Агляд эўрапейскіх практыкаў прававога рэгуляваньня валянтэрства
Эўрапейскі цэнтар некамэрцыйнага права (ICNL) падрыхтаваў агляд эўрапейскіх практыкаў рэгуляваньня валянтэрскай дзейнасьці. Дасьледаваньне было выкананае на замову Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі і Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend).
У аналітычным дакумэнце прадстаўленыя сучасныя эўрапейскія падыходы да прававога рэгуляваньня валянтэрскай працы, якая разумеецца як неаплатная неабавязковая праца, гэта значыць час, які асобы выдаткоўваюць бязвыплатна на дзейнасьць, што ажыццяўляецца альбо праз арганізацыю, альбо непасрэдна ў інтарэсах іншых асобаў, якія не ўваходзяць у склад іх уласнай хатняй гаспадаркі. Менавіта гэта азначэньне валянтэрства ўжываецца Міжнароднай арганізацыяй працы.
Прававое рэгуляваньне валянтэрства зьяўляецца актуальным напрамкам разьвіцьця права некамэрцыйных арганізацыяў у нашым рэгіёне. За апошні час новыя законы пра валянтэрскую дзейнасьць былі прынятыя ў Літве, Грузіі, Македоніі, Малдове, Славаччыне, Сэрбіі ды Ўкраіне. У 2012 годзе Грамадзкая палата Расійскай Фэдэрацыі абвясьціла аб намеры прыняць законапраект аб валантэрскай дзейнасьці ў якасьці рэакцыі на спантанную валянтэрскую актыўнасьць.
Прававы статус валянтэра, распаўсюджаньне на яго працоўных гарантыяў і ільготаў, неабходнасьць сацыяльнага страхаваньня, пытаньні падаткаабкладананьня і неабходнасьць выразна сфармуляваных нормаў прававой адказнасьці для валянтэрскай дзейнасьці, а таксама комплекс праблемаў, зьвязаных зь міжнароднай дабраахвотнай працай — усе гэтыя аспэкты валянтэрства актуальныя як для беларускіх няўрадавых арганізацыяў, так і для грамадзянскай супольнасьці ўсёй Эўропы.
Адсутнасьць юрыдычнага азначэньня тэрміна “валянтэр” можа прыводзіць да таго, што да валянтэраў ставяцца як да аплачваемых наёмных работнікаў, ужываючы да іх патрабаваньні працоўнага заканадаўства (напрыклад, абавязковае страхаваньне, нормы мінімальнай аплаты працы і г.д.). Праз гэта арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, якія працуюць з валянтэрамі, могуць несьці пакараньне за невыкананьне дадзеных палажэньняў. Напрыклад, у Турцыі няўрадавыя арганізацыі атрымліваюць штрафы за наяўнасьць незастрахаваных работнікаў, бо патрабаваньне па абавязковым страхаваньні работнікаў ужываецца і ў дачыненьні да валянтэраў. Такая ж праблема існуе і ў Албаніі, дзе арганізацыі абавязаныя рэгістраваць валянтэраў у Бюро занятасьці і вымушаныя аплачваць іх страхаваньне пад пагрозай сур’ёзнага пакараньня.
Аналітычны дакумэнт, падрыхтаваны ECNL, утрымлівае агляд розных мадэляў прававога рэгуляваньня валянтэрства — як праз прыняцьцё адмысловага закону, так і іншым шляхам (у тым ліку праз самарэгуляваньне). Прадстаўлены аналіз перавагаў і недахопаў розных мадэляў рэгуляваньня, а таксама дадзеныя парады па практычнай распрацоўцы новых нацыянальных актаў рэгуляваньня валянтэрскай дзейнасьці як для краінаў зь вялікімі традыцыямі дабраахвотнай працы, так і для тых, дзе валянтэрскі рух толькі пачынае разьвівацца.