Прэтэнзіі грамадзян, парушэнні правоў якіх прызнаў Камітэт па правах чалавека ААН, МЗС лічыць неабгрунтаванымі
Гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Васіль Палякоў атрымалі адказ з Міністэрства замежных спраў на зварот групы грамадзян Беларусі, парушэнні правоў якіх з боку дзяржавы былі прызнаныя Камітэтам па правах чалавека ААН. Нагадаем, група грамадзян, якія звярталіся ў КПЧ, і скаргі якіх былі задаволены міжнароднай структурай ці знаходзяцца зараз там на разглядзе, звярнуліся ў шэраг інстанцый, у тым ліку беларускае МЗС, з патрабаваннем выконваць рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН.
Намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў адказаў на зварот грамадзян, што іх прэтэнзіі ён лічыць неабгрунтаванымі. Прычым у лісце чыноўнік зазначыў, што адказвае грамадзянам, «у дачыненні да якіх КПЧ былі нібыта ўстаноўлены парушэнні правоў».
Валянцін Рыбакоў піша, што, згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Камітэт па правах чалавека ААН не разглядае паведамленні ад асобаў, пакуль не спраўдзіць інфармацыю, што заяўнікі выкарысталі ўсе сродкі ўнутранай прававой абароны. «Меркаванні Камітэту ў адносінах беларускіх грамадзян былі вынесены гэтым органам у парушэнне Факультатыўнага пратаколу. Беларусі бок своечасова інфармаваў Камітэт аб такіх парушэннях, у сувязі з чым абвінавачанні заяўнікаў аб нібыта «ігнараванні» меркаванняў Камітэту лічым неабгрунтаванымі», - выказаўся намеснік міністру.
Леанід Судаленка звяртае ўвагу, што службовая асоба па сутнасці абвінавачвае Камітэт па правах чалавека ў парушэнні ўласных рэгламентаў і свядома замоўчвае аб шэрагу спраў, у якіх былі вычарпаныя ўсе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, уключаючы падачу наглядных скаргаў у Вярхоўны суд і да Генеральнага пракурора.
«Што тычыцца тых разгледжаных Камітэтам спраў, дзе грамадзяне не звярталіся, напрыклад, са скаргай да пракурора або ў прэзідэнцкую адміністрацыю, заяўляю, што такія інстанцыі не адказваюць міжнароднаму крытэрыю эфектыўнасці», - падкрэсліў юрыст. Ён нагадаў, што ў Беларусі быў расстраляны чалавек, наглядная скарга якога яшчэ знаходзілася на разглядзе ў Вярхоўным судзе.
З пачатку 90-х гадоў у Камітэт па правах чалавека ААН паступіла каля 150 індывідуальных паведамленняў беларускіх грамадзян аб парушэнні тых ці іншых правоў. У дачыненні да 43 заяўнікаў КПЧ зафіксаваў тыя ці іншыя парушэнні, яшчэ 74 скаргі знаходзяцца на разглядзе. Але пакуль ніводнае рашэнне КПЧ не было выканана беларускімі ўладамі.