Віцебская паліклініка "не можа скаардынавацца" з апазіцыянерамі
У судзе Першамайскага раёна Віцебска прайшоў разгляд скаргі Аляксея Гаўруцікава і Хрыстафора Жаляпава. Яны патрабавалі прызнаць незаконнай забарону Першамайскай адміністрацыяй пікету салідарнасці з палітвязнямі, які не адбыўся 10 снежня. Суд адмовіў актывістам.
Прычына забароны пікету ў Дзень правоў чалавека ўжо традыцыйная: адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцыі. Хоць актывісты і спрабавалі заключыць дамовы, звярнуўшыся ў належныя службы за два месяцы да запланаванага мерапрыемства. Ім адмовілі ў абласной управе МУС і цэнтральнай гарадской паліклініцы.
Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падавалі заяўку ў Першамайскую адміністрацыю абласнога цэнтру. І разам з заяўкай – копіі лістоў з прапановай заключыць дамовы, адрасаваных у міліцыю, гарадскую паліклініку і службу ЖКГ. З апошняй структурай ніколі няма праблем – яны пагаджаюцца на дамовы. З міліцыі адказалі ўжо пасля таго, як раённыя ўлады даслалі адмову: маўляў, пра што дамаўляцца, калі акцыя ўжо забароненая. З цэнтральнай гарадской паліклінікі таксама прыйшла адмова: дамову на абслугоўванне заключыць немагчыма, бо ўзімку ўсе медычныя службы працуюць у складаным рэжыме, абумоўленым масавымі захворваннямі.
"Мы падавалі скаргу на рашэнне раённай адміністрацыі, але прасілі выклікаць у суд прадстаўнікоў з міліцыі і паліклінікі ў якасці зацікаўленых асоб, -- распавядае Аляксей Гаўруцікаў. -- Хацелі паслугаць аргументы структур, з-за чыіх адмоў нам ужо не ўпершыню не дазваляюць правесці акцыі. Але з міліцыі не прыйшоў ніхто, а прадстаўнікі паліклінікі прапанавалі нам новае сваё вынаходніцтва: аказваецца, з намі не заключаюць дамовы, бо мы зарана да іх звяртаемся. Маўляў, яны не могуць скаардынаваць з намі свае дзеянні, бо не ведаюць сваіх планаў. Так, мы звярталіся і за два месяцы да меркаваных акцый, і за 30 дзён, і за 20… Яны ж кажуць, што добра было б, каб за 5. Але заканадаўства патрабуе, каб заяўка на акцыю падавалася за 15 дзён мінімум. Прычым да яе адразу трэба прыкладаць і дамовы на абслугоўванне. Гэтага патрабуюць паводле адпаведнага рашэння гарвыканкаму".
За час дзеяння гэтага рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 – а гэта амаль чатыры гады – у абласным цэнтры не было дазволены ніводнай акцыі па ініцыятыве мясцовых актывістаў. Хоць заявак было пададзена каля сотні, аднак справа з дамовамі "ўпіралася" ў немагчымасць дамовіцца з міліцыяй і медыкамі. Міліцыя заўсёды адказвае, што заключаць дамовы будзе толькі ў тым выпадку, калі акцыю дазволяць. А медыкі спасылаюцца на самыя разнастайныя адгаворкі – ад немагчымасці арганізаваць дзяжурства ў сувязі з успышкай сезонных захворванняў да апошняй версіі пра немагчымасць скаардынаваць дзеянні загадзя.
Першамайскі райсуд не ўбачыў у гэтай сітуацыі нічога надзвычайнага, і скаргу актывістаў не задаволіў, распавёў Хрыстафор Жаляпаў:
"Рашэнне раённай адміністрацыі пра забарону акцыі прызнана слушным, а нашы прэтэнзіі – беспадстаўнымі. Атрымліваецца, што рашэнне гарвыканкаму мусяць выкнваць толькі заяўнікі, а дзяржаўныя ўстановы, міліцыя і паліклініка, могуць яго ігнараваць? Праз гэта нашы правы на правядзенне масавых мерапрыемстваў рэалізаваць проста немагчыма. І перашкоды для гэтага стварылі гарадскія ўлады, прыняўшы невыканальнае рашэнне, якое адмаўляюцца змяніць, колькі мы гэтага ні патрабавалі".