viasna on patreon

Пікет супраць расейскай базы забаранілі з-за пешаходаў

2013 2013-07-25T15:41:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Менгарвыканкам адмовіў Партыі БНФ у правядзенні пікету супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай ваеннай базы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў лідар партыі Аляксей Янукевіч.

Паводле яго слоў, гарадскія ўлады матывавалі сваё рашэнне тым, што заяўка не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах, а таксама незразумела, якія меры будуць прадпрымаць заяўнікі для забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў пікету.

Акрамя таго, паведаміў Янукевіч, у пісьмовым адказе з гарвыканкаму адзначаецца, што правядзенне пікету можа стварыць перашкоду пешаходнаму і транспартнаму руху.

Рашэнне гарвыканкама будзе абскарджана ў судзе.

Янукевіч таксама паведаміў, што на сойме партыі 27 ліпеня будзе абмяркоўвацца магчымасць шырокай падачы заявак на правядзенне пікетаў 8 верасня з пратэстамі супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай ваеннай базы.

Заяўлены пікет Партыя БНФ мела намер правесці 27 ліпеня ў Менску насупраць расейскай амбасады.

Заяўка была пададзеная ў гарвыканкам 15 ліпеня.

«Партыя БНФ выступае супраць імперскай і неакаланіяльнай палітыкі, якую Крэмль спрабуе весці на постсавецкай прасторы, у першую чаргу, у адносінах да нашай краіны, - сказаў Янукевіч. - Расея ўжо перайшла да адкрытых дзеянняў, накіраваных на ператварэнне Беларусі ў буферную зону па абароне сваіх інтарэсаў. Мы лічым абсалютна недапушчальным размяшчэнне ў Беларусі расейскіх авіяцыйных баз, а таксама патрабуем вываду з тэрыторыі нашай краіны ўжо размешчаных ваенных аб'ектаў: Ганцавіцкай РЛС і Вілейскай базы сувязі».

На думку Янукевіча, размяшчэнне на тэрыторыі краіны расейскіх ваенных баз і аб'ектаў супярэчыць нацыянальным інтарэсам і Канстытуцыі Беларусі, а таксама ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства