viasna on patreon

Жыхары Полацка пратэстуюць супраць вырубкі сквeра каля вакзала

2013 2013-07-25T18:32:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polack-skver.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яны збіраюць подпісы пад зваротам у Камітэт дзяржкантролю, бо нязгодныя з перспектывай будаўніцтва буйнога гандлёвага цэнтру, дзеля якога і знішчаюць дрэвы.

Сабрана некалькі соцень подпісаў тых, хто не хоча бачыць замест сквера вялікі гмах паміж чыгуначным і аўтобусным вакзаламі. Палачане падазраюць, што вынікі грамадскага абмеркавання праекта будаўніцтва былі сфальсіфікаваныя: калі 1 ліпеня ў зале райвыканкаму праходзіла галасаванне, то нібыта 261 чалавек выказаўся "за" і толькі 133 – "супраць". Але непасрэдна перад галасаваннем было відавочна, што праціўнікаў будаўніцтва куды больш, чым прыхільнікаў. Але "зацікаўлены ў будаўніцтве скпермаркета бок арганізаваў з'яўленне на сход некалькіх груп маладых людзей, якія не выступалі ў спрэчках, затое актыўна галасавалі за будаўніцтва чарговай крамы… Генеральныі планам будаўніцтва гэты аб'ект не быў прадугледжаны, змены ў генплане не агалошваліся і не абмяркоўваліся, аукцыёна на прыцягненне лепшага інвестара не праводзілася", -- піша полацкі незалежны сайт  polack.by  .

Інвестыцыйны праект будаўніцтва рэалізуюць мінскія  кампаніі СООО «НТС» и ЗАО «Патио». Плануецца, што на першым паверсе гандлёвага цэнтру будзе харчовая крама, хаця вострай патрэбы ў такой гандлёвай кропцы няма: якраз праз дарогу працуюць супермаркет "Дыяніс", гэтаксама з вялікім кулінарным аддзелам, пра які вядуць гаворку інвестары,  і невялікая крама "Аліса".  На другім паверсе мяркуюць размясціць вялікую краму бытавой тэхнікі і электронікі. Праект прадугледжвае стварэнне каля 200 працоўных месцаў, яго агульны кошт - больш як 50 мільярдаў рублёў.  З іх амаль мільён даляраў прызначаны на добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы, дзе будуць лаўкі, ліхтары, брукаваныя дарожкі, аўтапаркоўка, але ўжо не будзе сквера, які любяць палачане.

Кіраўніцтва гандлёвых кампаній заявіла і пра сваю гатоўнасць правесці добраўпарадкаванне бліжэйшых двароў, а таксама ахвяраваць на патрэбы горада 3,5 мільярды рублёў спонсарскіх сродкаў.  900 мільёнаў з гэтай сумы ўжо пералічана.  Палачане пэўныя, што на гэты "падарунак" і "купіліся" мясцовыя ўлады: у бюджэце няма грошай, а тут – такая магчымасць вырашыць за чужы кошт хоць нейкія  праблемы….

Апрача гэтага, інвестары абяцаюць кампенсаваць і знос аб'екта грамадскага харчавання  -- "Бульбяной", але пра будаўніцтва новага падобнага аб'екта гаворкі няма .

Харчовая кропка каля вакзалаў патрэбна, а вось вялікі гандлёвы цэнтар – не, лічаць палачане. А яшчэ яны лічаць неабходным захаваць зялёную зону, бо інакш жыхары бліжэйшых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай апынуцца ў незайздросным становішчы: блізкасць двух вакзалаў і так стварае нязручнасці – шум, смурод і гэтак далей. А калі да гэтага дадаць рух грузавых машын з таварамі для новай крамы, а таксама легкавікоў, для якіх плануюць абсталяваць вялікую паркоўку?

Частку прывакзальнага сквера жыхары Полацка адстаялі: пасля зварота ў райвыканкам было вырашана ахвяраваць толькі 18 дрэвамі з 92, якія тут растуць. Але мясцовыя жыхары пэўныя, што насамрэч падчас будаўніцтва дрэваў загіне куды больш. Забудоўшчыкі абяцаюць не пілаваць, а перасадзіць  дрэвы, што выглядае марнай справай з улікам узросту дрэваў.  Між тым жыхары аддаленага мікрараёну "Аэрадром" дужа хацелі б, каб новы гандлёвы аб'ект збудавалі для іх, бо інфраструктура там неразвітая. Але інвестары лічаць больш прыцягальным менавіта раён вакзалаў.

Заўважыўшы парушэнні заканадаўства, пакрыўджаныя абыякавасцю  да іхных інтарэсаў, жыхары Полацка збіраюць подпісы пад лістамі ў Камітэт дзяржкантролю. Прычым подпісы збіраюць і простыя людзі, і мясцовя прадпрымальнікі, якія прапаноўвалі гарадскім уладам іншы праект гандлёвага аб'екту – для сябе, а не для мінскіх кампаній, і з захаваннем прывакзальнага скверу. Але меркаванні  палачанаў нікога, падобна, не цікавяць: для будаўніцтва ўжо пачалі рыхтаваць пляцоўку.    

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства