viasna on patreon

У Быхаве, Шклове і Круглым збіраюцца балатавацца альтэрнатыўныя прэтэндэнты

2014 2014-01-14T23:00:21+0300 2014-01-14T23:00:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/podpisanie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 студзеня дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па збору подпісаў на вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета 27 склікання па Шклоўскай гарадской выбарчай акрузе №57 падаў у акруговую выбарчую камісію грамадскі актывіст са Шклова Міхаіл Кучарэнка. Ён – вядомы на Магілёўшчыне краязнаўца, былы кадравы вайсковец, пазіцыянуе сябе ў якасці незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты. Як стала вядома, сваю падтрымку яму збіраюцца выказваць шклоўскія актывісты кампаніі “Гавары праўду” і Партыі БНФ.

14 студзеня дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў акруговую камісію Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14 падаў пісьменнік, актывіст Партыі БНФ Сяргей Антонаў. Ён збіраецца вылучыцца ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў па гэтай выбарчай акрузе. Па словах Сяргея Антонава, у выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ён збіраецца ў перыяд збору подпісаў усё ж правесці ў Быхаве дазволены пікет супраць размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі.

Таксама напрыканцы мінулага тыдня у акруговую выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Магілёўскага аблсавета па Круглянскай выбарчай акрузе №27 дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаў бялыніцкі прадпрымальнік, актывіст кампаніі “Гавары праўду” Алег Мяцеліца. Па словах Алега Мяцеліцы, ён вырашыў вылучацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты аблсавета ад Круглянскага раёна, бо ўсё яго дзяцінства прайшло ў адной з мясцовых вёсак, фактычна ён там і нарадзіўся. Да таго ж частка тэрыторыі Бялыніцкага раёна на папярэдніх выбарах дэпутатаў Магілёўскага аблсавета пастаянна ўваходзіла ў Круглянскую выбарчую акругу.

Цікава, што старшыня акруговай выбарчай камісіі Круглянскай выбарчай акругі №27 Іван Саплюкоў асабіста абтэлефанаваў усіх сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэнні Алега Мяцеліцы, каб спраўдзіць інфармацыю, што яны сапраўды добраахвотна ўвайшлі ў склад групы прэтэндэнта ў кандыдаты. Пенсіянер Іван Пятровіч Саплюкоў, які раней узначальваў арганізацыйны аддзел Круглянскага райвыканкама, напрацягу многіх гадоў кіруе выбарчымі камісіямі пры правядзенні выбараў розных узроўняў у Круглянскім раёне…

Мяркуецца, што бліжэйшым днём падасць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў Круглянскую раённую камісію па выбарах дэпутатаў раённага Савета мясцовая актывістка Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка. Зінаіда Уладзіміраўна плануе вылучацца кандыдатам у дэпутаты Круглянскага райсавета па Лермантаўскай выбарчай акрузе №12.

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства