Магілёў: Алег Аксёнаў скардзіцца на дзейнасць КДБ у суд
Алег Аксёнаў падаў скаргу на незаконную дзейнасць упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Праз суд актывіст аркамітэта партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя хоча адмяніць вынесенае яму папярэджанне КДБ, а таксама прызнаць незаконнай і неабгрунтаванай праведзенную з ім супрацоўнікам спецслужбы прафілактычную размову.
Таксама Алег Аксёнаў хоча абавязаць начальніка УКДБ па Магілёўскай вобласці прынесці яму пісьмовыя прабачэнні, а супрацоўніка УКДБ Махунова -- вусныя за іх незаконныя дзеянні.
Нагадаем, 29 красавіка супрацоўнік КДБ Махуноў выклікаў па позве ў будынак КДБ Алега Аксёнава для прафілактычнай размовы. Падчас “размовы” Махуноў паведаміў, што актывісту вынесена папярэджанне нібыта за дзейнасць ад імя незарэгістраванай партыі – аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, а таксама за ўдзел у дзейнасці двух незарэгістраваных у вызначыным парадку арганізацый – грамадзянскай кампаніі “За справядлівыя выбары-2012” і Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл.
У якасці доказаў супрацоўнік КДБ Махуноў прадаставіў раздрукоўкі з незалежных сайтаў, дзе ўзгадвалася імя і прозвішча актывіста.
На прафілактычным уліку КДБ Алег Аксёнаў знаходзіцца ўжо болей за год. У Магілёве на такім уліку стаяць таксама актывістка БХД Тацяна Шамбалава і лідар Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.