БАЖ накіравала зварот кіраўніку Папраўчай калоніі №2 у Бабруйску
Сябры журналісцкай арганізацыі адзначаюць, што па атрыманай інфармацыі нядаўна адміністрацыяй калоніі да зняволенага праваабаронцы былі прымененыя неабгрунтаваныя меры пакарання.
У прыватнасці, паводле рашэння кіраўніцтва калоніі, Бяляцкі быў пазбаўлены запланаванага на ліпень спаткання з жонкай, а таксама магчымасці атрымаць чарговую харчовую перадачу.
ГА “БАЖ” лічыць, што дадзеныя пакаранні з’яўляюцца ціскам на праваабаронцу і звязаныя з грамадзянскай пазіцыяй і асобай праваабаронцы, а не са здзейсненымі ім парушэннямі, перадае прэс-служба.
У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” просіць адмяніць накладзеныя на Алеся Бяляцкага пакаранні і ў самы бліжэйшы час дазволіць праваабаронцу сустрэцца ў калоніі са сваёй жонкай Наталляй Пінчук.
Апроч гэтага 4 жніўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, ГА “БАЖ” яшчэ раз праінфармавала ўсіх замежных партнёраў арганізацыі пра стан выканання ўладамі правоў чалавека ў Беларусі і правоў журналістаў.