viasna on patreon

Жыхарка Клімавіцкага раёна падала пазоў у суд супраць участковага

2014 2014-08-15T10:49:56+0300 2014-08-15T10:49:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-alena-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Марчанка

Алена Марчанка

Жыхарка вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алена Марчанка 13 жніўня падала пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Клімавіцкага раёна. У якасці адказчыкаў па пазову Алена Марчанка просіць прыцягнуць участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Вадзіма Панасенка і УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Алена Марчанка звяртаецца да суда Клімавіцкага раёна з просьбай прызнаць не адпавядаючымі рэчаіснасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць звесткі, якія былі ўказаны ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Панасенка В. С., і якія былі агалошаны 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы №07-01-81-2013.

У прыватнасці, Алена Марчанка лічыць не адпавядаючымі рэчаіснасці наступныя сцвярджэнні ўчастковага Панасенка: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі яна не рэагуе.

Спадарыня Марчанка просіць суд абавязаць адказчыка абвергнуць звесткі, ганьбячыя яе, шляхам прадастаўлення характарыстыкі, якая адпавядае рэчаіснасці, за подпісам участковага інспектара Панасенка В. С. і агалошвання яе на бліжэйшым планавым пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў яе прысутнасці, а таксама наступнага публічнага прынясення ўчастковым інспектарам Панасенка В. С. ёй выбачэнняў. Таксама Алена Марчанка звяртаецца да суда з просьбай спагнаць з адказчыка ўплачаную ёй дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў.

Нагадаем, што раней Алена Марчанка звярталася ў Клімавіцкі РАУС, УУС Магілёўскага аблвыканкама і прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. У прыватнасці, у шэрагу з іншым, у характарыстыцы ўчастковы інспектар напісаў, што Алена Марчанка “схільная да ілжы і паклёпу”.

Сама Алена Марчанка выказвала нязгоду з гэтым сцвярджэннем супрацоўніка міліцыі і ў якасці доказу прывяла той факт, што яна ні разу не прыцягвалася да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці дысцыплінарнай адказнасці за распаўсюд ілжывай альбо паклёпніцкай інфармацыі.

Таксама спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенка, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.

Станоўчага выніку папярэднія звароты спадарыні Марчанкі аб прыцягненні да адказнасці ў РАУС і УУС не прынеслі.

Нагадаем таксама, што 17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства