viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2013 года

2013 2013-08-10T08:45:00+0300 2013-08-26T14:32:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Ліпень 2013 года
 

У ліпені захавалася тэндэнцыя да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека. У беларускіх турмах і калоніях па-ранейшаму ўтрымліваліся 12 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Андрэй Гайдукоў. Дзмітрый Мядзьведзь і Святаслаў Барановіч працягвалі адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, Андрэй Пачобут – пакаранне з адтэрміноўкай выканання прысуду. Да ўзбуджанай у чэрвені крымінальнай справы супраць былога палітвязня Васіля Парфянкова за парушэнне прэвентыўнага нагляду, дадалася аналагічная крымінальная справа супраць Уладзіміра Яроменка. Прэвентыўны нагляд як сродак кантролю і ціску працягваў выкарыстоўвацца адносна былога палітзняволенага Паўла Вінаградава, яшчэ ў адносінах да 25 памілаваных і вызваленых датэрмінова -- прафілактычны нагляд. Працягваліся следчыя дзеянні па крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 193.1 КК за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі супраць Аляксея Шчадрова.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” не расцэньвае спыненне крымінальнага пераследу Ірыны Халіп і Уладзіміра Някляева пасля заканчэння адтэрміноўкі выканання прысудаў як знак паляпшэння агульнай сітуацыі ў сферы правоў чалавека, паколькі лічыць іх пакаранне незаконным, несправядлівым і палітычна матываваным па сваёй сутнасці. 

Адсутнасць станоўчай дынамікі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі вымушаны быў прызнаць у сваім дакладзе, падрыхтаваным для еўрапейскіх інстытутаў, член Еўрапарламента Ю.Палецкіс. Калі ў траўні падчас першага чытання ў дакладзе казалася пра “паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека” ў Беларусі, то пасля сур’ёзнай крытыкі з боку беларускіх экспертаў і еўрадэпутатаў падчас другога чытання 9 ліпеня ў Камітэце па замежных справах Еўрапарламента фармулёўка была зменена. "Тэзіс пра тое, што змянілася сітуацыя з правамі чалавека, перафармуляваны цалкам. Зараз гаворыцца пра цяжкае становішча з правамі чалавека. Але адначасова цытуецца, па статыстыцы Праваабарончага цэнтра "Вясна", што колькасць асуджаных па палітычных матывах паменшылася. Але зараз тлумачыцца, што гэтыя лічбы — вынік атмасферы запалохвання і рэпрэсій", -- адзначыў Юстас Палецкіс. Еўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Савету ЕС і дзяржавам - членам ЕС еўрапарламентарыі рэкамендавалі заклікаць беларускія ўлады паважаць правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформаў, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Еўропы. Па меркаванні Еўрапарламента, ЕС таксама павінен яшчэ раз выразна пазначыць: перадумовай для якога-небудзь прагрэсу, які мог бы прывесці да зняцця санкцый і разблакоўкі двухбаковых адносін, з'яўляецца безумоўнае і неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў. ЕС, гаворыцца ў дакладзе, павінен "з найбольшай карысцю выкарыстоўваць часовае прыпыненне візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпламатычнага канала сувязі, і яго магчымы ўдзел у саміце Усходняга партнёрства, перш за ўсё для таго, каб садзейнічаць вырашэнню пытання аб палітвязняў".

У развіццё дадзенай стратэгіі пытанне пра вызваленне палітзняволеных у Беларусі абмяркоўвалася на сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза і Усходняга партнёрства, якая прайшла 22 ліпеня ў Бруселі з удзелам кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея. Адразу пасля сустрэчы У.Макей адзначыў: "Мы абмеркавалі ўсе пункты, якія стаялі на парадку дня, што датычацца нашага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам".

Паводле ацэнкі кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса, беларускі міністр прадэманстраваў жаданне "канструктыўна супрацоўнічаць" з ЕС. "У адрозненне ад таго, што было раней, не было ніякіх пярэчанняў - можа, прамаўчаў у гэтым месцы, але гэта лепш, чым пярэчыць - калі большасць выступоўцаў нагадалі пра пытанне палітвязняў", - адзначыў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і добрасуседства пасля сустрэчы з Уладзімірам Макеем выказаў спадзяванне, што запрашэнне міністра замежных спраў можа прынесці станоўчыя вынікі для палітвязняў у Беларусі, а бліжэйшым часам у Брусэлі ён зможа сустрэцца з Алесем Бяляцкім:“Цяпер адкрыліся магчымасці для ўзаемадзеяння з уладамі на такім узроўні, які не тое што не дазваляе нам забыцца аб нашых патрабаваннях і ўмовах, але на самой справе можа іх ўзмацніць”.

Аднак рэальных вынікаў аптымізм еўрапейскіх палітыкаў і зробленыя авансы беларускаму афіцыйнаму боку да канца ліпеня так і не прынёс.

У сітуацыі ігнаравання беларускімі ўладамі мандату спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі, які быў працягнуты Саветам па правах чалавека ААН у чэрвені бягучага года, і адмовамі ў запрашэнні ў краіну, важнай падзеяй для міжнароднай ацэнкі сітуацыі сталі праведзеныя ў Вільні 12-13 ліпеня кансультацыі Міклаша Харашці з прадстаўнікамі беларускай праваабарончай супольнасці. Міклаш Харашці чарговы раз звярнуўся да беларускіх уладаў па візу, паколькі лічыць патрэбным прыехаць у Беларусь, каб на месцы вывучыць сітуацыю з правамі чалавека, а таксама сыходзячы з пераканання, што дыялог з беларускімі ўладамі можа стаць вельмі важным інструментам паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, але ніякай рэакцыі на свой зварот не атрымаў. Падчас кансультацыяў у Вільні вялікая ўвага надавалася беларускаму заканадаўству, неадпаведнасць міжнародным стандартам якога і практыка ўжывання прыводзяць да негатыўных наступстваў у розных галінах правоў чалавека.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 2 ліпеня Мікалаю Статкевічу дазволілі кароткатэрміновае двухгадзіннае спатканне з жонкай Марынай Адамовіч у магілёўскай турме №4 -- праз краты, двайное шкло і тэлефон. 12 ліпеня палітвязню дазволілі патэлефанаваць з турмы жонцы. Ён адзначыў, што пасля працяглага змагання яму дазволілі рабіць адзін званок на месяц. 16 ліпеня Марына Адамовіч паведаміла, што ў лісце Мікалай Статкевіч напісаў, што яго папярэдні ліст быў не проста канфіскаваны, а накіраваны ў абласную пракуратуру разам з яго паказаннямі аб сітуацыі ў Шклоўскай калоніі, пра якую ён напісаў у гэтым лісце.

 5 ліпеня маці зняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча -- Таццяна Францкевіч паведаміла, што пасля вызвалення, якое мусіць адбыцца ў пачатку верасня, над яе сынам будзе ўстаноўлены міліцэйскі нагляд. У жніўні ў калоніі павінен адбыцца суд, які вызначыць тып і тэрмін нагляду. 29 ліпеня Таццяна Францкевіч адзначыла, што ад Аляксандра даходзяць не ўсе лісты, бо цэнзар Івацэвічскай калоніі «Воўчыя норы» сышоў у адпачынак.

9 ліпеня абарона Андрэя Гайдукова падала касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд на прысуд, вынесены Віцебскім абласным судом. Паводле звестак маці Андрэя Гайдукова – Вольгі Гайдуковай, вязня да канца ліпеня намераны ўтрымліваць у Віцебскім СІЗА.

10 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска адмовіў экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, лідэру кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміру Някляеву ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нападу на яго 19 снежня 2010 года. Пасяджэнне суда адбылося пад старшынствам Валерыя Есьмана. У.Някляеў прасіў адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, падпісанае пракурорам мінскай пракуратуры Ермаковым, і абавязаць "распачаць крымінальную справу па факце бандыцкага нападу".

Экс-кандыдат у прэзідэнты заявіў, што разглядае напад на яго 19 снежня "як замах на жыццё". Прадстаўнік адказчыка, пракурор Бабчонак заявіў, што не згодны з У.Някляевым. Пракуратура абгрунтавала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы тым, што, паводле дадзеных, атрыманых з МУС і КДБ, спецпадраздзяленні гэтых структур не праводзілі 19 снежня якіх-небудзь мерапрыемстваў у дачыненні да Уладзіміра Някляева і яго прыхільнікаў. Суд палічыў гэтыя довады абгрунтаванымі. 25 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска вызваліў Уладзіміра Някляева, асуджанага 20 траўня 2011 года на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, ад адбыцця пакарання. Экс-кандыдат у прэзідэнты быў прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд над У. Някляевым заняў 40 секунд. З пастановай суда У.Някляеў быў ​​азнаёмлены ў кабінеце суддзі Вольгі Коцур. 

12 ліпеня былому палітвязню Васілю Парфянкову следчы Першамайскага РУУС Мінска афіцыйна прад’явіў абвінавачанне паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса (парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду). У гутарцы са следчым Парфянкоў заўважыў, што паводле закона для ўзбуджэння крымінальнай справы неабходна мець тры парушэнні, а ў яго толькі іх два. Следчы адказаў, што «два парушэнні — гэта ўжо сістэма”, і інспектар убачыў у гэтым падставу для ўзбуджэння справы. 17 ліпеня В. Парфянкоў азнаёміўся з матэрыяламі справы, пасля чаго яна была накіравана ў суд. Дата суда да канца ліпеня не была прызначана. В.Парфянкову пагражае арышт на паўгода ці пазбаўленне волі да аднаго года. Васіль Парфянкоў за ўдзел у Плошчы 2010 года быў асуджаны да 4 гадоў зняволення, памілаваны і выпушчаны на волю, пасля чаго над ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. За яго парушэнне ў 2012 годзе В. Парфянкоў ужо быў асуджаны на 6 месяцаў арышту.

13 ліпеня Эдуард Лобаў сустрэўся ў калоніі з каталіцкім святаром -- айцом Дзмітрыем са Слуцкай парафіі, з якім ён ужо двойчы сустракаўся. Сустрэча праходзіла ў прысутнасці супрацоўніка адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі № 22, дзе адбывае пакаранне Эдуард, і працягвалася прыкладна гадзіну. У канцы ліпеня маці Эдуарда Лобава – Марына Лобава паведаміла, што са следчага камітэта прыйшла адмова на скаргу сына, датычную ягоных незаконных допытаў супрацоўнікамі КДБ падчас папярэдняга следства.

14 ліпеня, у дзень вянчання маладафронтаўца Уладзіміра Яроменкі, яму патэлефанаваў следчы Першамайскага РУУС г. Мінска і настойліва папрасіў з’явіцца на размову. У.Яроменак дамовіўся перанесці размову на 16 ліпеня. У гэты дзень яму прад’явілі пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле 421 КК РБ (парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду), датаваную 24-м траўня. 22 ліпеня У.Яроменак разам з адвакатам азнаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы. Сярод дакументаў -- пратаколы, якія склалі супрацоўнікі міліцыі паводле парушэнняў нагляду. Усталяваных судом парушэнняў толькі два, а астатнія — тое, што лічыць міліцыя парушэннямі. З імі У. Яроменак не пагадзіўся, і адвакат выклала дадзеныя заўвагі ў скарзе. Таксама ў скарзе звярталася ўвага на тое, што справа была расследавана ў гэтак званым „хуткім рэжыме“ — усяго за 15 дзён, між тым як заведзеная яна была яшчэ ў траўні. Пасля азнаямлення СА справай яна была перададзена ў пракуратуру. З Уладзіміра Яроменка следчы ўзяў падпіску пра нявыезд.

18 ліпеня Аляксей Шчадроў, супраць якога пачата крымінальная справа паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), паведаміў пра намер зарэгістраваць дабрачынную арганізацыю місіянераў дабрачыннасці імя Маці Тарэзы з Калькуты. Некалькі дзён таму Аляксея Шчадрова наведаў прадстаўнік Шчучынскага РАУС, які цікавіўся сітуацыяй у прытулку ў вёсцы Аляксандраўка непадалёк ад Васілішак. На той час у ім засталося 7 нямоглых чалавек, якія фактычна не могуць нават хадзіць. Калі супраць Аляксея Шчадрова была пачата крымінальная справа, у прытулку, які размяшчаўся ў чатырох хатах, было 27 чалавек. Семярых з іх удалося ўладкаваць на працу, іншыя раз’ехаліся. За два гады, што прытулак існаваў, у ім перабыло 97 чалавек. Аляксей Шчадроў склаў скаргу на імя пракурора Шчучынскага раёна, у якой просіць адмяніць пастанову пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да яго і спыніць вытворчасць па ёй.

19 ліпеня суд вызваліў журналістку Ірыну Халіп, асуджаную 16 траўня 2011 года па абвінавачанні ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за падзеі ў Мінску 19 снежня 2010 года, да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады, ад адбыцця пакарання па заканчэнні адтэрміноўкі прысуду. Такое рашэнне прыняла суддзя суда Партызанскага раёна Мінска Рыта Шаграй. Суддзя зачытала  матэрыялы з крымінальна-выканаўчай інспекцыі РУУС Партызанскага раёна Мінска пра ўмовы адбыцця І.Халіп пакарання і вынікі праверак рэжыму адбыцця пакарання, а таксама хадайніцтва крымінальна-выканаўчай інспекцыі аб вызваленні яе ад пакарання. Пракурор Сакалова падтрымала гэтае рашэнне. Падтрымаў таксама і супрацоўнік інспекцыі. 30 ліпеня Ірына Халіп пры рэгістрацыі на рэйс Мінск-Варшава супрацоўнікі службы бяспекі аэрапорта “Мінск-2” забралі ў яе пашпарт. Журналістцы паведамілі, што яна знаходзіцца ў “спісах КДБ”, і яе вылет у Польшчу неабходна ўзгадніць з Камітэтам дзяржбяспекі. Пашпарт І. Халіп вярнулі за паўгадзіны да ўзлёту самалёта. Пасля вызвалення ад адбыцця пакарання Ірыну Халіп у міліцыі запэўнілі, што ўсе абмежаванні з яе знятыя.

20 ліпеня скончыўся двухгадовы тэрмін умоўнага паккаранння ў Сяргея Марцалева,  22 ліпеня – у Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты, Андрэя Дзмітрыева, Віталя Рымашэўскага. Усе яны былі асуджаныя па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

20 ліпеня сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, які адбывае тры гады абмежавання волі ў спецкамендатуры в. Куплін Пружанскага раёна, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён наведаў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога заняла каля паўтары сутак.

20 ліпеня лідару палітвязню, “Маладога Фронту” Дзмітрыю Дашкевічу, які адбывае пакаранне ў Гродненскай турме строгага рэжыму, споўнілася 32 гады. Гэта ўжо трэці Дзень нараджэння, які Д.Дашкевіч сустрэў за кратамі.

24 ліпеня бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіча паведаміў, што з атрыманага ад палітвязня Мікалая Аўтуховіча ліста яму стала вядома, што ў Гродненскую турму № 1 даходзяць не ўсе лісты з волі. Палітвязень напісаў, што, калі раней ён атрымліваў у месяц у сярэднім 90-95 лістоў, то ў чэрвені да яго дайшло толькі 40, хоць ён ведае, што пэўныя людзі лісты яму дасылалі.

24 ліпеня палітзняволены Яўген Васьковіч быў змешчаны на 10 сутак у штрафны ізалятар Магілёўскай турмы №4, дзе ён адбывае пакаранне. Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі, але адзначыў, што матывіроўкая яму невядомая. Пачынаючы з траўня 2011 года, калі Я.Васьковіч быў накіраваны для адбыцця пакарання, ён правёў у штрафным ізалятары амаль 200 сутак. Па словах Дзяніса Садоўскага, адмінітрацыя турмы працягвае настойліва прапаноўваць Васьковічу напісаць прашэнне пра памілаванне, але ён катэгарычна адмаўляецца.

28 ліпеня палітвязню Арцёму Пракапенку споўнілася 23 гады. Напярэдадні яму дазволілі кароткатэрміновае спатканьне на працягу дзвюх гадзін з сям’ёй. Маці вязня Віялета Пракапенка распавяла, што ён працуе ў начную змену і стамляецца, вельмі схуднеў. Яму родныя даслалі атэстат, паколькі зняволены збіраецца вучыцца на муляра.

Маці А.Пракапенкі прасіла, каб ён напісаў прашэнне аб памілаванні, але Арцём гаворку на гэтую тэму абарваў.

Смяротнае пакаранне

4 ліпеня асуджаны да смяротнага пакарання гамяльчук Аляксандр Груноў падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд на прысуд Гомельскага абласнога суда. Напярэдадні праваабаронца Леанід Судаленка сустрэўся з маці Аляксандра Грунова. Абмяркоўвалася пытанне вычарпання ўсіх эфектыўных сродкаў прававой абароны ўнутры краіны для падачы індывідуальнай скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.

8 ліпеня Беларускі Хельсінкскі камітэт перадаў у Вярхоўны суд заключэнне грамадскай экспертызы па працэдуры «amicus curiae» па справе асуджанага да смяротнага пакарання Рыгора Юзэпчука. У міжнароднай юрыдычнай практыцы такая дзейнасць («amicus curiae», з лац. - «сябар суду») выкарыстоўваецца як інструмент удасканалення прававой сістэмы. Падобныя даследаванні праваабарончых арганізацый праводзяцца не ў інтарэсах працэсуальнага боку, а як магчымасць выказаць нейтральнае меркаванне аўтараў з глыбокай павагай і прызнаннем высокага аўтарытэту і незалежнасці суда. Прадметам гэтага даследавання стаў пошук аргументаў на карысць выключэння смяротнага пакарання Р.Юзэпчуку і замены яго на альтэрнатыўнае пакаранне - пажыццёвае зняволенне.

18 ліпеня стала вядома, што смяротны прысуд Рыгору Юзэпчуку пакінуты ў сіле. У Вярхоўным судзе БХК паведамілі, што касацыйная скарга Р.Юзэпчука адхіленая і смяротны прысуд пакінуты ў сіле. У дадзенай справе звяртае на сябе ўвагу той факт, што забойства Р. Юзэпчуком было здзейснена ў сітуацыі, калі ўсе трое сукамернікаў магілёўскай турмы знаходзіліся пад поўным кантролем адміністрацыі. Па запыце БХК Дэпартамент выканання пакаранняў МУС паведаміў, што па гэтым факце праводзілася службовая праверка, па выніках якой прынятыя меры адпаведнага рэагавання.

19 ліпеня Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр – маці і сястра асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага 15 сакавіка 2012 года Уладзіслава Кавалёва, абіванавачанага ў арганізацыі  тэракту ў метро ў Мінску, звярнуліся ў суд Кастрычніцкага раёна сталіцы са скаргай на неправамерныя дзеянні Дэпартамента выканання пакаранняў, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржбяспекі. Родныя Кавалёва адзначылі, што адмова прадставіць звесткі пра месца пахавання Уладзіслава парушае міжнародныя стандарты, а таксама звяртаюць увагу на парушэнне Закона “Аб зваротах грамадзян”. Родныя У. Кавалёва абскардзілі адмову Дэпартамента выканання пакаранняў  у прадстаўленні звестак аб месцы ягонага пахавання у Міністэрства ўнутраных спраў. Адтуль скарга была “спушчана” ў Дэпартамент, то бок у той орган, на які яны скардзіліся – гэта першае парушэнне.  Другое парушэнне ў тым, што ў адмове раскрыць родным месца пахавання дзяржорганы спасылаюцца на арт.175 ч. 5 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які не адпавядае патрабаванням арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які забараняе катаванні і жорсткае абыходжанне. Практыка не разгалошваць  блізкім інфармацыі, дзе пахаваны расстраляны па прысуду, падпадае пад дзеянне дадзенага артыкулу. Маці і сястра Кавалёва спадзяюцца атрымаць праз суд інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

24 ліпеня, пасля года безвыніковых зваротаў у розныя інстанцыі з нагоды смерці яе сына 26 траўня 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС ад рук супрацоўнікаў міліцыі, Валянціна Акуліч звярнулася па дапамогу ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Пасля кансультацыі юрыстаў яна накіравала на імя пракурора Светлагорскага раёна скаргу на пастанову Старэйшага следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта Петачэнкі Вячаслава Уладзіміравіча аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына Аляксандра Акуліча. Сын В. Акуліч загінуў на чацвёртыя з пяці сутак, на якія ён быў змешчаны ў ІЧУ. Валянціна Акуліч распавяла: «Мой сын выпіваў, і мы хацелі змясціць яго ў ЛПП, каб трошкі падлячыць. 22 траўня я патэлефанавала ўчастковаму і спытала, як яго змясціць у ІЧУ, каб ён адышоў ад гэтых п'янак. Ён мне адказаў: патэлефануйце ў "102", яны прыедуць і забяруць. Я патэлефанавала. Яго аформілі ў ІЧУ на пяць сутак. На чацвёртыя суткі яму стала дрэнна, але першапачаткова "хуткую дапамогу" супрацоўнікі ІЧУ яму не выклікалі. Хоць сукамернікі прасілі іх - выклічце хуткую, яму дрэнна. Калі ён ужо пачаў бегаць па камеры, яго вывелі, зрабілі "ластаўку", за кайданкі прычапілі да кратаў і пачалі збіваць. Прычым відэакамера назірання зафіксавала ўсё толькі да моманту, калі яго вывелі з камеры “сутачнікаў”, а калі пачалі біць - адбыўся "абрыў". Нанеслі 18 удараў. Калі ў яго ўжо пачаліся курчы і спынілася дыханне, яго паклалі на падлогу і выклікалі "хуткую". "Хуткая" прыехала - ён ужо нежывы». Калі Валянціна Аляксееўна прыехала ў морг, цела сына ёй паказаць адмовіліся, сказалі толькі прывезці вопратку. Агледзець цела сына маці змагла толькі калі яго прывезлі дадому. "Я ўбачыла, што ён увесь у сіняках, увесь зрэзаны, і рукі і ногі, твар увесь чорны. Я патэлефанавала ў "102" і сказала: забойцы, вы забілі майго сына, я вам не верыла, што ён сам памёр. Да мяне прыехалі два супрацоўнікі міліцыі, я прасіла іх зняць цела на камеру - яны адмовіліся. На наступны дзень я патэлефанавала знаёмай, яна прынесла фотаапарат і мы ўсе знялі. У той жа вечар я напісала заяву". У заяве Валянціна Акуліч прасіла правесці праверку па факце смерці яе сына і з нагоды наяўнасці на яго целе шматлікіх цялесных пашкоджанняў. У матэрыялах праверкі пазначаны дадзеныя судова-медыцынскай экспертызы: "Пры даследаванні трупа знойдзены наступныя цялесныя пашкоджанні: шматлікія садзені, на валасістай частцы галавы, твары, у вобласці правага плечавага сустава, у вобласці локцевых суставаў, у вобласці прамянёвазапясцевых суставаў на левай галёнцы, кровазліццё пад слізістай абалонкай перадпачатку паражніны рота (верхняя губа). Сінякі на задняй паверхні грудной клеткі ўзніклі ад тупога цвёрдага прадмета тыпу дубінкі, палкі. Усе пералічаныя цялесныя пашкоджанні ўзніклі ад дзеяння тупых цвёрдых прадметаў незадоўга да наступлення смерці (на працягу сутак) і належаць да лёгкіх цялесных пашкоджанняў ці не знаходзяцца ў прычынна-следчай сувязі з надыходам смерці. Утварэнне ўсяго комплексу цялесных пашкоджанняў пры падзенні на плоскасці выключаецца, бо шматлікія пашкоджанні размяшчаліся ў розных анатамічных абласцях і паражнінах цела". У пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы следчы Петачэнка В.У. паведамляе маці памерлага, што неабходнасць ва ўжыванні фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да яе сына была выкліканая тым, што ён "паводзіў сябе агрэсіўна, аказваў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, не падпарадкоўваўся іх законным патрабаванням". "Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі Сцешанкова А.Г. і Бачко А.А., якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў, адпавядаюць закону РБ "Аб органах унутраных спраў" і ўчынены ў межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў. У сувязі з гэтым падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы няма", - пастанавіў следчы Следчага камітэта. Валянціна Акуліч лічыць, што праверка па факце смерці яе сына праведзена недастаткова поўна і мае патрэбу ў дапаўненні, а таму пастанова Старэйшага следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта Петачэнка В.У. з'яўляецца дачаснай і падлягае адмене. Пра гэта яна паведамляе ў сваёй скарзе на імя пракурора Светлагорскага раёна. Валянціна Аляксееўна ў скарзе настойвае на правядзенні дадатковай судова-медыцынскай экспертызы і прыняцці па яе выніках рашэння аб прыцягненні вінаватых асобаў да адказнасці.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

19 ліпеня ў кватэры Валянціны Каваленкі, актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, прайшоў ператрус. Па словах В. Каваленкі, супрацоўнікі міліцыі шукалі ў яе доме наркотыкі. Праводзіла ператрус, які цягнуўся каля 40 хвілін, старэйшы лейтэнант Ладзеева, з дапамогай трох міліцыянтаў: Барычонка, Зарубы, Кісялёва. Актывістцы патлумачылі, што нібыта па справе 2011 года нейкі затрыманы паказаў, што яна прадала яму наркотыкі. Супрацоўнікі міліцыі нічога не знайшлі ў кватэры В. Каваленкі. Яна ўпэўненая, што гэты ціск звязаны з тым, што яна з мужам дабіваюцца перагляду крымінальнай справы сына, пішуць скаргі, лісты ў розныя інстанцыі.

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

10 ліпеня суд Ленінскага раёна Магілёва пакінуў без задавальнення скаргу актывіста аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Алега Аксёнава. Актывіст абскарджваў папярэджанне, якое яму вынесла КДБ 19 красавіка за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Суддзя Валянціна Лапаціна палічыла, што Магілёўскае абласное ўпраўленне КДБ правамоцна вынесла папярэджанне актывісту. Нагодай для гэтага сталі публікацыі ў інтэрнэце, у якіх Алег Аксёнаў выступаў ад імя аргкамітэта партыі БХД. У сувязі з гэтым Алег Аксёнаў знаходзіцца на прафілактычным уліку КДБ .  22 ліпеня Алег Аксёнаў падаў касацыйную скаргу ў калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда з просьбай адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна вынесенае яму Магілёўскім упраўленнем КДБ афіцыйнае папярэджанне. Акрамя таго актывіст хоча, каб у адрас Магілёўскай управы КДБ было вынесена прыватнае вызначэнне за дапушчаныя ў адрас яго грубыя парушэнні заканадаўства, а таксама каб былі прызнаныя ў вызначаным парадку арт. 193.1 Крымінальнага Кодэкса і ч.3 арт.7 Закона “Аб палітычных партыях”, які забараняе дзейнасць ад імя незарэгістраваных партый, неканстытуцыйнымі.


Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

2 ліпеня ў Мінску былі затрыманы актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху Зміцер Паліенка, Аляксандр Палякоў і Дзяніс Гаўрыкаў. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што яны падазраюцца ў рабаванні, аднак калі актывістаў даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна, на іх былі складзены пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП за нібыта нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.  А.Палякоў пасля складання пратакола быў адпушчаны, бо з'яўляецца непаўнагадовым, Зміцера Паліенку і Дзяніса Гаўрыкава 4 ліпеня асудзілі на 2 сутак арышту, якія маладзёны ўжо адседзелі ў чаканні суду.

4 ліпеня ў Магілёве актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Гладышаў правёў адзіночны пікет супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы. На плоце былога Дома быта ў цэнтры горада ён размясціў плакат «Не расійскім авіябазам на беларускай зямлі». Праз паўтары гадзіны актывіст быў затрыманы. Міліцыянт адвёў яго ў бліжэйшы пастарунак, дзе быў складзены пратакол апытання. Пасля складання пратаколу Гладышаву была выпісана позва ў міліцыю, пасля чаго ён быў адпушчаны.7 ліпеня Мікалай Гладышаў быў выкліканы ў РУУС Ленінскага раёна, дзе яго чарговы раз апыталі і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Мікалая Гладышава абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў) КаАП.Супрацоўнік міліцыі Загорскі паведаміў актывісту, што ў бліжэйшы час яго выклічуць у суд, і яму трэба чакаць адпаведнай позвы.

8 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска аштрафаваў актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Паўла Пракаповіча на 25 базавых велічынь за акцыю памяці журналіста Дзмітрыя Завадскага. 7 ліпеня ўвечары актывіст размясціў на сталічнай плошчы імя Якуба Коласа партрэт Дз.Завадскага, пасля чаго быў затрыманы. Пратакол правапарушэння складзены па артыкуле 23.34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыцянаваным масавым мерапрыемстве). Ноч да суду П. Пракаповіч правёў у Ізалятары часовага ўтрымання.

16 ліпеня старшыню руху «Маладая Беларусь» Дзмітрыя Каспяровіча затрымалі на мяжы па дарозе ў Вільню і адвезлі ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна Мінска. Затрыманаму паведамілі, што ён знаходзіцца ў базе правапарушальнікаў і да гэтага часу не адбыў 12-сутачны адміністрацыйны арышт, які яму прызначылі за нібыта нецэнзурную лаянку судом Савецкага раёна Мінска 17 сакавіка 2008 года. Тады пасля рашэння суда, ужо знаходзячыся ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, Каспяровіч паскардзіўся на здароўе і быў дастаўлены ў 11-ю клінічную бальніцу Мінска з гіпертанічным крызам. Пасля гэтага ў ізалятар яго так і не вярнулі. 17 ліпеня ў ЦІП пацвердзілі, што Дзмітрый Каспяровіч дастаўлены да іх адбываць пакараннне.

17 ліпеня на кіраўніка Баранавіцкай суполкі ТБМ і актывіста Руху “За свабоду” Віктара Сырыцу ст. лейтэнант Баранавіцкага РАУС Дзяніс Майсеня склаў трэці адміністрацыйны пратакол па абвінавачанні ў падрыхтоўцы і правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства -- Мілавідскага фэсту ў гонар паўстанцаў 1863 года. Раней старшыня суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Мікалай Кміта двойчы накіроўваў пратаколы, складзеныя на В. Сырыцу, назад у міліцыю для выпраўлення недахопаў. 31 ліпеня суддзя суда г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна Кацярына Груда прызнала В. Сырыцу вінаватым у парушэнні арт.23.34 Адміністрацыйнага кодэкса РБ і вынесла пастанову аб пакаранні штрафам у памерам 20 базавых велічынь.

22 ліпеня на баранавіцкага прадпрымальніка і грамадкага актывіста Міколу Чарнавуса склалі два пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння. Яго абвінавацілі ў парушэнні ч.3 арт.23.34 (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) падчас мітынгаў баранавіцкіх прадпрымальнікаў 27 чэрвеня і 1 ліпеня. Першы мітынг праходзіў на Кааператыўным рынку, другі - каля будынка падаткавай інспекцыі. Мікола Чарнавус падчас мерапрыемстваў трымаў у руках плакаты: “Мы хочам працаваць” і “Нам не патрэбны такі Мытны саюз”. З пратаколамі М. Чарнавуса азнаёміў маёр міліцыі Дзмітрый Мізгер проста на працоўным месцы прадпрымальніка.

25 ліпеня ў Мінску актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава затрымалі раніцай, калі ён накіроўваўся на суд над кіраўніком кампаніі Уладзімірам Някляевым. Ён выклікаў таксі, выйшаў з кватэры і знік -- служба таксі паведаміла, што выклік адзначаны, як «не адбыўся». Як стала вядома пазней, П.Вінаградава адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, адкуль каля 16 гадзін дня быў вызвалены. У гэты ж дзень быў ​​затрыманы яшчэ адзін актывіст кампаніі «Гавары праўду» -- Віталь Васількоў. Малады чалавек выйшаў з офіса, каб папаліць, і адразу ж быў затрыманы невядомымі людзьмі ў цывільным. 26 ліпеня Віталь Васількоў быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па арт 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Пастанову вынесла суддзя Таццяна Мотыль.

27 ліпеня бабруйскі сябра аргкамітэту партыі БХД, прадпрымальнік Вячаслаў Шэлег паведаміў, што раніцай знікла яго 16-гадовая дачка Наталля. Знайшлася яна толькі ўдзень і была дастаўлены ў бальніцу з сатрасеннем мозгу. Дзяўчына, па словах В. Шэлега, кожны дзень у 6 гадзін раніцы выходзіць на прабежку і бегае каля 40 хвілін. Калі яна не вярнулася своечасова, а яе тэлефон не адказваў, бацькі ўсхваляваліся, бо роўна месяц таму ёй пагражалі невядомыя ў пад’ездзе. Яны казалі, каб дзяўчына перадала бацьку, каб той перастаў лезці ў палітыку, і пагражалі згвалтаваннем. Пасля таго, як Наталля ўбачыла гэтых людзей у пад’ездзе другі раз, была пададзена адпаведная заява ў міліцыю. Наталля расказала бацькам, што падчас ранішняй прабежкі атрымала ўдар у патыліцу, а калі ачуняла, убачыла, што находзіцца ў лесе. На ёй было падранае адзенне, яе цела і твар перапэцкалі чорнай фарбай. Калі яна выйшла на трасу, каб спыніць машыну, з-за яе выгляду кіроўцы баяліся яе падабраць, але потым падвезлі дачку, яна змагла патэлефанаваць бацьку. Бабруйскія міліцыянты прыехалі на ранішні выклік Шэлега праз дзве гадзіны, правялі апытанне. Пасля вяртання Наталлі ў яе і бацькоў узялі паказанні, паабяцалі правесці праверку. Вячаслаў Шэлег выказаў меркаванне, што за выкраданнем дачкі могуць стаяць спецслужбы, а мэтай з'яўляецца запалохванне яго за грамадскую і палітычную актыўнасць.

29 ліпеня ў судзе Партызанскага раёна Мінска прайшлі суды над трыма актывістамі кампаніі «Альтэрнатыва» -- Алегам Корбанам, Дзмітрыем Сільчанкам і Алегам Кералем. 26 ліпеня актывісты ўсталявалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі на мосце праз Партызанскі праспект каля ўнівермага «Беларусь» -- акцыя ладзілася з  нагоды 23-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Праз лічаныя хвіліны іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і запіхнулі ў два мікрааўтобусы. Разам з актывістамі былі затрыманыя фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін, карэспандэнты БелаПАН Захар Шчарбакоў і Андрэй Корсак, а таксама грамадская актывістка Вольга Бурневіч. Усе былі дастаўленыя ў Партызанскі РУУС. Пасля высвятлення асобаў журналістаў і дзяўчыну адпусцілі без складання пратаколаў, а Алега Корбана, Дзмітрыя Сільчанку і Алега Кераля змясцілі да суду ў ЦІП. Усе актывісты былі абвінавачаны ў дробным хуліганстве (арт17.1 КаАП РБ). Адміністратыўную справу Алега Корбана разглядала суддзя Вольга Паўлоўская, Дзмітрыя Сільчанкі-- суддзя  Кацярына Чайко. Усе трое актывістаў атрымалі пакаранні ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў у 5 сутак.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

2 ліпеня ў Рэчыцы на сходзе прадпрымальнікаў рынку “Славянскі” міліцыя высвятляла, на якой падставе незалежная журналістка, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова праводзіць відэаздымкі. Капітан міліцыі Дзмітрый Свірыдзенка запатрабаваў пасведчанне. Ларыса Шчыракова паказала пасведчанне сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Капітан перапісаў у блакнот усе звесткі. Праз некаторы час у мінскім офісе ГА “БАЖ” раздаўся тэлефонны званок з Рэчыцы. Міліцыя спраўджвала, ці з’яўляецца Ларыса Шчыракова сябрай арганізацыі. Правяраў дакументы Дзмітрый Свірыдзенка і ў старшыні Гомельскай арганізацыі ГА “БАЖ” Анатоля Гатоўчыца.

9 ліпеня незалежная журналістка, сябра ГА «БАЖ» Алена Сцяпанава была выклікана ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска, дзе старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса азнаёміў яе з пратаколам адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 22.9 ч. 2 КаАП. Супрацоўнікі міліцыі сцвярджаюць, што Алена Сцяпанава на працягу доўгага перыяду «ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ «Радыё Свабода» без адпаведнай акрэдытацыі». Між тым, адміністратыўны артыкул, на падставе якога ўзбуджана справа, прадугледжвае адказнасць за “парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных выданняў, распаўсюд эратычных выданняў, апублікавання СМІ абвяржэння, а таксама незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. 12 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску павінен быў адбыцца судовы працэс над Аленай Сцяпанавай, але суддзя Іна Грабоўская накіравала пратакол назад у міліцыю на дапрацоўку. Суд перанесены на няпэўны тэрмін.

10 ліпеня журналістаў газеты «Наша Нiва» Мікіту Дубалеку і Ірыну Арахоўскую затрымалі ў цэнтры Мінска з мэтай нібыта праверкі дакументаў.  Праз некаторы час яны былі адпушчаны без складання пратаколаў затрымання.

25 ліпеня карэспандэнта аддзела ўнутранай палітыкі тыднёвіка «Беларусы і рынак» Ігара Ільяша затрымала міліцыя. Журналіст прысутнічаў на судовым паседжанні па справе экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева, якое праходзіла ў судзе Ленінскага раёна сталіцы. Пасля заканчэння паседжання І. Ільяш накіраваўся да аўтобуснага прыпынку. Па дарозе да яго падышлі трое супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС у цывільным і папрасілі прайсці за імі ў мікрааўтобус, які стаяў побач. Сваё патрабаванне яны аргументавалі тым, што ён нібыта «трапіў у поле аператыўнай здымкі схаванай камерай, аналіз запіса якой выявіў нейкія правапарушэнні». Журналіста даставілі ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі Маскоўскага РУУС, дзе яму заявілі, што ён затрыманы для высвятлення асобы, «паколькі прад'явіў пасведчанне журналіста без пашпарта». Пасля высвятлення пашпартных дадзеных І. Ільяша апыталі на прадмет таго, дзе ён знаходзіўся ўвечары 24 ліпеня, а таксама хто можа пацвердзіць яго словы. Пасля гэтага яны папрасілі прабачэння і адпусцілі карэспандэнта.

26 ліпеня падчас вывешвання нацыянальных бел-чырвона-белыя сцягоў актывістамі кампаніі «Альтэрнатыва» разам з удзельнікамі акцыі былі затрыманыя журналісты: фотакарэспандэнт газеты «Наша Ніва» Сяргей Гудзілін, карэспандэнты БелаПАН Захар Шчарбакоў і Андрэй Корсак. Яны разам з актывістамі былі дастаўленыя ў РУУС Партызанскага раёна, адкуль пасля высвятлення асобаў былі адпушчаныя.

28 ліпеня незалежнага журналіста Дзмітрыя Лупача не пусцілі на сход жыхароў вёскі Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна, дзе абмяркоўвалася  забарона гадаваць свіней у 5-кіламетровай зоне ад свінакомплексу “Маліноўшчына”. Убачыўшы журналіста, старшыня Глыбоцкага райвыканкаму Алег Морхат звярнуўся да намесніка начальніка міліцыі Глыбоцкага раёна Віктара Адамовіча з пытаннем, хто прапусціў на сход журналіста. Афіцыйна адмову прысутнічаць на сходзе Дз. Лупачу патлумачылі тым, што ён – не жыхар Дзеркаўшчыны.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

12 ліпеня ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы пачаўся рагляд скаргі актывіста грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Вячаслава Болбата на дзеянні Баранавіцкага райвыканкама, які двойчы забараніў адукацыйна-культурніцкае мерапрыемства “Мілавідскі фэст – памяці касінераў 1863 года”. Разглядала грамадзянскую справу Вячаслава Болбата на дзеянні дзяржаўнага органа суддзя Вера Углік, сакратар Вольга Казлоўская. Вячаслаў Болбат адзначыў, што арганізатары культурніцкага свята выканалі ўсе патрабаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ” і прасіў суд прызнаць незаконным рашэнне Баранавіцкага райвыканкама. Начальнік юрыдычнага аддзела Баранавіцкага райвыканкама Вольга Фір’ян і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Варвашэня адзначылі, што 2 чэрвеня арганізатарам фэсту было забаронена мерапрыемства, бо аддзел культуры райвыканкама ў гэты дзень і час запланаваў сваё культурніцкае мерапрыемства, прысвечанае 150-м угодкам Мілавідскай бітвы (яно не адбылося). Прадстаўнікі райвыканкама адзначылі таксама, што 9 чэрвеня Мілавідскі фэст быў забаронены па прычыне таго, што заяўнікі не заключылі новыя дамовы з раённай міліцыяй, паліклінікай, ЖКГ. Пры гэтым заяўнікі накіроўвалі заяву не на новае мерапрыемства, а толькі прасілі райвыканкам перанесці дату запланаванага фэсту з 2 на 9 чэрвеня. 15 ліпеня суддзя Вера Углік прызнала дзеянні Баранавіцкага райвыканкама законнымі ў справе забароны правядзення Мілавідскага фэсту і адмовіла ў задавальненні скаргі Вячаслава Болбата на дзеянні дзяржаўнага органа.

19 ліпеня судовая калегія Мінскага абласнога суда пакінула без зменаў рашэнне суда Салігорскага раёна па забароне пікета да Дня Волі, заяўнікам якога выступаў мясцовы актывіст Уладзімір Шыла. Мінскі абласны суд палічыў просьбу заяўніка аб ускладанні абавязкаў па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі на органы мясцовай улады дастатковай прычынай для забароны масавага мерапрыемства. Спасылкі Уладзіміра Шылы на гарантыі дзяржавы, прапісаныя ў Канстытуцыі Беларусі і міжнародныя абавязальніцтвы ў межах Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах судовай калегіяй Мінскага абласнога суда, як і судом Салігорскага раёна раней, былі праігнараваны.

25 ліпеня Мінгарвыканкам адмовіў Партыі БНФ у правядзенні пікету супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай ваеннай базы. Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, гарадскія ўлады матывавалі сваё рашэнне тым, што заяўка не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах, а таксама незразумела, якія меры будуць прадпрымаць заяўнікі для забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў пікету. Акрамя таго, у пісьмовым адказе з гарвыканкаму адзначалася, што правядзенне пікету можа стварыць перашкоду пешаходнаму і транспартнаму руху. Заяўлены пікет Партыя БНФ мела намер правесці 27 ліпеня ў Мінску насупраць расійскай амбасады.

Заяўленыя на 27 ліпеня ў Віцебску тры пікеты былі забароненыя. Прыхільнік сацыял-дэмакратычных поглядаў, сябар палітвязня Мікалая Статкевіча Аляксей Гаўруцікаў і каардынатар руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў хацелі правесці акцыю ў Чыгуначным раёне абласнога цэнтра – адзначыць угодкі прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі і патрабаваць неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.  Яны атрымалі адмову. Адмоўны адказ атрымаў і сябар Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, які планаваў зладзіць пікет у парку культуры і адпачынку Мазурына, што ў Кастрычніцкім раёне, супраць расійскіх вайсковых баз. Страшыня абласной рады Партыі БНФ Леанід Аўтухоў  атрымаў адмову з  адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Падставы для трох адмоваў аднолькавыя: арганізатары не прадставілі дамовы на абслугоўванне акцый структурамі ЖКГ, медыкамі і міліцыяй. Выкананне гэтай умовы зацверджана рашэннем Віцебскага гарвыканкама ад 10.07.2009 года № 881, якое немагчыма выканаць. Актывісты неаднаразова спрабавалі ініцыяваць змены ў гэтым рашэнні, звярталіся ў суд і да кіраўніцтва горада, аднак пакуль безвынікова.

29 ліпеня Гомельскі гарвыканкам не даў дазволу на правядзенне 4 жніўня шэсця ў падтрымку зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў, разглядзеўшы заяву грамадзян Юрыя Варонежцава, Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага. Гарвыканкам нават рашэння не прымаў па дадзеным пытанні, як таго патрабуе заканадаўства, а даслаў заяўнікам паведамленне «Аб разглядзе заявы на масавае мерапрыемства». Там гаворыцца, што «узгадніць масавае мерапрыемства не ўяўляецца магчымым, таму што заяўленае месца правядзення вулічнага шэсця (пешаходная частка вуліцы Савецкая) не адпавядае патрабаванням закону «Аб масавых мерапрыемствах». Намеснік старшыні гарвыканкаму Аксана Рудзянок патлумачыла ў лісце, што па маршруту шэсця размешчаны на адлегласці менш за 50 метраў падземны пешаходны пераход, а таксама будынкі выканаўчых органаў. Чыноўніца дадала, што заяўнікі не выканалі патрабаванне рашэння гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах» і не заключылі платныя дамовы з міліцыяй, «хуткай» і камунальнымі службамі. Але, як паказвае практыка, такія дамовы заключыць немагчыма – бо  ні «хуткая», ні «міліцыя» не заключаюць дамовы, пакуль няма дазволу гарвыканкаму.

29 ліпеня стала вядома, што пікет салідарнасці з Алесем Бяляцкім і іншымі беларускімі палітвязнямі, замоўлены на 4 жніўня каля галоўнай канцэртнай пляцоўкі Гарадскога парку культуры і адпачынку ў Жодзіне, не дазволены гарадскімі ўладамі. Адмову атрымаў адзін з заяўнікаў -- праваабаронца Аляксей Лапіцкі. Намеснік галоўнага лекара гарадской бальніцы У.П.Цыолта ў адказе на запыт праваабаронцаў пра заключэнне дамовы, якая патрабуецца згодна п.5 рашэння №1020 Жодзінскага гарвыканкаму, прадставіў разгорнутую калькуляцыю падліку выдаткаў для аказання "дадатковых медыцынскіх паслуг" пры правядзенні замоўленага пікетавання (колькасцю 1-2 чал., максімум - да 10) на агульную суму 370 тыс. беларускіх рублёў. Камунальнікі ў сваю чаргу адзначылі "неправамоцнасць падрыхтоўкі праектаў дамоваў на прыборку тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства". У адказе ж з Жодзінскага выканкаму, які падпісаў першы намеснік па ідэалогіі  Ю. А. Шары 25.07.2013, тым часам адзначаецца, што "...заява аб правядзенні масавага мерапрыемства (пікетавання) у г.Жодзіна 4 жніўня 2013 году з 18.00 да 19.30 не можа быць разгледжана..." Прычынаю пры гэтым называецца тое, што пададзеныя дакументы "не адпавядаюць патрабаванням п.5" вышэйзгаданага рашэння, у якім маецца прадпісанне прыкладаць да заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства копіі дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і медыкамі.

31 ліпеня праваабаронца Сяргей Гоўша і грамадскі актывіст Віктар Сырыца атрымалі лісты за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якіх паведамлялася, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне 4 жніўня інфармацыйнага пікету ў падтрымку зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які ўжо 2 гады знаходзіцца ў турме. Чыноўнік палічыў, што заяўнікі парушылі рашэнне гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы”, згодна якога вуліца Леніна не з’яўляецца месцам для правядзення падобных мерапрыемстваў.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

9 ліпеня Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Аляксандр Кузьмін з Белаазёрску атрымаў адказ на сваю скаргу з пракуратуры Брэсцкай вобласці за подпісам намесніка пракурора, старэйшага дарадцы юстыцыі Аляксандра Точкі. У адказе напісана, што Бярозаўскі РАУС не знайшоў складу злачынства ў дзеяннях Аляксандра Кузьміна і адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, і тут жа дадаецца, што папярэджанне, вынесенае пракуратурай Бярозаўскага раёна Кузьміну за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якое вынесена на падставе высноваў Бярозаўскага РАУС, застаецца ў сіле. Справа Кузьміна ўзнікла пасля звароту старшыні Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслава Дамброўскага ў Бярозаўскі РАУС. Ён прасіў прыцягнуць Кузьміна да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

31 ліпеня на бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў быў звольнены Дзмітрый Курмаз, наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў 5 разраду. Ён працаваў на прадыпрыемстве з 2007 года, і ад таго часу не меў дысцыплінарных спагнанняў. Звольнены рабочы ўпэўнены, што ад яго пазбавіліся, бо ён з’яўляецца сябрам завадской пярвічкі СПБ. Рабочыя ўчасткаў, якія абслугоўваў на заводзе Дзмітрый Курмаз, былі абураныя такім рашэннем кіраўніцтва завода. Яны, у сваю чаргу, напісалі калектыўны зварот дырэктару прадпрыемства Аляксандру Аграновічу.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства