Андрусь Цянюта адлічаны з універсітэту
Сустаршыня “Маладога Фронту” Андрусь Цянюта адлічаны з гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Актывіст завочна навучаўся па спецыяльнасці “Правазнаўства” на 3 курсе.
Прычына адлічэння: сістэматычнае (паўторнае цягам навучальнага года) невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў навучэнца, калі да яго раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання.
Падставай для адлічэння паслужылі дзве судовыя пастановы і дакладная запіска дэкана завочнага факультэта М.Н. Мурашкі.
Згодна Кодэксу РБ аб адукацыі, за здзяйсненне дысцыплінарнай правіны да тых, хто навучаецца, могуць быць прымененыя наступныя меры дысцыплінарнага спагнання: заўвага; вымова; адлічэнне.
Права выбару меры дысцыплінарнага спагнання належыць кіраўніку ўстановы адукацыі. Пры выбары меры дысцыплінарнага спагнання павінны ўлічвацца цяжар дысцыплінарнай правіны, прычыны і абставіны, пры якіх яна здзейснена, папярэднія паводзіны навучэнца.
Падчас суду ад 17 красавіка Андрусь адтрымаў толькі вымову, 6 траўня, калі ўжо распачаліся масавыя затрыманні перад ЧС па хакеі, суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў Цянюту вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыянтам, адправіўшы яго “ў адпачынак” на 10 сутак. Дадзенае рашэнне будзе абскаржана ў судовым парадку.
Апроч таго, што кіраўніцтва ВНУ не дачакалася выніку абскарджвання, Цянюту не выклікалі на гутарку, не далі магчымасці абараніць свае правы праз прафсаюз студэнтаў.
Андрусь Цянюта пракаментаваў такое рашэнне:
“Гэта форма ціску на мяне. Універсітэт Скарыны, рэктар якога — стаўленік самога Лукашэнкі, даўно зарэкамендаваў сябе як “кішэнны” ўніверсітэт, у якім адлічваюць за грамадскую дзейнасць. Да прыкладу, не так даўно за актыўную грамадскую пазіцыю быў адлічаны маладафронтавец Станіслаў Була. Вельмі гучная справа разгарнулася пры адлічэнні студэнта-выдатніка Змітра Жалезнечэнкі”.