У Польшчы зноў вылучаюць Бяляцкага на Нобэля
Польскія дэпутаты вылучаюць зьняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру 2014 года.
Подпісы за вылучэньне супольна зьбіраюць дэпутаты ад дзьвюх парлямэнцкіх партый — «Права і справядлівасьць» і «Грамадзянская плятформа». Аб гэтым паведамляе «Gazeta Wyborcza».
Паводле «Gazety Wyborczеj», подпісы за вылучэньне Бяляцкага на нобэлеўскую прэмію міра ўжо паставілі 160 дэпутатаў Сэйма Польшчы.
«Так як некалі „Салідарнасьць“ была ўзнагароджана Нобэлеўскай прэміяй у асобе Леха Валэнсы, так і абаронцы правоў чалавека ў Беларусі павінны быць узнагароджаныя Нобэлеўскай прэміяй міру ў асобе Алеся Бяляцкага», — перакананы дэпутат Адам Ліпінскі з партыі «Права і справядлівасьць».
Дэпутаты абедзьвюх партый падкрэсьліваюць, што ў справе вылучэньня кандыдатуры Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міра ў іх існуе поўная згода.
Кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію міру можна вылучаць да 1 лютага.
Дэпутаты Сэйма вылучалі Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру і ў 2012 годзе.