viasna on patreon

Кнігу «Справа Бяляцкага» прэзэнтуюць у Маскве

2013 2013-08-01T12:35:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/b114a73f-7644-481f-8e66-dd8de4cf7773_mw1024_n_s.jpg
Кніга "Справа Бяляцкага", фота "Радыё Свабода"

Кніга "Справа Бяляцкага", фота "Радыё Свабода"

4 жніўня, у другую гадавіну арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага, у многіх краінах сьвету пройдуць акцыі ў рамках Міжнароднага дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

У Маскве 4 жніўня ў дызайн-заводзе «Флакон» у рамках такой акцыі адбудуцца публічная дыскусія «Ці стане Расея Беларусьсю?» і адкрыцьцё фотавыставы «Салідарнасьць мацнейшая за рэпрэсіі».

Удзел у дыскусіі возьмуць экспэрты і грамадзкія актывісты: сябра Рады па правах чалавека пры Прэзыдэнце Расеі, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі па правах чалавека ў БеларусіАндрэй Юраў, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтру комплексных эўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў НДУ «Вышэйшая школа эканомікі» Андрэй Суздальцаў, кіраўнік незалежнага дасьледчага цэнтру «Фрыдам Файлс»Вольга Захарава, журналіст беларускай службы Радыё Свабода, аўтар дакумэнтальнай кнігі «Справа Бяляцкага» Валер Каліноўскі, прэзыдэнт Цэнтру разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавекаЮры Джыбладзэ.

У рамках круглага стала адбудзецца маскоўская прэзэнтацыя кнігі пра Алеся Бяляцкага зь «Бібліятэкі Свабоды».

Акцыі ў рамках Дня салідарнасьці зь Беларусьсю пройдуць і ў іншых гарадах Расеі. 4 жніўня Варонеж стане адным з такіх гарадоў.

У Варонежы акцыя пачнецца а 15-й гадзіне ля помніка Андрэю Платонаву, паведамляе Варонескі гарадзкі партал.

Ля помніка адбудзецца фатасэсія з цытатамі вядомых пісьменьнікаў, філёзафаў, грамадзкіх дзеячаў, прысьвечанымі грамадзянскай узаемадапамозе, — распавяла адна з арганізатараў акцыі Ганна Дабравольская. Потым усе гэтыя фатаграфіі будуць выкарыстаныя для вялікай кампаніі, бо такія акцыі пройдуць ня толькі ў Варонежы, а ў шмат якіх гарадах у Расеі і за мяжой.

А ў 19.00 для ўсіх, хто жадае выказаць салідарнасьць з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, у варонескім кніжным клюбе «Пятроўскі» актывісты падрыхтуюць культурную праграму: мультфільмы пра Беларусь, чытаньне вершаў на беларускай мове, дыскусію, у якой возьмуць удзел праваабаронцы зь Беларусі.

«Беларусь — краіна ў самым цэнтры Эўропы і ў той жа час — адзіная зь дзяржаў кантынэнту, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне і ня дзейнічае Эўрапейская канвэнцыя па правах чалавека. Пры гэтым грамадзянская супольнасьць Беларусі — адна з самых моцных на постсавецкай прасторы. Беларускія праваабаронцы штодня аказваюць прававую падтрымку дзясяткам людзей. Рэжысэры, мастакі, пісьменьнікі і музыкі працягваюць тварыць. Беларуская група „Ляпіс Трубяцкой“ вядомая па ўсім сьвеце сваімі песьнямі і грамадзянскай пазыцыяй, пры тым, што ў сябе на радзіме яны ўнесеныя ў „чорныя сьпісы“ забароненых артыстаў.

Мы — грамадзянскія актывісты, праваабаронцы і проста неабыякавыя людзі — лічым важным выказаць нашу падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі, прадстаўнікі якой працягваюць прасоўваць і абараняць стандарты правоў чалавека і вяршэнства права, прапаноўваць новыя ідэі і ініцыятывы, дапамагаць людзям, сустракацца, размаўляць, пісаць і ствараць», — адзначаецца ў звароце арганізатараў круглага стала.

Акцыі салідарнасьці таксама заплянаваныя ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Нямеччыне, Літве, Расеі, Украіне, Казахстане і Кіргізстане. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла каардынатарка праекту Лада Бурдачова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства