрацоўнікі міліцыі, якія чакалі актывіста ў інтэрнаце, правялі вобыск у ягоным пакоі, знайшлі ўлёткі па тэме працоўнага руху, арганізацыі забастовак і іншага зместу. Акрамя ўлётак былі сканфіскаваны кампутар і тэлефон актывіста, а яго адвезлі ў РУУС Савецкага раёна. Там быў складзены стандартны пратакол за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” (арт. 23.4 КаАП) і 19 жніўня суд асудзіў яго на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Пасля адбыцця адміністратыўнага арышту Халілава ізноў запрасілі ў РУУС Савецкага раёна, дзе прад’явілі новы адміністратыўны пратакол па арт. 17.11 “выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Пры гэтым, ніякай спецыяльнай экспертызы наконт экстрэмізму не праводзілася, усё павінен вырашыць суд. Супрацоўнікі міліцыі вярнулі Раману ягоны тэлефон, а кампутар чамусьці палічылі за прыладу для вырабу ўлётак і пакінулі ў РУУСе. Пра дадзеную справу праваабаронцам стала вядома толькі пасля адбыцця пакарання Р. Халілавым.
23 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска была разгледжаная адміністрацыйная справа актывіста “Zмены” Паўла Вінаградава. Яго пакаралі 10 суткамі арышту нібыта за дробнае хуліганства (арт 17.1 КаАП РБ). У гэты дзень да кватэры Паўла Вінаградава падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі, каб той адчыніў ім дзверы. Праз пэўны час Вінаградаў выйшаў на вуліцу, дзе быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў Маскоўскі РУУС, дзе абвінавацілі ў дробным хуліганстве, што ён нібыта лаяўся матам каля аддзялення міліцыі. Пасля складанння пратколу П. Вінаградаў быў дастаўлены ў суд. Суддзя Аляксандар Петраш, нягледзячы на відавочны абсурд абвінавачвання, пастанавіў пакараць актывіста арыштам на 10 сутак. Сам Павел Вінаградаў віны не прызнаў. За дзень да гэтага Павел Вінаградаў напісаў у сваім блогу на сайце «Беларускага партызана», што Zmena вывесіла па Беларусі 100 бел-чырвона-белых сцягоў.
26 жніўня актывіста “Маладога фронту” Дзмітрыя Крамянецкага супрацоўнікі міліцыі заьралі проста з дому і даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска, дзе склалі пратакол з абвінавачаннем у дробным хулінанстве па арт.17.1 КаАП РБ. У гэты ж дзень адміністрацыйную справу Дз. Крамянецкага разгледзеў суддзя суда Савецкага раёна Арцём Бяскішкі і асудзіў актывіста на 10 сутак.
26 жніўня ў Мінску ў другой палове дня супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста ствараемай партыі БХД са Смалявічаў Андрэя Кашэўскага, які распаўсюджваў незалежную прэсу. Супрацоўнікі транспартнай міліцыі сталіцы склалі на яго два пратаколы, прычым распаўсюд газет, уласна з-за чаго ён і быў затрыманы, палічылі за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт.23.34 КаАП), а таксама дадалі яшчэ і дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Да суда актывіст правёў у пастарунку. 27 жніўня суддзя суда Кастычніцкага раёна Аляксандр Сяргей палічыў віну Кашэўскага даказанай і вынес рашэнне аб арышце тэрмінам 5 сутак.
28 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля была разгледжана адміністрацыйная справа актывіста Кастуся Жукоўскага, які быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП 25 жніўня. Па рашэнню суддзі Вольгі Казловай актывіст прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і пакараны адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 5 сутак. У паседжанні па патрабаванні Кастуся Жукоўскага прымаў удзел перакладчык, настаўніца беларускай мовы адной са школ Гомеля. Затрыманы патрабаваў, каб працэс праходзіў на беларускай мове. На судзе Кастусь Жукоўскі падкрэсліў, што ён не вінаваты ў правапарушэнні, у якім яго абвінавацілі. Так, 25 жніўня ён прыехаў дахаты, і выявілася, што не можа трапіць у свой двор: самазвалы з суседняй будоўлі заблакіравалі яму праезд, што з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Цікава, што калі ён выклікаў на месца здарэння супрацоўнікаў ДАІ, то разам з інспектарам дарожнай службы на выклік прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія і затрымалі актывіста, а затым даставілі ў РАУС, і на ноч – у ІЧУ. Супрацоўнікі АМАП сцвярджалі на судзе, што Кастусь Жукоўскі не прадставіў па патрабаванні дакументаў і не прайшоў па патрабаванні ў службовы аўтамабіль, больш таго - «спрабаваў уцячы». Падчас слухання, на этапе агалошвання матэрыялаў справы, яшчэ да выступу адваката, у судовую залу зазірнуў міліцыянер-канваір з кайданкамі ў руках. Ён запытальна зірнуў на суддзю, і тая сцвярджальна кіўнула галавой. Потым суддзя выслухала адваката і Кастуся Жукоўскага, сыйшла на паўгадзіны для прыняцця рашэння, а канваір чакаў у калідоры.
29 жніўня ў другой палове дня супрацоўнікі міліцыі затрымалі на вуліцы Багдановіча ў Мінску каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, калі ён выходзіў з кватэры актывісткі Юліі Сцяпанавай. Як распавёў актывіст Леанід Кулакоў, які стаў сведкам затрымання, Вінярскаму паведамілі, што ён расшукваецца па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. М. Вінярскага даставілі ў Савецкі РУУС Мінска і, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні, склалі на яго пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.4 КаАП. Максім Вінярскі планаваў ў той дзень прыняць удзел у традыцыйнай Талацэ ва ўрочышчы Курапаты. Судовы разгляд справы Максіма Вінярскага адбыўся 1 верасня ў судзе Савецкага раёна Мінска. Суддзя Эдуард Якубоўскі прызнаў актывіста вінаватым і пакараў арыштам тэрмінам 15 сутак.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
12 жніўня Магілёўскі раённы суд прысудзіў штраф у памеры 30 базавыз велічынь журналісту Ігару Барысаву. Нагодай для гэтага стала перавозка ім у сваім аўтамабілі 11 800 асобнікаў незалежных выданняў - газеты “НАШ Магілёў” і бюлетэня “Сацыял-дэмакрат”. Суддзя Магілёўскага раённага суда Станіслаў Леўчанка прызнаў Ігара Барысава вінаватым у распаўсюдзе незалежных выданняў. У адпаведнасці з пастановай суддзі ўся незалежная прэса канфіскоўваецца. Суддзя палічыў, што І.Барысаў парушыў ч.2 арт.22.9 КаАП. Справа звязана з затрыманнем 16 ліпеня аўтамабіля Барысава,які рухаўся з боку Мінска, інспектарамі ДАІ ў прыгарадзе Магілёва. ДАІшнікі праверылі дакументы, пасля чаго паведамілі, што на аўтамабіль атрымана арыенціроўка, што нібыта на ім здзейснена хуліганцтва, і для разбіральніцтва неабходна праехаць у РАУС. У Магілёўскім РАУСе аўтамабіль актывіста быў дагледжаны і канфіскаваны наклады двух незалежных газет.
17 жніўня стала вядома, што баранавіцкага каментатара Уладзіміра Майсюка, які амаль 20 гадоў каментаваў матчы мясцовай каманды, звольнілі з працы пасля таго, як ён скрытыкаваў стан футбольнага поля, на якім футбалісты атрымоўваюць бясконцыя траўмы. Такое стала магчымым пасля таго, як 9 ліпеня ў недзяржаўнай гарадской газеце “Intex-press” у артыкуле “Прафесія – каментатар” Уладзімір Майсюк вельмі негатыўна выказаўся аб працы стадыёна “Лакаматыў”, адміністрацыя якога больш клапоціцца не аб стане футбольнага газона, а найперш, займаецца зборам грошай за арэндную плату. У гэтым артыкуле само футбольнае поле ў Баранавічах вопытны каментатар параўнаў з калгасным і паведаміў, што на баранавіцкім стадыёне адсутнічаюць рознабаковыя спаборніцтвы, няма развіцця дзяцячага спорту. Менавіна пасля публікацыі крытычных заўваг ў недзяржаўнай газеце “Intex-press” кіраўніцтва клуба адхіліла Уладзіміра Майсюка ад каментатарскай працы.
18 жніўня ў Магілёве адносна незалежных журналістаў Алеся Буракова і Міхася Аршынскага былі распачаты адміністрацыйныя разбіральніцтвы. Іх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ, якія не маюць акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі. Алесь Буракоў быў выкліканы старэйшым участковым маёрам Русланам Марозавым для апытання, якое датычылася таго, што ў кастрычніку 2013 года на тэлеканале “БелСат” з’явіўся рэпартаж пра магілёўскія трушчобы і пра тое, як у іх дагэтуль жывуць людзі. Адносна статуса Алеся Буракова ён паведаміў, што ён у пастарунку знаходзіцца як асоба, адносна якой распачата адміністрацыйнае разбіральніцтва. Са слоў маёра Марозава, справу яму накіравалі з КДБ, і ён павінен у ёй разабрацца і адрэагаваць на верагоднае правапарушэнне. У супрацоўніка міліцыі на СД-дыску было запісана некалькі рэпартажаў пра Магілёў, якія паказваў тэлеканал “БелСат”. Адзін з іх датычыўся магілёўскіх трушчоб. Супрацоўнік КДБ, які займаўся гэтай справай, праводзіў аператыўна-вышуковае мерапрыемства з мэтай устанаўлення асобы, якая займалася здымкамі гэтых рэпартажаў. Незалежны журналіст адзначае, што з тэлеканалам “БелСат” ён не супрацоўнічае, а адкуль з’явіліся гэтыя рэпартажы – не ўяўляе. Больш таго, Алесь Буракоў з 2009 года неўяздны ў Польшчу, бо меў канфлікт са сваімі былымі працадаўцамі з “Радыё Рацыя”, і яму праз гэта анулявалі візу.
21 жніўня Савет Міністраў прыняў Пастанову №180 аб стварэнні Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму. Пастанова прадугледжвае і стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Згодна з урадавым паведамленнем, “у камісію ўвойдуць аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, што дасць магчымасць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму”. Рэспубліканская камісія будзе праводзіць экспертызу інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Мінска. Таксама ў яе кампетэнцыі – узгадненне палажэнняў аб абласных камісіях і іх складзе, распрацоўка рэкамендацый для абласных камісій. Акрамя таго, яна будзе разглядаць скаргі на экспертныя заключэнні абласных камісій, вывучаць і распаўсюджваць айчынны і замежны вопыт прадухілення прапаганды экстрэмісцкай дзейнасці ў інфармпрадукцыі. Камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакументы, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэнне для правядзення экспертыз. Таксама яна зможа запрашаць і заслухоўваць на сваiх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасці для экспертыз будуць прыцягвацца розныя спецыялісты, грамадскія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію. Праведзенне экспертызы могуць ініцыяваць дзяржаўныя органы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і індывідуальныя прадпрымальнікі. Таксама яна можа праводзіцца на падставе пастановаў дзяржорганаў або службовых асоб, “якія маюць такое права”. Экспертнае заключэнне экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку, а абласной камісіі – у рэспубліканскай або ў судзе. Паводле Мінінфармацыі, пастанову Савет Міністраў прымаў “у развіццё закона Беларусі "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму"”. "Дакумент прыняты ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяў у інфармацыйнай прасторы", - падкрэслілі ў Мінінфарме.
26 жніўня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка адхіліла скаргу сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Міколы Бянько на дзеянні першага намесніка пракурора Гомельскай вобласці Вадзіма Сушчынскага, які вынес папярэджанне журналісту-фрылансеру за падрыхтоўку інфармацыйных матэрыялаў без акрэдытацыі на замежны СМІ – “Беларускае Радыё Рацыя”. Разгляд скаргі на дзеянні службовай асобы дзяржаўнага органа, якія абмяжоўваюць правы і законныя інтарэсы грамадзяніна, звёўся да высвятлення тэрміну падачы заявы ў суд. Апрача таго, суддзя адмовілася весці судовае паседжанне на беларускай мове, як прасіў Мікалай Бянько. Яна не дазволіла Міколу як сябру ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” мець у судзе свайго прадстаўніка, таксама сябра ГА “БАЖ”, юрыста Леаніда Судаленку. Забаронена было рабіць фота- і відэаздымкі, апроч аўдыёзапісу. Прадстаўнік Гомельскай абласной пракуратуры, старшы памочнік пракурора Дзмітрый Дэбой (які і рыхтаваў папярэджанне Міколу Бянько), таксама заявіў, што права на абскарджванне ў судзе журналіст атрымаў яшчэ 25 сакавіка, пасля пісьмовай адмовы пракурора вобласці скасаваць папярэджанне. У выніку суддзя Марына Дамненка вырашыла адхіліць скаргу журналіста, палічыўшы, што месячны тэрмін для звароту ў суд прапушчаны.
29 жніўня незалежная журналістка Марына Маўчанава, матэрыялы якой публікаваліся на сайце тэлеканала “Белсат”, атрымала позву з патрабаваннем з’явіцца ў міліцыю ў Бабруйску ў якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле артыкула аб парушэнні заканадаўства аб СМІ. 31 жніўня аналагічнае запрашэнне атрымаў брэсцкі журналіст “Беларускага Радыё Рацыя” Яўген Скрабец, якому ўвечары патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі з’явіцца ў аддзяленні нібыта для ўдакладнення звестак адносна ягонага матэрыялу на сайце радыё. У абодвух выпадках размова ідзе пра чарговую спробу прыцягнуць журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі, бо абодва згаданыя СМІ ўжо шмат год дамагаюцца атрымання падобнай акрэдытацыі ад уладаў Беларусі.
Абмежаванне свабоды сходаў
На пачатку жніўня праваабаронцы атрымалі 10 адмоў на правядзенне пікетаў у Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі з мэтай патрабавання вызвалення палітычных вязняў. Не далі дазволаў на правядзенне пікетаў мясцовыя ўлады Наваполацку, Віцебску, Гомеля, Мазыра, Рэчыцы, Жодзіна, Барысава, Баранавічаў, Смаргоні і Магілёва. Усе адмовы мелі фармальныя падставы: адсутнасць дамоў з праваахоўнікамі, медыцынскай службай і камунальнікамі на абслугоўванне пікетаў; намер правесці пікеты на шматлюдных пляцоўках у цэнтрах гарадоў, якія не вызначаны для такіх мэтаў мясцовымі ўладамі.
3 жніўня праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася, што гарадская ўлада не дае згоды на правядзенне пікета 4 жніўня, мэта якога – патрабаванне вызвалення палітычных вязняў. Чыноўнік палічыў, што заяўнік парушыў п. 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2011г. № 308-З) і п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” (у рэд. рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.10.2009г. № 2497). Сяргей Гоўша лічыць, што пікет забаранілі не таму, што няправільна складзена заяўка, а таму, што прадстаўнікі ўлады лічаць, што ў Беларусі няма палітычных вязняў, а толькі крымінальнікі.
4 жніўня віцебскі праваабаронца Леанід Свецік планаваў правядзенне пікета ў падтрымку палітвязняў, але атрымаў адмову. Подпіс пад забаронай паставіла намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Наталля Ляпёшкіна. У заяўцы на акцыю праваабаронца нагадваў мясцовым уладам, што права грамадзян на вольнае выказванне меркаванняў і права на мірныя сходы – гэта найважнейшыя палітычныя правы. Таму ён прасіў забяспечыць на мерапрыемстве грамадскі парадак, медыцынскае і камунальнае абслугоўванне за кошт дзяржавы, а таксама «зрабіць захады па абароне ўдзельнікаў пікетавання ад магчымых правакацыяў і неправамерных дзеянняў з боку праваахоўных органаў пад час падрыхтоўкі і правядзення масавага мерапрыемства, а таксама пасля яго заканчэння”. Аднак адмова была матывавана менавіта адсутнасцю дамоў з міліцыяй, медыкамі і службай ЖКГ на абслугоўванне акцыі.
4 жніўня жодзінскія праваабаронцы так і не атрымалі дакументальнага пацверджання з выканкаму адносна забароны пікета, якія яны планавалі правесці 4 жніўня, пры гэтым кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Ірына Карповіч па тэлефоне паведаміла, што адмова адсылалася яшчэ 28 ліпеня – замоўным лістом і нават з апавяшчэннем.
7 жніўня ў Брэсце быў забаронены пікет у падтрымку палітычных вязняў. У адрозненні ад іншых гарадоў Беларусі, гэтую акцыю планавалася правесці 10 жніўня. Праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які накіраваў заяўку на пікет ў гарвыканкам, месцам правядзення акцыі пазначыў пляцоўку ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая мясцовымі уладамі вызначана ў якасці месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Аднак у атрыманым з гарвыканкама адказе было сказана, што пікет не дазволены, бо ў вызначаны час пляцоўка ўжо занятая “іншым мерапрыемствам”. Высветлілася, што замінаюць правядзенню пікета 10 жніўня святкаванні ў парку з нагоды Дня будаўніка.
11 жніўня праваабаронцы з Бярозы Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі накіравалі заяву ў Брэсцкі аблвыканкам з мэтай абавязваць Бярозаўскі райвыканкам прывесці сваё рашэнне адносна парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у адпаведнасць з пастановай Савета міністраў №207, згодна з якой пасля падачы заявы райвыканкам на працягу сутак звяртаецца ў міліцыю для ўзгаднення пытанняў па ахове парадку на масавым мерапрыемстве. У красавіку бягучага года праваабаронцы звярталіся ў Міністэрства юстыцыі і Брэсцкае абласноеўпраўленне ўнутраных спраў, каб гэты суб’екты абавязалі Брозаўскі райвыканкам унесці неабходныя змены ў сваё рашэнне. З атрыманых адказаў здавалася, што праблема будзе вырашана. Як паведамілі з Міністэрства юстыцыі за подпісам першага намесніка міністра А.У. Білейчыка і з Брэсцкай абласной управы ўнутраных спраў за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення В.П.Угляніцы, рашэнне райвыканкама павінна быць выпраўлена згодна пастановы Саўміна. Аднак падчас падрыхтоўкі праваабаронцаў да пікету на 27 ліпеня высветлілася, што зменаў у рашэнні райвыканкама няма. З міліцыі яны зноў атрымалі адказ: мы не можам скласці з вамі дамовы, да нас павінен звярнуцца, згодна пастановы Саўміна №207, райвыканкам.
13 жніўня каардынатар Руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў атрымаў Савета Міністраў адказ на зварот некалькіх дзесяткаў жыхароў абласнога цэнтру з просьбай паспрыяць змяненню рашэння Віцебскага гарвыканкама №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску" ды ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасці гэтага дакумента Канстытуцыі. У адмове было сказана, што Прэзыдыюм Савета Міністраў прыняў рашэнне не накіроўваць просьбу аўтараў калектыўнага ў Канстытуцыйны суд без аніякіх тлумачэнняў. Прадстаўнікі Саўміна не адказалі на яшчэ адно пытанне – пра тое, каб у межах сваёй кампетэнцыі гэты орган самастойна ўнёс змены ў рашэнне Віцебскага гарвыканкаму, якое немагчыма выканаць, бо мясцовыя ўлады патрабуюць, каб разам з заяўкай на акцыю ініцыятары прыкладалі дамовы на абслугоўванне супрацоўнікамі міліцыі, ЖКГ, а таксама медыкамі. Гэтыя структуры ўхіляюцца ад заключэння дамоў любымі магчымымі шляхамі. Ухіліўшыся ад адказаў па сутнасці, прадстаўнікі Савету Міністраў пераадрасавалі зварот віцяблянаў у Міністэрства юстыцыі. У лісце, атрыманым з Мінюста, было адзначана, што мясцовыя ўлады могуць самі ўсталёўваць парадак звароту па дазволы на вулічныя акцыі. Адно што мусілі канстатаваць чыноўнікі – дык гэта тое, што ў розных рэгіёнах прадугледжаны ўладамі парадак адрозніваецца.
22 жніўня бярозаўскія праваабаронцы атрымалі адмову ў правядзенні пікета, які быў запланаваны на 25 жніўня. Мэтай пікета было адзначэнне ўгодкаў надання Дэкларацыі незалежнасці БССР статусу канстытуцыйнага закона, а таксама выказванне пратэсту супраць размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі і патрабаванне вызвалення палітвязняў. Адмова падпісана намеснікам старшыні райвыканкама Яўгенам Тарасюком. Чыноўнік прычынай адмовы назваў адсутнасць копіі дамовы з міліцыяй, у той час як да міліцыі наконт абмеркавання абслугоўвання пікета, згодна Пастановы Савета міністраў № 207, павінен звярнуцца сам райвыканкам. Ведаючы незаконнасць спасылкі, чыноўнік дадае яшчэ адну прычыну: спартовыя мерапрыемствы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, на якіх прадугледжваецца наяўнасць гледачоў, якія адбудуцца ў гэты ж час. 25 жніўня бярозаўская праваабаронца Тамара Шчапёткіна і грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч ў мяркуемы час пікету з 18 да 19 гадзін прыйшлі на цэнтральны стадыён Бярозы, каб паглядзець, ці сапраўды там адбываюцца мерапрыемствы з масай гледачоў, з-за якіх бярозаўскія чыноўнікі не дазволілі пікет. Але ўваход на стадыён, дзе актывісты прасілі месца для 10 пікетоўцаў, быў пусты, як і вялікія трыбуны. Толькі 25 юных спарцменаў знаходзіліся на вялікім футбольным полі: частка гуляла ў футбол, а частка рэдкім ланцужком рабіла прабежку вакол поля.
24 жніўня праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў адказ з Баранавіцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Дзмітрыя Касцюкевіча на свой ліст, у якім прасіў паведаміць прычыну забароны пікета, які планаваўся 27 ліпеня. Чыноўнік паведаміў, што пікет, прымеркаваны да дня прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці 27 ліпеня, быў забаронены таму, што заяўнік не прадставіў своечасова копіі дамоў з гарадскім аддзелам унутраных спраў, паліклінікай і “Спецаўтабазай” па абслугоўванні запланаванага пікета. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Заяўнікі за месяц падалі заяву аб правядзенні пікета, а крыху пазней падалі копіі дамоў з гарадскімі дзяржаўнымі структурамі па абслугоўванні мерапрыемства. Неабходныя дакументы былі прадстаўлены ў гарвыканкам своечасова -- за 15 дней да запланаванага пікета.
27 жніўня стала вядома пра забарону ў Віцебску пікета, прымеркаванага да 60-годдзя А. Лукашэнкі. Заяўку на акцыю ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна падаваў "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў. Ён выканаў усе патрабаванні, рэгламентаваныя рашэннем гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску", але дазволу так і не атрымаў. У лісце з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі напісана, што патрабаванні рашэння гарвыканкаму №881 заяўнік выканаў не ў поўным аб'ёме. Паводле Ігара Пастнова, ён зрабіў усё, што ад яго патрабавалася, але сутыкнуўся з даўняй праблемай арганізатараў масавых мерапрыемстваў. Заяўнік мусіць прадставіць раённай адміністрацыі дамовы на абслугоўванне пікету супрацоўнікамі ЖКГ, гарадской паліклінікай і міліцыяй. І. Пастноў звярнуўся ва ўсе гэтыя структуры па дамовы, але станоўчы адказ атрымаў толькі ад камунальшчыкаў: прадпрыемства "Зеленгас", якое займаецца прыборкай гарадской тэрыторыі, заключыла з ім дамову. З паліклінікі яму адказалі, што не займаюцца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў і параілі звярнуцца ў раённую адміністрацыю – маўляў, акцыямі займаюцца яны. З міліцыі напісалі, што аховай правапарадку ў любой якасці займаюцца без усялякіх дамоў, бо гэта прафесійны абавязак міліцыянераў. Такім чынам, з паліклінікай і міліцыяй, якія згаданы ў рашэнні выканкаму як другі бок, з якім трэба заключыць дамову, супрацоўніцтва не атрымалася. І. Пастноў збіраўся 30 жніўня або ў бліжэйшы пасля гэтай даты выходны дзень правесці аднаасобную акцыю - выйсці з плакатам "Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!". Апрача гэтага, на плакаце ён хацеў размясціць фотаздымак свайго разлікловага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях.
28 жніўня намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў па пошце атрымаў рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, які прызнаў, што беларускія ўлады парушылі яго права на правядзенне мірнага сходу, забараніўшы ў верасні 2008 года правесці ў Гомелі масавае мерапрыемства з мэтаю агітацыі грамадзян не прымаць удзел у парламенцкіх выбарах, якія праходзілі ў краіне 28 верасня 2008 года. Адпаведнае рашэнне было прынята 17 ліпеня бягучага года. У Камітэт ААН Васіль Палякоў паскардзіўся пасля таго, як не знайшоў абароны сваіх правоў унутры краіны. У сваім рашэнні Камітэт па правах чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаванне на свабоду мірнага сходу, тады ёй варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні. А паколькі Урад Беларусі палічыў, што толькі забаронай мірнага сходу можна забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку, ахову маральнасці і здароўя насельніцтва ці абарону правоў і свабодаў іншых асобаў, то парушыў права заяўніка на свабоду правядзення мірнага сходу паводле артыкула 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
28 жніўня з 18 да 19 гадзін у Пружанах адбыўся адзіны дазволены з 7 пададзеных заявак на Брэстчыне пікет на гарадскім стадыёне “Мухавец” з мэтай збору подпісаў за адкрыццё малога памежнага руху ў 30-кіламетровай зоне паміж Беларуссю і Польшчай. На пікеце прысутнічалі 3 чалавекі. Каардынатар кампаніі за малы памежны рух на Брэстчыне, сябра партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Аляксандр Храпко адзначыў, што не пашчасціла з надвор’ем: ішоў дождж, таму акрамя дзяжурных міліцыянераў і саміх пікетоўшчыкаў нікога больш не было. Подпісаў не сабралі. У Пружанах нават не спатрэбілася дамоў з адпаведнымі дзяржаўнымі службамі.
29 жніўня дзясяткі магіляўчан накіравалі калектыўны зварот у Савет Міністраў Беларусі, у якім просяць адмяніць рашэнне Магілёўскага гарвыканкама "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве". Аўтары звароту адзначаюць, што гэтае рашэнне супярэчыць заканадаўству Беларусі аб масавых мерапрыемствах і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, і, такім чынам, парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў на свабоду масавых сходаў. Грамадзяне, што падпісалі зварот, указваюць, што рашэннем Магілёўскага гарвыканкама ўстаноўлены дадатковыя патрабаванні да прадастаўлення дакументаў пры падачы заявы на правядзенне масавага мерапрыемства: маецца на ўвазе неабходнасць прадаставіць дамовы на абслугоўванне масавага мерапрыемства (ахова, медычнае абслугоўванне і прыборка тэрыторыі). Але практыка паказвае, што гэтыя дамовы заключыць немагчыма, паколькі іх адмаўляюцца заключаць без дазволу выканаўчай улады на правядзенне мерапрыемства, а дазвол на правядзенне мерапрыемства не даюць без заключаных дамоў па яго абслугоўванні. У звароце адзначаецца, што парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах носіць масавы характар: патрабаванне разам з заявай на правядзенне мерапрыемства прадастаўляць дамовы на абслугоўванне мерапрыемства ўтрымліваецца ў адпаведных рашэннях органаў улады Віцебка, Воршы, Полацка, Дуброўна, Глыбокага, Докшыцаў, Талачына, Мёраў, Ушачаў, Шаркаўшчыны, Мінска, Жодзіна, Пухавічаў, Барысава, Брэста, Пінска, Камянца, Бярозы, Століна, Гомеля, Калінкавічаў, Мазыра, Буда-Кашалёва, Рэчыцы, Нароўлі, Ельска, Веткі, Жыткавічаў, Добруша, Петрыкава, Рагачова, Жлобіна, Светлагорска, Кармы, Магілёва, Мсціслава. Грамадзяне звяртаюць увагу на тое, што падобных абмежаванняў не ўтрымліваецца ў рашэннях аб масавых мерапрыемствах двух рэгіёнаў краіны: у горадзе Мінску і Гродзенскай вобласці. Грамадзяне, што падпісалі зварот, просяць Саўмін адмяніць рашэнне Магілёўскага гарвыканкама для прывядзення ў адпаведнасць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама ініцыяваць праверку адпаведнасці Канстытуцыі 40 нарматыўных прававых актаў аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў Канстытуцыйным Судом.
Абмежаванне свабоды асацыяцый
8 жніўня сд Ленінскага раёна Брэста не задаволіў іск былога рабочага ААТ “Савушкін прадукт” Уладзіміра Андрашчука, які звярнуўся ў суд, каб панудзіць кіраўніцтва прадпрыемства выплаціць яму 15 мільёнаў рублёў, што выплочваюцца па калектыўнай дамове пры выхадзе на пенсію. Для выплаты непасрэдны кіраўнік Андрашчука павінен быў хадайнічаць перад генеральным дырэктарам ААТ “Савушкін прадукт”, і той вырашае, даць гэтую суму, ці не. Непасрэдны кіраўнік не стаў хадайнічаць, паколькі вырашыў, што Андрашчук не мае ніякіх адносін да калектыўнай дамовы, паколькі не з’яўляецца сябрам дзяржаўнага прафсаюза. Пры гэтым стаж бездакорнай працы Андрашчука на прадпрыемстве складае 39 гадоў. Суд спаслаўся менавіта на гэты пункт дамовы: непасрэдны кіраўнік не хадайнічаў за работніка. Але суд прызнаў, што Андрашчук далучаны да калектыўнай дамовы, паколькі згодна з арт. 365 ч.2 Працоўнага кодэкса, калі работнік – не сябра афіцынага прафсаюза – напісаў заяву аб далучэнні да калектыўнай дамовы, то ён становіцца яе ўдзельнікам.
26 жніўня заснавальнікі рэспубліканскага праваабарончага аб’яднання “Пакт”- Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах накіравалі ў Вярхоўны Суд скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць створанае грамадскае аб’яднанне. Выканаўчы дырэктар аб’яднання Леанід Судаленка адзначыў, што арганізацыя стваралася дзеля абароны інтарэсаў грамадзян, на карысць якіх Камітэт па правах чалавека ААН прыняў і будзе прымаць рашэнні аб парушэнні з боку дзяржавы іх грамадзянскіх і палітычных правоў. Адмаўляючы ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання, Міністэрства юстыцыі спаслалася на такія недакладнасці ў дакументах, як памылка ў нумары кватэры аднаго з заснавальнікаў і ў даце нараджэння другога. Заснавальнікі дадзеныя памылкі лічаць тэхнічнымі, не здольнымі паўплываць ні на якія абставіны пры прыняцці рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання.