viasna on patreon

Міліцыянту, які ўдарыў журналіста, Лукашэнка даў ордэн

2014 2014-08-05T15:46:58+0300 2014-08-05T15:47:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jausiejeu.jpg
Ігар Яўсееў

Ігар Яўсееў

Ордэны, мэдалі, ганаровыя званьні народных і заслужаных дзеячоў — усяго Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў некалькі дзясяткаў чалавек.

Ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені ўзнагароджаныя выключна міліцэйскія генэралы: намесьнік Дзяржаўнага Сакратара Савета бясьпекі Аляксандар Канавалаў, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі МУС Валянцін Міхневіч і начальнік упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама міліцыі Ігар Яўсееў.

Ігар Яўсееў вядомы як нястомны барацьбіт за зачыстку Менска ад нязгодных і незадаволеных. Да чэрвеня 2012 года ён быў начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі Менгарвыканкама, каардынаваў разгоны акцый пратэсту, у тым ліку і разгон Плошчы 19 сьнежня 2010 года. Пастаянныя ўдзельнікі акцый пратэсту і незалежныя журналісты добра ведаюць Яўсеева ў твар.

 

Менавіта Яўсееў зьбіў фатографа Ўладзя Грыдзіна 20 сьнежня 2012 года, ударыў нагой, паваліўшы ў сьнег. Гэты момант зафіксавалі на камэру калегі журналіста. Яўсееў за сваю стараннасьць атрымаў значнае павышэньне — узначальвае Упраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, стаў генэрал-маёрам і трапіў у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу.

Адзначыўся Ігар Яўсееў і ў 2011 годзе, падчас брутальнага падаўленьня акцый “маўклівых пратэстаў” у Менску. На відэа Радыё Свабода зафіксаваны момант, калі Ігар Яўсееў удзельнічае ў жорсткім затрыманьні сям’і з маленькім дзіцём. Пасьля ён вырваў камэру з рук журналісткі Радыё Свабода Галіны Абакунчык.

«За вялікі асабісты ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі» ордэнам Пашаны ўзнагароджаны яшчэ адзін неўязны ў ЭЗ — генэральны дырэктар БелТА Дзьмітры Жук.

 

Ігар Яўсееў б’е фатографа Ўладзю Грыдзіна падчас адной з акцый апазіцыі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства