У Магілёўскай вобласці паболела альтэрнатыўных крыніц інфармацыі
На Магілёўшчыне напрыканцы ліпеня аднавілі свой выхад шэраг незалежных маланакладных газет і інфармацыйных бюлютэняў .
Пасля больш чым гадавога перапынку зноў пачала выдавацца газета “Магілёўскі Выбар”. Выданне пазіцыянуе сябе як абласная дэмакратычная трыбуна, у якой сваё асабістае меркаванне па розных пытаннях можа выказаць любы неабыякавы жыхар Магілёўскай вобласці. У мінулым годзе журналісты менавіта гэтага выдання з дапамогай праваабаронцаў здолелі даказаць у судзе, што распаўсюд маланакладных выданняў не супярэчыць дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Таксама пасля перапынку аднавілі свой выхад маланакладныя газеты “Клімавіцкая інфа-панарама”, “Паходня”, “Шклоў-інфо”, якія распаўсюджваюцца адпаведна на тэрыторыі Клімавіцкага, Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Усе гэтыя газеты выдаюцца накладам 299 асобнікаў і распаўсюджваюцца бясплатна, дзякуючы гэтаму ім не патрабуецца дзяржаўная рэгістрацыя.
Неабходна адзначыць, што ў Магілёўскай вобласці існуе не вельмі шмат друкаваных крыніц інфармацыі, якія даюць альтэрнатыўны пункт гледжання на падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне і нашай краіне. Між тым далёка не ўсе людзі ў рэгіёнах карыстаюцца інтэрнэтам, наадварот, колькасць яго карыстальнікаў за мінулы год у Магілёўскай вобласці нават знізілася. Згодна дадзеных, прадстаўленых генеральным дырэктарам партала tut.by Александрам Чэканам на канферэнцыі “Дзелавы інтэрнэт”, якая праходзіла ў Магілёве ў сакавіку гэтага года, у снежні 2013 года ў Магілёўскай вобласці інтэрнэтам карысталіся на 11% менш, чым у снежні 2012 года.
Адной з асноўных тэм, якая будзе асвятляцца ў незалежных выданнях, стане тэма карупцыі ў дзяржаўных установах, арганізацыях і на прадпрыемствах Магілёўскай вобласці, а таксама інфармаванне насельніцтва рэгіёнаў аб негатыўных працэсах, якія адбываюцца ў нашай краіне пад выглядам “рэфармавання” сельскай гаспадаркі.
У газеце “Паходня”, якая выдаецца ў Бялыніцкім раёне, традыцыйна змяшчаецца шмат матэрыялаў пра парушэнне правоў працоўных, артыкулаў праваабарончай тэматыкі і інфармацыі пра сацыяльна-эканамічны стан рэгіёна.