Баранавічы: супрацоўнік міліцыі ўзяў тлумачэнне ў Мікалая Чарнавуса адносна пікету супраць карупцыі
Да індывідуальнага прадпрымальніка і актывіста Мікалая Чарнавуса, які працуе на Цэнтральным каапрынку, завітаў участковы міліцыянер. Супрацоўнік міліцыі ўзяў тлумачэнне ў грамадскага актывіста наконт несанкцыянаванага пікету супраць карупцыі, які прайшоў у гарадскім парку 26 снежня. У гэтым адзіночным пікеце арганізатар у адзенні Дзеда Мароза трымаў у руках плакат “Старшыні Дзічкоўскі, Язубец – непатапляемыя. Старшыня аблвыканкама Сумар абмануў Прэзідэнта. Карупцыянер у парламенце. Ганьба!!!”
Мікалай Чарнавус адмаўляе свой удзел у пікеце і ўпэўнены, што да суда справа не дойдзе, бо мясцовыя чыноўнікі не зацікаўлены ў раздуванні карупцыйнага скандала, у якім замешаны першыя асобы горада і раёна.
У Баранавічах ходзяць размовы, што старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі і райвыканкама Мікалай Язубец былі замешаны ў растраце бюджэтных грошай на адпачынкі ў Эміратах і ў іншых карупцыйных справах. Але да крымінальнай адказнасці не былі прыцягнуты. Віктар Дзічкоўскі стаў дырэктарам завода жалезабетонных канструкцый, а Мікалай Язубец – дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.