Віцебскі аблвыканкам зацікавіўся сябрамі БАЖ
Аддзел ідэалогіі праінфармаваў рэдакцыі мясцовых газет, хто з супрацоўнікаў з'яўляецца "бажаўцам", а хто толькі збіраецца ўступіць у "непажаданую" арганізацыю. Асобных журналістаў выклікалі ў аблвыканкам для тлумачэнняў наконт сяброўства ў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Калегі сышліся на думцы, што няйнакш гэтая цікаўнасць звязана з будучымі выбарамі.
Пад увагу "ідэолагаў" найперш трапілі ўдзельнікі сяброўскай сустрэчы віцебскіх журналістаў, якая прайшла напрыканцы мінулага года. На ёй прысутнічалі і "бажаўцы", і проста калегі-журналісты.
"Аднак у аблвыканкаме, падобна, "залічылі" ў БАЖ усіх без выключэння, -- распавядае журналістка Алена Сцяпанава. – Прынамсі, мне тэлефанавалі некалькі чалавек, якія сябрамі ГА “БАЖ” ніколі не з'яўляліся, але сказалі, што папрокі атрымалі і яны. Кагосці папярэджвалі наконт небяспекі ўступлення ў "непажаданую" арганізацыю, кагосці ўшчувалі за ўдзел у "непажаданым сходзе" напярэдадні Новага года. Калегам давялося тлумачыць, што збіраліся яны не на сход, бо з Віцебску няма асобнай гарадской філіі ГА “БАЖ”. І што гэта была звычайная перадсвяточная сяброўская сустрэча за гарбатай, дзе людзі дзяліліся сваімі планамі, размаўлялі пра нейкія прафесійныя праблемы, а потым слухалі спевы Георгія Станкевіча, барда з Бешанковічаў".
Раней падобныя сустрэчы ніякай цікаўнасці ў аддзела ідэалогіі аблвыканкаму не выклікалі. Сяброўствам у ГА “БАЖ” асабліва не папракалі нават журналістаў дзяржаўных выданняў. Іншая справа, што сачылі за дзейнасцю незалежных журналістаў: прыкладам, у мінулым годзе абласная пракуратура вынесла папярэджанне за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі журналісту Уладзіміру Жыгулову, пазалетась такое папярэджанне атрымала Алена Сцяпанава. У 2013 годзе супраць журналісткі была ініцыяваная адміністрацыйная справа паводле такога ж абвінавачання, але суд адмовіўся разглядаць справу, палічыўшы сабраныя матэрыялы недастатковымі
Сёлета яшчэ некалькі віцебскіх журналістаў выказалі жаданне далучыцца да ГА БАЖ. Менавіта гэтай акалічнасцю, а таксама тым, што наперадзе -- мясцовыя выбары, якія будуць асвятляць якдзяржаўныя, так і незалежныя СМІ, калегі тлумачаць жаданне аблвыканкаму кантраляваць сяброўства ў гэтай арганізацыі. А па магчымасці – увогуле не дапусціць павелічэння колькасці "бажаўцаў" у Віцебску.