viasna on patreon

У Магілёве арганізатар акцыі "Стоп падатак" падаў скаргу на суддзю

2014 2014-01-05T13:03:29+0300 2014-01-05T13:03:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddzia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў лічыць, што суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Алена Селядцова дапусціла парушэнні, і паскардзіўся на яе начальніку Галоўнага ўпраўлення юстыцый Магілёўскага аблвыканкама.

Ён просіць, каб суддзя была прыцягнута да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці за забарону зрабіць копіі матэрыялаў адміністрацыйнай справы, а таксама выклік дзяжурнага міліцыянта суда ў свой кабінет з дапамогай трывожнай кнопкі.

Пасля таго, як Антон выйшаў на свабоду пасля адбывання ў ізалятары часовага ўтрымання трохсуткавага арышту за парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў, ён пайшоў у суд, каб зрабіць копіі матэрыялаў сваёй адміністрацыйнай справы для абскарджвання рашэння раённага суда ў Магілёўскім абласным суддзе. 

"Разам з праваабаронцай Барысам Бухелем я зайшоў да суддзі Селядцовай, якая мяне судзіла, з заявай на азнаямленне з матэрыяламі маёй справы і магчымасць зрабіць з яе копіі метадам фотаграфавання. Яна ў грубай форме сказала, каб Барыс Бухель выйшаў з яе кабінета, бо размаўляць яна будзе толькі са мной. На гэта праваабаронца патлумачыў, што ён разам са мной прыйшоў на прыём з канкрэтнай просьбай і на дадзены момант ніякі адміністрацыйны працэс не вядзецца. Тым не менш, суддзя зноўку запатрабавала, каб праваабаронца выйшаў з яе кабінета і націснула трывожную кнопку", - кажа Антон Касцоў.

Пасля гэтага Барыс Бухель выйшаў з кабінета, дзе яго ўжо чакаў дзяжурны міліцыянт суда Кастрычніцкага раёна Павел Смык, які паразмаўляў з праваабаронцам аб прычынах выкліку трывожнай кнопкі.

Далей Антона Касцова дзяжурны суправадзіў у канцэлярыю суда, дзе яму выдалі для азнаямлення матэрыялы адміністрацыйнай справы, аднак забаранілі рабіць копіі метадам фотаграфавання. 

Толькі пасля таго, як праваабаронца звярнуўся да старшыні суда Уладзіміра Мазурава, было дазволена зрабіць копіі матэрыялаў адміністрацыйнай справы Антона Касцова метадам фотаграфавання.

На думку актывіста АГП, суддзя Алена Селядцова парушыла ч.2 арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога забараняецца супрацьдзеянне ў аказанні прававой дапамогі, а таксама Закон "Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб", паводле якога грамадзяне маюць права мець сваіх прадстаўнікоў пры рэалізацыі права заяўніка на звароты ў розныя інстанцыі. 

Нагадаем, што Антон Касцоў 26 снежня быў асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю акцыі "Стоп падатак" 20 снежня ў Магілёве, а таксама за падрыхтоўку другой акцыі пратэсту аўтамабілістаў супраць увядзення падатка на аўто праз сацыяльную сетку "Вконтакте", якая мусіла адбыцца 27 снежня 2013 года. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства