Магілёвец Юрый Новікаў абскардзіў штраф за збор подпісаў супраць расійскіх авіябаз
Намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага падаў наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда.
Ён просіць адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва, які 29 кастрычніка 2013 года вынес яму штраф у памеры 5 850 000 рублёў за парушэнне Закона “Аб СМІ”.
8 верасня Юрый Новікаў, разам з іншымі дэмакратычнымі актывістамі, збіраў подпісы супраць Расійскіх авіябаз на вуліцы Ленінскай у цэнтры Магілёва. Пасля таго, як збор подпісаў скончыўся, да актывіста падыйшлі міліцыянты і затрымалі яго.
Суд палічыў, што ўлёткі і падпісныя лісты, якія былі ў Новікава пры затрыманні з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі і прысудзіў яму штраф. Магілёўскі абласны суд таксама не стаў на бок дэмакрата.
Магілёўскія праваабаронцы з рашэннем суда катэгарычна нязгодны і лічаць падобны суд палітычным працэсам.