viasna on patreon

Маці Андрэя Гайдукова пацвердзілі, што суд над сынам будзе закрыты

2013 2013-06-12T07:41:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anrey-gajdukou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Вольга Гайдукова неаднаразова казала, што яна – за адкрыты працэс над сынам, якога вінавацяць у "здрадзе дзяржаве" і супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Аднак ёй стала вядома рашэнне суддзі абласнога суду пра тое, што працэс будзе закрыты. Тое самае колькі дзён таму прадказваў старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

"Яшчэ да абеда ўсё вырашалася: мне казалі, што пакуль не вырашана. А ўжо пад вечар адвакаты паведамілі: будзе закрыты працэс, яны тэлефанавалі суддзі, і яна так сказала… Ну што ж, варта было гэтага чакаць: калі з высокай трыбуны прагучала, што працэс, верагодна, будзе закрыты, то хто ж пойдзе супраць… Значыцца, ніхто нічога не даведаецца. І я таксама. Буду на судзе сведкам, такое хадайніцтва збіраюцца падаць адвакаты. Напэўна, прыйдзе выклік у суд. Ці патэлефануюць. Я не ведаю, як гэта будзе. Мне ніхто нічога, як заўжды, не гаворыць!"

Вольга Гайдукова падтрымлівае сувязь з сынам праз адвакатаў і праз лісты. І скардзіцца, што перапіска перарываецца:

"Ад  3 чэрвеня Андрэй знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА. Хаця я дакладна не ведаю, з якога дня дакладна, усё прыблізна… І толькі 11-га я атрымала лісты, датаваныя 2-м і 4-м чэрвеня. Во колькі лісты ішлі ад Віцебска да Наваполацка! Але там ізноў – толькі побытвыя рэчы: што перадаць, і гэтак далей… А мае лісты ў віцебскі СІЗА да яго так і не дайшлі, падобна".

Маці хвалявалася за здароўе сына. Адвакаты былі гатовыя прасіць адтэрміноўкі працэсу, бо ў Гайдукова была высокая тэмпература. Але цяпер яму палепшала, гаворыць маці:

"Перад судом у яго былі абодва адвакаты, сказалі, што настрой у яго нармальны. І што кашляе яшчэ, прастуда не зусім прайшла. Але суд адбудзецца. Сама я ў Віцебск не паеду: я ж сына нават не пабачу. Гэта толькі нэрвы сабе рваць… Мне сілы яшчэ спатрэбяцца, за сына я збіраюся змагацца!"

Судовы працэс над Андрэем Гайдуковым распачнецца а 10 раніцы ў Віцебскім абласным судзе. Праваабаронцы неаднаразова выступалі за тое, каб суд быў адкрыты, і каб падрабязнасці  абвінавачання сталі вядомымі грамадскасці. Бо ў вінаватасці  23-гадовага аператара наваполацкага "Нафтану" шмат хто сумняецца.

Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада мінулага году ў Віцебску. Паводле інфармацыі КДБ, гэта адбылося "падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы". З тае пары ён знаходзіцца пад вартай. Калі суд прызнае Гайдукова вінаватым, яму пагражае ад 7 да 15 год зняволення.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства