viasna on patreon

Мазыр: раённая камісія створана з чыноўнікаў, начальнікаў і дэпутатаў

2014 2014-01-02T23:41:52+0300 2014-01-02T23:41:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chyny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мазырская раённая выбарчая камісія створана па прынцыпу «усе – свае людзі». Калі глянуць няўзброеным вокам на спіс камісіі – дык ніякіх там начальнікаў ці чыноўнікаў няма, спрэс прадстаўнікі «ад грамадзян», «прафсаюзу», грамадскіх аб'яднанняў. Калі ж разабрацца – дык адны начальнікі, працаўнікі выканкаму ды нават і два дэпутаты раённага Савету! Так, у склад раённай камісіі ўвайшоў дэпутат райсавету Сяргей Каробкін (змяніў шмат прац у выканкаме, і ўсе на кіруючых пасадах, працаваў начальнікам аддзелу моладзі, потым – спорту і турызму, потым – спартыўнага комплексу, зноў вярнуўся ў райвыканкам, а таксама з'яўляецца памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Канопліча). Але гераічная біяграфія не пазначана ў паведамленні пра стварэнне камісіі, Каробкін вылучаны «грамадзянамі». А яго калега, таксама дэпутат райсавету Тамара Брэль, дырэктар фабрыкі «Надэкс», вылучана ў камісію працоўным калектывам бухгалтэрыі роднага прадпрыемства.

Запісаны ў камісію і члены райвыканкаму Вераніка Байкова, Ларыса Чорная, Міхаіл Пашынскі. Яны аддана працавалі ў раённнай камісіі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, таксама, як і Мікалай Дзягцераў (кіруючы аддзяленнем банка «БПС-Сбербанк» у Мазыры), як і Наталля Усікава (дырэктар гасцінічнага комплексу «Прыпяць»). І Дзягцераў, і Усікава вылучаны ў камісію «ад грамадзян».

Канечне, прысутнічаюць у камісіі верныя яе сябры з мінулых выбараў Вераніка Байкова (начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу райвыканкаму), якую вылучылі таксама «грамадзяне», і Міхаіл Пашынскі (кіруючы справамі райвыканкама), вылучаны «прафсаюзам».

Начальнік мясцовага РУЭС (раённага вузла электрычнай сувязі) Аляксандр Болсун трапіў у камісію як вылучэнец ад роднага працоўнага калектыву.

Яшчэ адзін сябар раённай камісіі, Пётр Зыкун, да нядаўняга часу працаваў начальнікам РАУС, а зараз узначальвае паліграфічнае прадпрыемства «Калор», на якім друкуе сваю газету яшчэ адзін сябар камісіі – галоўны рэдактар раённай газеты «Жыццё Палесся» Ларыса Чорная. Апошняя трапіла ў камісію чамусьці ад прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Ларыса Чорная і на Усебеларускі сход ездзіла ў 2010 годзе, пасля якога ў адным сваім артыкуле 25 разоў узгадала прозвішча прэзідэнта, запэўніваючы яго праз газету ў гарачай падтрымцы на выбарах-2010.

Дзяржаўныя служачыя павінны займаць не больш траціны камісіі, але наўрад ці гэты прынцып выконваецца ў Мазырскай раённай камісіі, прынамсі, як і ў іншых. Вось яшчэ адзін сябар камісіі – начальнік міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Лагімахаў.

Аднаго банкіра было мала ў камісіі, таму ўключылі сюды і Рыту Сцяпанчанку, кіраўніка аддзялення ў Мазыры «Белзнешэканомбанка». Канечне, у спісе пазначана, што вылучана яна ад «Беларускага саюза жанчын». Кіраўнік аддзялення банка ездзіла таксама на Усебеларускі сход у 2010 годзе, як і Наталля Усікава (дырэктар гасцінічнага комплексу «Прыпяць»), прынамсі, як і Ларыса Чорная. Рэдактар раёнкі так ужо хваліла ў адным артыкуле банкіра Рыту Сцяпанчанка.

Карацей, усе свае людзі ў камісіі, якія прадстаўляюць міфічную грамадскасць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства