Алесь Бяляцкі пра Васіля Быкава: “Беларусы маюць свайго Апостала”
Палітвязень Алесь Бяляцкі даслаў з бабруйскай калоніі ліст з нагоды дня нараджэньня Васіля Быкава. Праваабаронца дзеліцца з намі сваімі развагамі пра выбітнага беларускага пісьменьніка і грамадзкага дзеяча.
"19 чэрвеня – 89-я ўгодкі з дня нараджэння Васіля
Быкава. Нагадаў пра гэта журналіст і пісьменьнік Аляксандр Лукашук, даслаўшы
сваю новую кніжку “Зкімбы-зымбы”, палова якой прысьвечаная Васілю Быкаву: інтэрвью
зь ім, перапіска, успаміны пра Васіля Быкава. Вельмі важна, што тэксты гэтых інтэрвью
захаваліся. Пытаньні Аляксандра Лукашука цікавыя і нетравіяльныя, зь ясным
усьведамленьнем – каму яны задаюцца.
І прыцягваюць увагу адказы Васіля Быкава, нясьпешныя, грунтоўныя развагі,
насычаныя магутным зьместам.
Чытаючы гэтыя адказы-развагі, я яшчэ раз адчуў і ўсьвядоміў сабе - што значыць для беларусаў Васіль Быкаў. Вялікі чалавек, адзін з бацькоў беларускай нацыі, геніяльны пісьменьнік, які ўзьняў пытаньні быцьця і існаваньня беларускага народу на пазазямны, усяленскі ўзровень. Можа ня столькі дзеля значнасьці беларусаў, якіх ён і пакутліва любіў і шкадаваў, лічыў “самым занядбаным народам у Еўропе, да якога мы маем гонар ці няшчасьце належаць”. Колькі дзеля трагічнасьці, экзістэнцыйнасьці лёсу беларускага народу, яго трагічнай ўнікальнасьці і непаўторнасьці.
Васіль Быкаў аб’ектыўна абесьсмяротніў беларусаў, незалежна ад стаўленьня да гэтага іншых народаў і, урэшце, асабліва не зьвяртаючы ўвагу на жаданьні саміх беларусаў. Ён стварыў узор беларускага характару, архетып беларуса, па якім мы яшчэ доўга будзем вымяраць і свой народ і саміх сябе.
Літаратурная праца была для Васіля Быкава і мэтаю і сродкам самавыяўленьня, магчымасьцю адказаць на надзвычай важныя жыцьцёвыя пытаньні. Вырашэньне звышзадачы праз літаратуру робіць творчасьць Васіля Быкава насычанай магутным зарадам энэргіі, што характэрна для сапраўды вялікіх пісьменьнікаў.
У беларускай літаратуры яшчэ адзін пісьменьнік мае талент такога ж прыроднага маштабу. Гэта – Янка Купала. Не дарэмна Васіль Быкаў на пытаньне – хто Ваш любімы паэт, называе Янку Купалу, а больш дакладна “творчасьць дасавецкага перыяду”. І ён адказвае чаму: “Таму што там вельмі шмат, безумоўна, і паэтычных вартасьцяў, гэта само сабой. Апроч таго, нейкая душэўная блізкасьць у ім мне адчуваецца. Блізкасьць характару ці што. Гэта нейкая шчырасьць, гэта нейкая шчымлівасьць, гэта нейкае вельмі гуманістычнае стаўленьне яго да жыцьця і да чалавека”.
Гэтая блізкасьць, пра якую піша Васіль Быкаў, бачыцца мне і ў аднолькавым разуменьні творцамі сваёй ролі ў жыцьці беларускага народу.
Чытаючы вышэйзгаданыя інтэрвью, зьдзіўляешся, зь якой дакладнасьцю Васіль Быкаў вызначаў тыя балючыя праблемы, якія стаялі перад беларусамі ў канцы ХХ ст., як ён аналізаваў рэчаіснасьць, як ён не ўхіляўся ад вострых пытаньняў і называў рэчы сваімі імёнамі. Ён асуджаў камунізм: “На практыцы класінае ўвасабленьне камунізму – гэта гвалт, кроў, татальны чэкізм, хіба часам прыкрытыя стракатым камуфляжам”. Ён вызначаў ролю Расіі: “Роля Расіі ў нашай гісторыя добра вядомая. Тут усё амаль на паверхні. Каб тое зразумець, вялікіх намаганьняў ня трэба”. Ён называў хібы беларусаў: “Падлегласьць, несамастойнасьць сталі другой натурай пэўнай часткі беларускага народа, якая цяпер у новых сацыяльна-палітычных умовах выявіла сваю поўную няздольнасьць ня толькі да разьвіцьця, але і да існаваньня без апекі “старэйшага брата”. Ён аддаваў даніну павагі беларускім адраджэнцам: “трагічнасьці лёсу гэтых людзей, безагляднасьці іх гераізму ў барадзьбе за растаптаную ідэю беларушчыны”. Ён усьведамляў ролю беларускай інтэлігенцыі на сучасным этапе: “перад беларускай інтэлегенцыяй, яе творчым цэхам стаіць усё тая ж ранейшая мэта, вышэй за якую няма і, мабыць, ня будзе, пакуль ідэя адраджэнцаў ня будзе ажыцьцёўленая”. Ён рэальна ацэньваў грамадзкую сітуацыю ў краіне: “Пры цяперашняй палітычнай апатыі грамадзтва вельмі нават магчыма, што да салодкага пірага ўлады пралезуць ня самыя лепшыя, а як і раней – самыя нахабныя, безсаромныя, хцівыя, усё тыя ж камуністы, хіба што адаптаваныя да новых умоваў, але з ранейшымі мэтамі. Ну, але што рабіць – чаго вартыя, тое і маем”.
Гэта выказваньні і ацэнкі Васіля Быкава толькі з аднаго інтэрвью, дадзенага ім у жніўні 1993 году.
У выказваньнях і развагах Васіля Быкава, выкладзеных у інтэрвью, можна знайсьці адказы на многія жыцьцёвыя пытаньні.
Значная роля Васіля Быкава ў абароне моладзевага нефармальнага руху другой паловы 80-х гадоў, у арганізацыі шырокага дэмакратычнага руху ў Беларусі, у асуджэньні таталітарызму, у адраджэньні слушных нацыянальных арыентыраў у жыцьці беларускага народу.
Вялікая значэньне для беларускага праваабарончага руху мае тое, што Васіль Быкаў быў адным з ідэйных натхняльнікаў і заснавальнікаў першых беларускіх праваабарончых арганізацыяў: “Мартыралог Беларусі”, “Беларускі ПЭН-цэнтр”, “Беларускі Хельсінкскі камітэт ”.
Вялікая творчая спадчына Васіля Быкава. Ягоныя мастацкія і грамадзкія погляды могуць і павінны быць узорам для нас і для наступных пакаленьняў. Беларусы маюць свайго Апостала. Нам ёсць у каго вучыцца, як нам належыць жыць.
Бабруйск, 11 чэрвеня 2013"