Маці Эдуарда Лобава: Атрымала падарунак — пачула голас сына з калёніі
Палітвязень Эдуард Лобаў на каталіцкія Каляды змог патэлефанаваць дамоў пасьля працяглага маўчаньня.
Маці Эдуарда Марына Лобава адзначае, што голас сына быў вельмі радасны і бадзёры.
«Атрымала такі добры падарунак на Раство — пачула голас сына з калёніі. Вось як нам мала трэба для шчасьця. Голас быў бадзёры, радасны. Гэта ягонае ўлюбёнае сьвята — Раство. Відаць, яму таксама было прыемна пачуць галасы родных».
Паводле Марына Лобавай, яе сын ў калёніі працягвае навучацца на электрыка і ўжо выконвае пэўныя працоўныя заданьні.
Нібыта за зьбіцьцё мінакоў за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня. Пакараньне Эдуард Лобаў адбывае ў калёніі ў Івацэвічах. Палітвязень сваёй віны гэтак і не прызнаў. У судзе Эдуард Лобаў казаў пра правакацыю спэцслужбаў.