Жыхар вёскі працягвае змагацца за доступ да водасховішча
Дзмітрый Яўстратаў падаў наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда.
Сёння, 22 ліпеня, жыхар вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці Дзмітрый Яўстратаў накіраваў наглядную скаргу на вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.
Вясковец хоча, каб быў вынесены пратэст на вызначэнне ад 1 ліпеня 2013 года судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда і на рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва ад 08 траўня 2013 года па скарзе на рашэнне Магілёўскага райвыканкама ад 21 лютага 2011 года №8-7 у частцы адабрання з зямель Нядашаўскага сельсавета і перадачы фермерскай гаспадарцы “Пралесак” зямельнага ўчастка плошчай 12,97 га, які знаходзіцца ў межах населенага пункта Нядашава-2 і размешчаны ў водаахоўнай зоне і прыберагавой паласе вадасховішча на рацэ Шчацінка паміж вуліцай Дальняй і водасховішчам.
Акрамя гэтага Дзмітрый Яўстратаў жадае, каб справа была накіравана ў суд Ленінскага раёна на новы разгляд у іншым складзе суда.
Нагадаем, што што прычынай канфлікту паміж жыхарамі вёскі Нядашава-2 і мясцовым фермерам Юрыем Коршунавым стала тое, што зямлю агульнага карыстання перадалі ў пажыццёвае карыстанне фермеру Юрыю Коршунаву без правядзення грамадскіх слуханняў і ўліку грамадскай думкі жыхароў вёскі.
Юрый Коршунаў пасля атрымання зямлі распахаў луг і засеяў яго кукурузай, тым самым абмежаваў прамы доступ жыхароў вёскі Нядашава-2 да вадасховішча. Цяпер, каб патрапіць на вадаём, рыбалку ці адпачынак, жыхарам трэба рабіць кола ў 2-3 кіламетры.