У Брэсце вучыліся “ведаць свае правы”
У Брэсце адбыўся семінар “Ведай свае правы”. Удзельнікамі мерапрыемства, якое было арганізавана мясцовым прадстаўніцтвам РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, былі актывісты грамадскіх арганізацый і палітычных партый, а таксама тыяі, хто жадае ведаць, як абараніць свае правы.
Падчас семінара юрысты і праваабаронцы распавялі пра палажэнні Канстытуцыі РБ, якія тычацца права на мірныя сходы, атрыманне і распаўсюд інфармацыі, а таксама беларускага заканадаўства (Законы “Аб масавых мерапрыемствах”, “Аб звароце грамадзян”, “Аб друку” ды інш.).
Асобная ўвага была нададзена практычнаму досведу: у прыватнасці, як трэба рэагаваць у выпадках выкліку ў міліцыю па тэлефоне альбо позве, і што варта ведаць у сітуацыях, калі міліцыянты прыходзяць па месцы жыхарства грамадзян. Акрамя таго, удзельнікі семінара атрымалі парады, якія тычацца выпадкаў затрыманняў падчас збору подпісаў, распаўсюду ўлётак і іншай друкаванай прадукцыі, правядзення дазволеных дэманстрацый, сходаў і пікетаў, а таксама захады па абскарджанню незаконных дзеянняў міліцыі ў адпаведных інстанцыях.