У абноўленым спісе расейскага «Мемарыялу» - 45 палітвязняў
Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" 11 жніўня апублікаваў актуальны спіс асобаў, якія арганізацыя, у адпаведнасці з міжнароднымі крытэрамі, прызнае палітычнымі вязнямі.
Спіс налічвае 45 чалавек.
Папярэдні спіс, апублікаваны ў лютым 2014 года, утрымліваў 40 прозвішчаў.
За мінулы перыяд на свабоду выйшлі Аляксандра Духаніна (Навумава), Міхаіл Касенка, Канстанцін Лебедзеў, Міхаіл Сава, Кірыл Унчук. Унчук цалкам адбыў пакаранне, Лебедзеў вызвалены ўмоўна-датэрмінова, паколькі актыўна супрацоўнічаў са следствам і даў паказанні ў дачыненні да іншых асобаў, якія незаконна асуджаныя па палітычных матывах; да астатніх ўжыта крымінальнае пакаранне, не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства.
За той жа перыяд былі прызнаныя палітвязнямі Яўген Віцішка, Айдар Гарыф'янаў, Дзмітрый Ішэўскі, Яўген Кулагін, Руслан Кутаеў, Аляксей Навальны, Алег Савін, Расім Сатаеў, Міхаіл Фельдман, Дзмітрый Фанароў, Аляксей Хамадаеў. Сярод іх ёсць людзі, пераслед якіх, звязаны з пазбаўленнем волі, змяшчэннем пад варту або хатнім арыштам, пачаўся раней, але быў вывучаны ПЦ "Мемарыял" за мінулы перыяд, а таксама тыя, хто быў пазбаўлены волі за час, які прайшоў з моманту публікацыі папярэдняга спісу.
Прызнанне чалавека палітвязнем не азначае ні згоды ПЦ "Мемарыял" з яго/ яе поглядамі і выказваньнямі, ні адабрэння гэтых выказванняў або дзеянняў. У той жа час, калі чалавек не прызнаны палітвязнем, гэта не азначае адабрэння яго пераследу або згоды з ім. У прыватнасці, у цяперашні час ПЦ "Мемарыял" вывучае падставы і абставіны крымінальнага пераследу Алега Сянцова, Надзеі Саўчанка, Канстанціна Янкаўскаса і іншых асобаў. Ёсць падставы меркаваць, што ў пераследзе гэтых людзей ёсць палітычныя матывы і парушэнні закона, паведамляюць праваабаронцы.