Гомель: суд падтрымаў пазіцыю гарвыканкаму па забароне мітынгу 1 мая
11 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў асобе Марыны Дамненка разгледзеў скаргу Гомельскай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на дзеянні гарвыканкаму па забароне мітынгу 1 мая. Беларускія левыя хацелі правесці 1 мая ў абласным цэнтры мітынг для выказвання салідарнасці з працоўнымі, але не атрымалі дазволу на масавае мерапрыемства. Адмову правесці мітынг яны абскардзілі ў судзе, але безвынікова: суд не задаволіў скаргу, і пакінуў у сіле рашэнне гарвыканкаму.
Старшыня абласной арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка звярнуў увагу, што на першым паседжанні ён выказаў недавер суддзі Марыне Дамненка, бо яна неаднаразова выносіла рашэнні па канфліктных справах з гарвыканкамам. І ўсе разы гэтыя рашэнні былі прынятыя на карысць выканкаму. «Я патлумачыў у судзе, што я ўжо загадзя ведаю рашэнне, таму што аналагічныя пастановы ўжо прымаюцца на працягу дзесяці гадоў. Нагадаю, што апошні дазволены мітынг прайшоў у Гомелі ў 2004 годзе, хутка будзем святкаваць дзесяцігоддзе. Гарвыканкам у суд не з'яўляецца, ці гэта непавага да суду, ці нежаданне адказваць на нашы пытанні. Ад гарвыканкаму мы не атрымлівае адказ – як можна правесці масавае мерапрыемства ў Гомелі», - патлумачыў Уладзімір Сякерка.
Каб правесці мітынг ці пікет, трэба мець дазвол ад гарвыканкаму. А каб атрымаць дазвол, трэба папярэдне заключыць платныя дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і «хуткай дапамогай». Міліцыя і «хуткая», у сваю чаргу, адмаўляюцца заключаць дамовы на той падставе, што няма дазволу з гарвыканкаму. Як выйсці з замкнёнага кола – гарвыканкам адказу не дае. На зварот «левых» улады адказалі няўцямна, проста пераслаўшы рашэнне аб масавых мерапрыемствах.
«Дарэчы, камунальныя службы заключылі з намі дамову перад мітынгам. Гэта дысцыплінаванае прадпрыемства. Але міліцыя і «хуткая» адмовілася заключаць дамовы», - заўважыў палітык.
Ён упэўнены, што адмовы гарвыканкама на правядзенне пікетаў парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян, і будзе абскарджваць пастанову суда ў вышэйстаячых інстанцыях, а затым – у Камітэце па правах чалавека ААН.