Рабочыя «Полацак-Шкловалакна» не спадзяюцца на генпракурора
ААТ «Полацак-Шкловалакно» наведаў Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандар Канюк. Мэтай візыту былі сустрэча з працоўным калектывам прадпрыемства і правядзеньне прыёму грамадзян. Абвестка пра прыезд Аляксандра Ўладзімеравіча была вывешаная літаральна за суткі, і на прыём да яго запісалася ўсяго пяцёра завадчан з чатырох з паловай тысяч.
Візыт быў заплянаваны яшчэ на верасень, але тады не адбыўся ў сувязі з занятасьцю пракурора. Пасьля заканчэньня прыёму Аляксандар Канюк зрабіў экскурсію па прадпрыемстве. Як заўсёды, чыноўніка павялі ў новы цэх па вытворчасьці шкловалакна, дзе абсталяваньне яшчэ адносна новае.
Большая частка пытаньняў, зь якімі людзі зьвярнуліся да генпракурора, насіла асабісты характар. Пытаньні наконт працоўнага права пракурору не задавалі. Між тым, работнікі прадпрыемства, расчараваўшыся ў мясцовых праваахоўных органах, пісьмова зьвярнуліся ў канстытуцыйны суд. Свабодны прафсаюз работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» ад імя сваіх сябраў прафсаюзу папрасіў канстытуцыйны суд разгледзець на адпаведнасьць канстытуцыі нормаў калектыўнай дамовы.
На думку рабочых, у калектыўнай дамове дапушчаная дыскрымінацыя правоў работнікаў па прыкмеце прыналежнасьці да прафсаюзу. Такі самы калектыўны зварот ў канстытуцыйны суд зараз падпісваюць рабочыя ААТ «Полацк-Шкловалакно», якія зьяўляюцца сябрамі Белхімпрафсаюзу.