Змітру Дашкевічу прысудзілі штраф - 10 базавых велічынь
У судзе Першамайскага раёна Мінска 30 студзеня адбылося слуханне адміністратыўнай справы былога палітвязня Змітра Дашкевіча.
Актывіста абвінавачвалі ў парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду (п.1 арт.24 - 12 КаАП), гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 6 да 10 базавых велічынь. Рашэнне суда - штраф у 10 базавых велічынь.
Абвінавачаны ў суд не з'явіўся, патлумачыўшы гэта занятасцю на працы. Акрамя таго, на думку Дашкевіча, у судах працуюць людзі, «якія не аднойчы фабрыкавалі справы» і якім ён не лічыць патрэбным даказваць сваю невінаватасць, перадае БелаПАН.
Зміцер Дашкевіч атрымаў папярэджанне за парушэнне правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду пасля таго, як 19 снежня не з'явіўся ў крымінальна-наглядную інспекцыю Першамайскага РУУС, дзе павінен адзначацца першы, трэці і чацвёрты чацвер кожнага месяца.
Як растлумачыў Дашкевіч, ён проста забыўся пра тое, што трэці чацвер месяца выпаў на 19 снежня. На наступную раніцу яму патэлефанаваў інспектар з прапановай з'явіцца ў РУУС, што Дашкевіч адразу ж зрабіў, але ў міліцыі ў яго дачыненні склалі пратакол аб парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду.
Як адзначыў палітык, у падобных выпадках (калі чалавек адзін раз забыўся прыйсці ў міліцыю, але зрабіў гэта на наступны дзень) пратаколы, як правіла, не складаюць. Аднак інспектар сказаў Дашкевічу, што скласці гэты пратакол яму загадала начальства.
Нагадаем, 28 жніўня мінулага года Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы № 1 пасля амаль трохгадовага зняволення. Ён быў арыштаваны напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асуджаны спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а пасля за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Пад прэвентыўным наглядам Дашкевіч павінен знаходзіцца на працягу паўгода пасля вызвалення. Яму забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзін.
6 лістапада Дашкевіч быў затрыманы ў Мінску падчас акцыі «Маладога фронту»: яе ўдзельнікі збіралі подпісы мінакоў за вяртанне сталічнай вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы - Францысканская. У той жа дзень палітыка асудзілі за непадпарадкаванне міліцыі на трое сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Дашкевіч сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што яго асудзілі на падставе сфальсіфікаванага пратаколу, і расцаніў дзеяньні ўладаў як «працяг курсу на пераслед іншадумцаў».
5 снежня Дашкевіч быў папярэджаны аб магчымым працягу і ўзмацненні прэвентыўнага нагляду ў выпадку «далейшага аказання супраціву супрацоўнікам міліцыі».